Што шукала нямецкая разведка ў небе над Беларуссю?

Часам гісторыя вяртаецца да нас не праз летапісы, а праз геаметрыю чорна-белых фотаздымкаў. Летась у вольным доступе пачалі з’яўляцца новыя лічбавыя копіі ўнікальных нямецкіх аэрафотаздымкаў тэрыторыі Беларусі часоў Другой сусветнай. Дагэтуль існаванне гэтых кадраў у такой якасці і аб’ёме здавалася ледзьве не міфам. А сёння — кожны можа зірнуць на тое, як выглядалі беларускія населеныя пункты больш за 80 гадоў таму. Пра тое, як паглядзець свой горад ці вёску праз аб’ектыў нямецкай разведкі часоў Другой сусветнай, расказвае Мікалай Заяц.

З нямецкіх самалётаў — у Нацыянальны архіў ЗША

Niamiecki samaliot-razviedčyk Junkers Ju.188D/F časoŭ Druhoj susvietnaj vajny
Нямецкі самалёт-разведчык Junkers Ju.188D/F часоў Другой сусветнай вайны. Крыніца: https://war-book.ru/junkers-ju-188-bombardirovshhik/#photos-1

Падчас Другой сусветнай вайны нямецкія разведвальныя самалёты перыядычна кружылі над беларускімі вёскамі і гарадамі. Камера метадычна фіксавала кіламетры зямлі, захопліваючы ў аб’ектыў сотні, калі не тысячы, населеных пунктаў. Пілотаў і аналітыкаў Люфтвафэ не цікавіла архітэктура, яны шукалі сляды вайны: канцэнтрацыю савецкіх танкавых армій, замаскіраваныя пазіцыі артылерыі, рух калон пяхоты, стан мастоў і лагістычных вузлоў. І разам з тым яны зафіксавалі краявіды беларускіх земляў 1940-х гадоў.

Пасля заканчэння вайны гіганцкі архіў аэрафотаздымкаў Люфтвафэ трапіў у рукі саюзнікаў. Для заходняй разведкі на пачатку халоднай вайны гэтыя мільёны кадраў сталі сапраўдным скарбам: яны пакрывалі велізарныя тэрыторыі СССР, неба над якімі пачынала закрывацца. Здымкі вывезлі ў ЗША, каталагізавалі і доўгія дзесяцігоддзі яны ляжалі ў тэчках ЦРУ і ваеннай разведкі пад грыфам «Confidential».

Толькі з часам, калі гэтыя даныя канчаткова страцілі ваенную актуальнасць і перайшлі ў разрад гістарычных артэфактаў — іх пачалі рассакрэчваць. Цяпер гэтая спадчына даступная даследчыкам. Як рабіліся здымкі? Што на іх можна пабачыць? І дзе іх знайсці? Каб адчуць гістарычную шчыльнасць гэтых дакументаў, прапануем звузіць ракурс — і пабачыць, якія пейзажы рабіліся аб’ектам ваеннай аналітыкі.

Што хаваецца за надпісамі?

Калі прыгледзецца да тэхнічных надпісаў на палях здымкаў, можна расшыфраваць абставіны гэтых палётаў. Акрамя візіру, компаснай розы альбо цыферблата з пазнакай даты і часу, на здымках адзначаныя тэхнічныя характарыстыкі аб’ектыва камеры (напрыклад, f-200,72 — фокусная адлегласць).

Zdymak vioski Tabulki na Paliessi
Здымак вёскі Табулкі на Палессі. Крыніца: Нацыянальны архіў ЗША

А вось надпісы накшталт Tu-GX misc. 339 926/44SK — гэта ўжо «аўтограф» амерыканскіх спецыялістаў. Камбінацыю GX (таксама сустракаецца TUGX ці DTGX) выкарыстоўвалі для каталагізацыі трафейнага архіва Люфтвафэ. Абрэвіятура SK у канцы кода — гэта архіўная пазнака становішча камеры (ад нямецкага Senkrecht — вертыкальны здымак).

Каб зразумець, як менавіта гэтыя тэхнічныя дэталі дапамагаюць чытаць гісторыю, давайце звернемся да вышэйпрыведзенага здымка. На ім — вёска Табулкі на Піншчыне, а зафіксаваная дата — 5 мая 1944 года. Менавіта яна з’яўляецца ключом да разумення кантэксту. Да пачатку аперацыі «Баграціён» (23 чэрвеня) застаецца крыху больш за месяц. Нямецкае камандаванне знаходзіцца ў трывожным чаканні: яны разумеюць, што маштабны ўдар непазбежны, але спрабуюць зразумець: адкуль? Нямецкі самалёт-разведчык ішоў на вялікай вышыні, каб пазбегнуць зенітнага агню. Любая анамалія на здымку магла выдаць кірунак будучага ўдару Чырвонай Арміі.

Аблічча беларускіх гарадоў

Пакуль пілоты шукалі вайсковыя аб’екты, нямецкія камеры фіксавалі геаграфічную і гістарычную рэальнасць Беларусі тых часоў. Калі мы адкінем ваенны кантэкст і паглядзім на гэтыя здымкі як на краязнаўчы дакумент, перад намі паўстануць гарады, якія прайшлі праз змены часу. Праз іх, у тым ліку, можна даследаваць і страчаную спадчыну беларускіх гарадоў.

Напрыклад, давайце дэталёва зірнем на фрагмент здымка цэнтра Мінска.

Rajon staličnaha Doma ŭrada na niamieckich aerafotazdymkach 15 maja 1943 hoda Раён сталічнага Дома ўрада на нямецкіх аэрафотаздымках 15 мая 1943 года. Крыніца: Нацыянальны архіў ЗША

Minsk
Мінск сёння. Крыніца: Google-мапы

Галоўная архітэктурная дамінанта, якая адразу кідаецца ў вочы нават з вялікай вышыні — масіўны гмах Дома ўрада. Яго характэрная форма дазваляе імгненна суаднесці стары фотаздымак з сучаснай картай. Здаецца, ён застаўся нязменным. Але варта перавесці позірк на ваколіцы, як становіцца зразумела: перад намі шмат у чым іншы горад. Прастора перад Домам урада — сённяшняя плошча Незалежнасці — мае зусім іншую геаметрыю і маштаб. Галоўнае адрозненне хаваецца ў самой гарадской тканіне: старая сетка вуліц і кварталаў шчыльна аблягае ўрадавы будынак. Большая частка гэтай гістарычнай забудовы назаўжды знікне падчас паваеннай рэканструкцыі Мінска, калі на яе месцы будуць пракладзены шырокія магістралі і створаны зусім іншы архітэктурны ансамбль.

Выпадковы летапіс вясковага жыцця

Vioska Parečča na Pinščynie
Вёска Парэчча на Піншчыне. Крыніца: Нацыянальны архіў ЗША

Здымкі беларускіх вёсак дэманструюць мадэль тагачаснага ўкладу жыцця. На здымках відаць, як светлыя кропкі стрэх выстройваюцца ў класічную лінейную забудову ўздоўж дарог. Многія вёскі тады былі меншымі, але жыццё актыўна віравала па-за іх межамі — на хутарах. Многія з іх пасля вайны, падчас калектывізацыі, узбуйнення паселішчаў і электрыфікацыі, будуць сцёртыя з мапаў і зраўняныя з зямлёй. Таксама на здымках бачна, як зямля вакол вёсак нарэзаная на вузкія, як стужкі, прамавугольныя палоскі. Гэта традыцыйная сістэма землекарыстання. Светлыя палосы — ужо ўзараныя надзелы, цёмныя — пасевы або папар. Гэты геаметрычны ўзор — жывы адбітак сялянскай працы і ўласнасці, які неўзабаве паўнавартасна заменіць калгасная сістэма.

Zmianiennie raki Jasieĺdy
Zmianiennie raki JasieĺdyZmianiennie raki Jasieĺdy
Змяненне ракі Ясельды

Разглядаючы панарамы, можна заўважыць дэталі ў аспекце экалогіі і геаграфіі. Напрыклад, калі параўнаць плынь ракі Ясельды на нямецкіх здымках 1944 года з сучаснымі спадарожнікавымі картамі, відаць, наколькі моцна змянілася водная артэрыя рэгіёна.

Як знайсці свой горад ці вёску?

Рассакрэчаныя архівы — гэта цікавы інструмент для кожнага, хто цікавіцца гісторыяй свайго роднага краю. На платформе GitHub энтузіяст пад нікам shappoff стварыў зручную інтэрактыўную карту. З яе дапамогай можна прасачыць маршруты нямецкіх самалётаў-разведчыкаў над тэрыторыяй Беларусі і паглядзець, якія менавіта здымкі былі зробленыя ў вашых ваколіцах. Знайсці свой населены пункт можна па гэтай спасылцы.