Пісьменнік і журналіст Севярын Квяткоўскі быў затрыманы ўчора, 19 студзеня. Як стала вядома, яго затрымалі за рэпост роліка, «у загалоўку якога была абраза супрацоўніка брэсцкай міліцыі».
Пра гэта Севярын Квяткоўскі распавёў на «пакаяльным відэа», якое распаўсюджваюць праўладныя тг-каналы.
У роліку паказалі таксама момант затрымання пісьменніка. Сілавікі са зброяй у руках выбілі дзверы ў яго кватэру.
***
Севярын Квяткоўскі - аўтар кніг «Фрашкі да пляшкі» (2007), «Падарунак для Адэлі» (2012). Таксама аўтар ідэі і сааўтар аўдыёкнігі «Народныя фрашкі. Супольны альбом» (2009), праекта і кнігі «Як стаць беларусам» (2014), сатырычнага рамана-комікса «Каларадская пушча» (2019).
Ён працаваў журналістам на «Радыё 101,2» (1995–1996), у газетах «Имя» (1995–1996) і Наша Ніва (1996–1999), у беларускай рэдакцыі «Польскага радыё» (1997–1998), на «Радыё Рацыя» (1999–2002) і Радыё «Свабода» (2002–2008). Быў рэдактарам сайта ГКК «Будзьма беларусамі!» (2008–2012). З 2012-га быў публіцыстам Радыё «Свабода».