Уладзімір Някрасаў, лідар гурта «Батьківський комітет», выдаў новую песню «Вуліца Жызнеўскага» на беларускай і украінскай мовах. Праца над песняй пачыналася разам з асноўным складам гурта, але праз вайну была завершаная з пабрацімамі Уладзіміра па службе ў ЗСУ. Тэкст, засяроджаны на памяці, на абедзвюх мовах напісаў паэт Алесь Плотка, чатыры апошнія радкі, погляд у будучыню, дадаў сам Уладзімір.
Уладзімір Някрасаў — прафесійны музыка па адукацыі і па прафесіі. Бацька трох дзяцей, зараз служыць у ЗСУ у Асобнай Прэзідэнцкай брыгадзе імя Багдана Хмяльніцкага ў званні малодшага сержанта.
Каментуе выканаўца, — «Для мяне гэта песня пра Беларусь і Украіну будучыні, пра краіны, якія аб’ядноўвае агульная барацьба за свабоду і любоў да роднага краю. Я пэўны, што перамога Украіны ў гэтай вайне гэта вялікі камень у падмурак свабоды і незалежнасці дэмакратычнай Беларусі. Шчыра веру ў саюз краінаў Міжмор’я — Украіны, Беларусі, Польшчы і Літвы, лічу, што беларусы — самая блізкая украінцам нацыя па мове, культуры і барацьбе супраць маскоўскага панавання».
У відэашэраг да песні выканаўцы размясцілі памятную дошку загінулым беларусам, якая знаходзіцца на вуліцы Беларускай у Кіеве. На бягучы момант яна завешаная тканінай праз контраверсійныя стасункі паміж нацыямі і зразумелае сацыяльнае напружанне. Міхаіл Жызнеўскі — гамяльчанін, герой Украіны, адна з першых ахвяраў майдану, разам з армянінам Сяргеем Нігаянам. Песня яго памяці стваралася вясной-летам, а паралельна з гэтым у чэрвені 2022-га году у горадзе Наваград-Валынскі з’явілася вуліца, названая ягоным імём.
Паводле прэс-рэлізу.