Публічная лекцыя Сяргея Сахарава: што адбываецца з медыя сёння і чым гэта адгукнецца заўтра?

20.05.2016 18:30 - 20:00 Крэатыўная прастора "Цэх" (вул. Кастрычніцкая, 16) Уваход вольны

У 1939 годзе, каментуючы дэманстрацыю тэлебачання на сусветнай выставе, адзін з аглядальнікаў “Нью-Ёрк Таймс” пісаў: “Праблема тэлебачання ў тым, што людзі павінны сядзець і трымаць свае вочы прылепленымі да экрана; сярэдняя амерыканская сям’я не мае на гэта столькі вольнага часу”. Калі зараджалася тэлебачанне, многія прагнозы будучыні гэтага феномену гучалі скептычна – здавалася, што яму няма месца ў тым ладзе жыцця, які ўсталяваўся ў звычайнага чалавека. Аднак сталася наадварот – гэты кірунак масмедыя так моцна паўплываў на людзей, што гэта чалавек з цягам часу пачаў выбудоўваць свой распарадак дня ў адпаведнасці з праграмай перадач улюбёных тэлеканалаў.

Вы скажаце, што Вас гэта не датычыць, бо вы ўжо даўно не аматар тэлебачання? Але ж са з’яўленнем Інтэрнэту і перамяшчэннем масмедыя ў прастору глабальнай сеткі гэты працэс ўплыву на чалавека, яго свядомасць, сістэму каштоўнасцяў, матывацыю дзеянняў стаў яшчэ больш адчувальным. Сёння цалкам відавочна, што медыясфера – гэта не толькі крыніца інфармавання, трансляцыі культурных мадэляў, гэта важны фактар фармавання чалавека.

Дзе апынуліся медыя сёння? Чаму вакол так шмат “жаўцізны”? Што не так з беларускім медыярынкам? Як праз некалькі гадоў медыя могуць змяніць жыццё звычайнага беларуса ў долі секунды?

Разважаючы пра будучыню Беларусі, нельга абмінуць аналіз трэндаў, тэндэнцый і кірункаў развіцця сучаснай журналістыкі, узаемаадносін СМІ і сучаснага грамадства.

20 траўня 2016 г. Лятучы ўніверсітэт і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі ў межах цыкла “Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні” запрашаюць на адкрытую лекцыю Сяргея Сахарава, галоўнага рэдактара інтэрнэт-часопіса пра Мінск CityDog.by. Разважаючы пра сучасныя медыя, мы пагаворым таксама пра пазіцыянаванне інтэрнэт-выданняў, перспектывах стварэння “машыны часу” і пра тое, як гэта паўплывае на сродкі масавай інфармацыі.

Лекцыя “Плюс-мінус дваццаць гадоў: што адбываецца з медыя сёння і чым гэта адгукнецца заўтра?” будзе праходзіць у крэатыўнай прасторы “ЦЭХ” (вул. Кастрычніцкая, 16), пачатак а 18.30. Уваход вольны!

Відэазапісы папярэдніх лекцый і анонсы наступных падзей шукайце на нашым сайце: http://fly-uni.org/


Вам можа быць цікава

Фотавыстава Іллі Савянкова «Шлях Нёмана» ў Гомелі

24.04.2025 17:00 - 22.05.2025 18:00 Музей гісторыі друку і фатаграфіі Гомельшчыны (вул. Камунараў, 7)

Выстава «Постскрыптум» у Мінску

16.05.2025 18:00 - 01.06.2025 20:00 Палац мастацтваў (вул. Казлова, 3)

Георгій Дабро ў Вільні

30.05.2025 (19:30 - 21:00) CreateCulture Space (Karmelitų gatvė 5)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ