Многія не ведаюць, але Marks & Spencer — знакаміты і адзін з найбуйнейшых рэтэйлераў свету — заснаваў эмігрант з Беларусі Міхал Маркс, пра якога мы раскажам у новым матэрыяле «Будзьма!»
Рынкавы вынаходнік і маркетолаг
У біяграфіі Міхала Маркса, выбітнага бізнесоўца не толькі Брытаніі, але і свету, вядомага ў Брытаніі як Майкл Маркс, — шмат невядомых ці недакладных топікаў. Вядома, што ён нарадзіўся ў беларускім горадзе Слонім, але дакладна не вядома, калі, звычайна адзначаюць 1859 год. Ён паходзіў з сям’і літвакоў: тэрытарыяльна-лінгвістычнай падгрупы габрэяў. У 70-х ці 80-х гадах (па розных версіях) Майкл эміграваў у Брытанію, але невядома ці апынуўся ён там мэтанакіравана або яго падманулі ды высадзілі з судна, якое накіроўвалася ў Амерыку, як гэта нярэдка здаралася з габрэйскімі эмігрантамі.
У новай краіне ён перш накіраваўся ў горад Лідс, дзе ўладкаваўся на працу ў кампанію Brran, якая акурат наймала габрэйскіх эмігрантаў. Затым падпісаў дамову з Ісакам Дэўгірстам — уладальнікам склада-крамы — на продаж ягонай прадукцыі ў навакольных вёсках. Калі Майкл здолеў назапасіць грошай, то ўвогуле адкрыў уласную лаўку на Kirkgate Market — крытым кірмашы горада Лідс, які сёння з’яўляецца найбуйнейшым крытым рынкам у Еўропе.
Як кажуць сведчанні, Майкл вельмі дрэнна валодаў англійскай мовай, але здолеў гэта кампенсаваць кемлівасцю, добрым маркетынгам ды рознага кшталту вынаходніцтвамі. Так, сваю краму ён назваў “Пенсавы кірмаш Маркса”, адпаведна, уся прадукцыя там каштавала адзін пенс, пра што сведчыла шыльда “Не пытай пра цану, любы тавар каштуе адзін пенс”. Такі крок дапамагаў не толькі пазбегнуць лішніх размоваў па-англійску, але і прывабіць кліентаў. Акрамя таго, у адрозненне ад іншых, Маркс выкладваў увесь, у тым ліку найлепшы, асартымент. У тыя часы было прынята гандляваць адным кірункам асартыменту, а Маркс ператварыў сваю лаўку ва ўніверсальную краму і прапаноўваў пакупнікам усё неабходнае ім.
Адна з першых крамаў Marks&Spencer
Marks знаходзіць свайго Spencer’a
Стратэгія аказалася паспяховай, і паступова Майкл Маркс адкрыў яшчэ некалькі лавак у іншых месцах. Але каб пашырыць бізнэс, яму патрабаваліся партнёры, таму ён звярнуўся да вышэйзгаданага Ісака Дэўгірстама. Той адмовіўся, але прапанаваў свайго касіра Томаса Спэнсэра, які інвеставаў у бізнес уласныя 300 фунтаў. У новай справе паміж партнёрамі быў узаемавыгадны падзел. Маркс займаўся продажам, а Спэнсэр — офісам і складам. Акрамя таго, дзякуючы яго кантактам кампанія атрымлівала прадукцыю па значна меншай цане, чым канкурэнты. Паступова кампанія вырасла, перайшла ад лавак да крамаў у мностве гарадоў, сярод якіх — Ліверпуль, Манчэстэр, Брысталь і Лондан. Пазней Спэнсэр забраў сваю долю, якая вырасла з 300 да 15 000 фунтаў, а Маркс застаўся адзіным уладальнікам кампаніі.
Кніга рэкордаў Гінеса і першы прэзідэнт Ізраіля
Пасля смерці Маркса бізнес, які налічваў 60 крамаў Marks & Spencer, узначаліў ягоны сын Сайман. Ён узяўся са справу ў 19 гадоў і кіраваў ёю цягам 50-ці. Сайман стварыў і назваў у гонар бацькі брэнд “St. Michael”, а таксама ў брытанскім інстытуце паставіў яму помнік. У 1930 годзе ён адкрыў фірменную краму ў цэнтры Лондана — універмаг Marble Arch, які, дарэчы, трапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса як крама з найбольшай выручкай на адзінку гандлёвай плошчы. Варта таксама адзначыць, што ён адным з першых пачаў ствараць у сваіх крамах сістэму самаабслугоўвання.
Сайман Маркс з Давідам Бэн-Гурыонам
Асоба Саймана Маркса гэтаксама вельмі цікавая. Ён атрымаў тытул барона Бротанскага і стаў пэрам каралеўства. Быў знаёмы з Хаімам Вайцманам — першым прэзідэнтам Ізраіля — і сябраваў з Давідам Бэн-Гурыёнам, першым прэм’ер-міністрам Ізраіля.
На сёння Marks & Spencer — адзін з найбуйнейшых рэтэйлераў свету, найбуйнейшы вытворца вопраткі ў Брытаніі, які налічвае каля 1300 крамаў па ўсім свеце, мае абарот каля 10 мільярдаў фунтаў і 75 000 супрацоўнікаў.
Кірыл Стаселька, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!