Відэа на песню «Белая пена», напісаную на верш Максіма Знака, прэзентавалі гурт «J:МОРС» і «Вольныя купалаўцы». «Гэта песня пра веру, стойкасць і ўнутраную свабоду. Пра рэчы не прыдуманыя, а пражытыя і даказаныя лёсам», — так анансаваў песню лідар гурта «J:МОРС» Уладзімір Пугач.

Песня анансуе супольны альбом «Зэкамерон. Песні да спектакля», рэліз якога адбудзецца 21 траўня.
«Калі мы з @kupalaucy працавалі над спектаклем, цяжка было ўявіць, што калісьці праспяваем гэтыя песні самому аўтару. Але ў снежні 2025 годза Максім прыйшоў на спектакль у Варшаве — акурат пасля вызвалення.
З таго дня працягваем бачыцца час ад часу.
І вось што мяне не перастае здзіўляць: пасля амаль шасці гадоў зняволення, інкамунікада, пакутаў і стратаў перад табой стаіць чалавек са святлом у вачах, з бліскучым пачуццём гумару, з лёгкім, вытанчаным стаўленнем да свету, жывой цікавасцю да ўсяго навокал, прагай ісці далей, працаваць і ствараць... І за ўсёй гэтай лёгкасцю праглядвае жалезная, непахісная воля.
Відаць, цяпер такі час, калі супергероі з коміксаў, ісландскіх саг, эпасаў і казак праяўляюцца сярод нас. Без пафасу, без трэйлераў і анонсаў. Проста аднойчы заходзяць да цябе ў грымёрку — у сінім паліто і з жыццярадаснай усмешкай...
Вось пра што для мяне гэтая песня», — напісаў Уладзімір Пугач на сваёй старонцы ў Фэйсбук.
Ідэя відэа - Вольга Бартлава.Хочаш скаваць ланцугамі, хочаш забіць нас, застрэліць Белая пена на хвалях белую пену заменіць