Упершыню па-беларуску выйдзе сусветны бестселер «Партрэт Дорыяна Грэя». Каб выданне ажыццявілася, патрэбная падтрымка чытачоў

Выдавецтва Skaryna Press рыхтуе да выдання пераклад рамана «Партрэт Дорыяна Грэя» Оскара Уайльда. Па-беларуску гэты класічны тэкст яшчэ ніколі не выходзіў. Пераклад зроблены паводле безцэнзурнай версіі, якая па-ангельску была апублікавана толькі ў 2011 годзе.

doriangray_6.jpg
Постэр фільма "Партрэт Дорыяна Грэя". Ілюстрацыя з Вікіпедыі

Каб ажыццявіць выданне, выдавецтву патрэбная дапамога — 1,500 еўра на выдаткі, звязаныя з падрыхтоўкай кнігі.

«Мы скончылі рэдагаваць беларускі пераклад славутага (і адзінага) раману Оскара Уайльда «Партрэт Дорыяна Грэя». Засталося зусім крыху, каб аддаць кнігу ў друк. Спадзяёмся зрабіць гэта яшчэ ў траўні. Цяпер — добры час падтрымаць выданьне гэтае пэрлінкі!», — напісана ў сацсетках выдавецтва.

Кніга выйдзе ў пачатку лета.

Падтрымаць выдавецтва можна па спасылцы.

Усе ахвярадаўцы атрымаюць электронную версію кнігі, а пры падтрымцы звыш £20 (прыблізна 24 еўра ці 27 амэрыканскіх даляраў) — і друкаваную. Імёны дабрадзеяў — з іх згоды — выдавецтва надрукуе ў кнізе.