З’явіўся праект па вяртанні беларускай культурнай спадчыны Maldzis

Maldzis скіраваны на вяртанне культурных каштоўнасцяў Беларусі, вызначэнне «беларускіх мясцін» у свеце, а таксама наадварот — фактам замежнай прысутнасці ў гісторыі Беларусі.


Maldzis галоўная

«Maldzis бачыць сваю місію ў аб’яднанні беларусаў вакол культурнай спадчыны і ўмацаванні вобраза Беларусі як еўрапейскай краіны. Мы лічым, што гэта найлепшы падмурак для пабудовы кансалідаванага грамадства з моцнай ідэнтычнасцю. Ініцыятыва атрымала назву ў гонар дзеяча культуры і навукоўца Адама Мальдзіса, які шукаў і вяртаў з забыцця страчаныя каштоўнасці і імёны Беларусі. Maldzis працягвае гэтую справу», — пішуць аўтары новага праекту.

Адам МальдзісАдам Мальдзіс. Фота: planetabelarus.by


Хто стварае Maldzis?

Кіраўніком праекту выступае Павел Мацукевіч, былы дыпламат, аналітык «Цэнтра новых ідэй».

Апякуном — Рыгор Астапеня, палітолаг, стваральнік і кіраўнік «Цэнтра новых ідэй».

«Праект быў задуманы каля года таму разам з Рыгорам Астапенем, фактычна рэалізуецца намі ўвесь гэты час непублічна і вось цяпер выходзіць на людзі», — напісаў у сваім тэлеграм-канале Павел Мацукевіч.

Што робіць Maldzis?

Папулярызацыя спадчыны

Каманда стварае карту і гайды з інфармацыяй пра беларускія імёны і славутасці ў замежных краінах, а таксама са звесткамі аб заслужаных іншаземцах у Беларусі. Ужо ёсць медыйныя прадукты пра выбітныя беларускія постаці і старадаўнія скарбы. Прэзентацыі і лекцыі.

Ушанаванне герояў і падзей

Усталёўваем помнікі і шыльды ў гонар выбітных беларусаў і беларусак за мяжой, робім тэматычныя выставы і мерапрыемствы. Называем беларускім усё, што мае беларускія карані. Шукаем і набываем нацыянальныя культурна-гістарычныя каштоўнасці за мяжой для перадачы ў музеі Беларусі.

Прасоўванне культурнай дыпламатыі

Падтрымліваем ідэі і праекты ў галіне культурнай дыпламатыі з фокусам на культурнай спадчыне. Прасоўваем яе як сродак міжнароднага паразумення і паглыблення адносін.

Пакуль на сайце размешчаныя два гайды: «Сцежкамі ВКЛ у Вільні: якія месцы важныя для беларускай гісторыі», а таксама артыкул пра беларускія мясціны ў Швейцарыі.

Ян Завіша

У рубрыцы «Вяртанне культурных каштоўнасцяў» пазначаныя арыгінальны ліст і кніга вядомага швейцарскага філосафа і гісторыка літаратуры Роберта Зайчыка; справаздача аб кангрэсе па першабытнай антрапалогіі і археалогіі ў Бруселі ў 1872-ім годзе, складзеная вядомым археолагам, этнографам і фундатарам, бацькам Магдалены Радзівіл — графам Янам Завішам; артыкул з варшаўскага часопіса «Tygodnik Ilustrowany» за чэрвень 1872-га года з выявай пахавальні роду Манюшак на могілках у Радкоўшчыне. Усе набыткі ў будучым плануецца перадаць у адпаведныя музеі ў Беларусі.

Budzma.org


Чытайце яшчэ:

Як Адам Мальдзіс выратаваў архіў Ларысы Геніюш