Журналістаў за кратамі найбольш у гісторыі; Беларусь на пятым месцы ў сьвеце, — CPJ

Базаваны ў Нью-Ёрку Камітэт у абарону журналістаў (CPJ) апублікаваў даклад, у якім адзначаецца, што колькасьць журналістаў за кратамі сёлета дасягнула гістарычнага максымуму.


1111.jpg

«Выкарыстоўваючы новыя законы аб тэхналёгіях і бясьпецы, рэпрэсіўныя рэжымы ад Азіі да Эўропы і Афрыкі жорстка абрынуліся на незалежную прэсу», — гаворыцца ў дакладзе.

Паводле CPJ, па стане на 1 сьнежня за 2021 год у сьвеце 19 журналістаў былі забітыя за сваю працу, а 293 журналісты знаходзяцца за кратамі. Лічба зьняволеных большая, чым у любы з папярэдніх гадоў, калі арганізацыя вяла свае падлікі.

Найбольш зьняволеных журналістаў у Кітаі — 50. У Беларусі, паводле CPJ, цяпер зьняволеныя 19 журналістаў — акрамя Кітаю, іх больш толькі ў М’янме, Эгіпце і Віетнаме.

У дакладзе адзначаецца, што CPJ уключыла ў яго толькі тых журналістаў, у выпадку якіх пацьверджана, што іх зьняволілі ў сувязі з працай. Беларуская асацыяцыя журналістаў называе 30 зьняволеных у Беларусі журналістаў.