Варшава памятае Тадэвуша Касцюшку і як маладога кадэта, і як кіраўніка паўстання 1794 года. Прапануем шпацыр па мясцінах «сына вольнасці», якія будуць цікавыя беларусам.

Варшаўскі замак з гары
За сваю гісторыю Варшаўскі замак шмат разоў перабудоўваўся, а з утварэннем Рэчы Паспалітай стаў галоўным месцам правядзення Соймаў. Свой сучасны выгляд замак набыў акурат пасля пераносу ў Варшаву каралеўскага двара. Ініцыятарам гэтага быў Жыгімонт ІІІ Ваза.
Менавіта ў гэтым замку 3 траўня 1791 г. была прынята першая еўрапейская Канстытуцыя.

Варшаўскі замак, вежа Жыгімонта
Гісторыя замка заўсёды была шчыльна звязана з Вялікім Княствам Літоўскім. Так, адным з князёў, які меў тут сваю рэзідэнцыю ў першай палове XIV ст., быў Тройдзень І. Яго маці — Гаўдэмунда Соф’я, дачка вялікага князя літоўскага Тройдзеня. Шлюб бацькоў Тройдзеня І — ягоным бацькам быў мазавецкі князь Баляслаў II — лічыцца першым літоўска-польскім дынастычным шлюбам.

Замкавы двор
Менавіта ў каралеўскім замку спачывае сэрца нашага славутага паўстанца і змагара за незалежнасць ЗША. Апошнія гады жыцця ён правёў у Швейцарыі, працуючы рэпетытарам у мясцовай заможнай сям’і. Сэрца ён тастаментам перадаваў сваёй навучэнцы, Эміліі Зэльтнер, да якой меў рамантычныя пачуцці. У тастаменце была сімвалічная ўмова вяртання яго на Радзіму, калі тая будзе свабоднай. У 1927 г. ганаровая варта даставіла сэрца героя ў адмысловым саркафагу ў капліцу Каралеўскага замка ў Варшаве.

Дастаўка забальзамаванага сэрца Тадэвуша Касцюшкі ганаровай вартай у Варшаўскі замак, 1927 г. Фота: dzeje.pl
Дзякуючы варшаўскім паўстанцам сэрца Касцюшкі было выратаванае падчас баёў 1944 г., захоўвалася ў сутарэннях катэдры Святога Яна, а ў 1984 годзе вярнулася ў адноўлены замак.

Саркафаг з сэрцам у замкавай капліцы
Помнік славутаму ўраджэнцу Берасцейшчыны быў усталяваны перад палацам Любамірскіх на Саксонскай восі ў Варшаве. Заснавальнікамі былі банк Citi Handlowy і мэрыя Варшавы. Адліўка помніка выканана ў Глівіцах.
Адкрыццё помніка адбылося 16 лістапада 2010 г. Гэта копія помніка Тадэвушу Касцюшку ў Вашынгтоне.

Помнік Касцюшку ў Вашынгтоне. Фота: polonika.pl
Помнік у Вашынгтоне быў адкрыты 9 траўня 1910 года. Яго аўтар — скульптар Антоні Попель. Копію помніка Попеля зрабілі кракаўскія скульптары Ганна і Войцех Сяковы.

Помнік Касцюшку ў Варшаве
Фігура Тадэвуша Касцюшкі прадстаўлена ў мундуры амерыканскага генерала з планам умацаванняў Вэст-Пойнт у руцэ. На правым баку пастамента фігура касінера сімвалізуе Рацлавіцкую бітву, злева — постаці польскага добраахвотніка і амерыканскага жаўнера сімвалізуюць бітву пад Саратогай.
Палац у Крулікарні (Krulikarnia) — гэта адна з найпрыгажэйшых і гістарычна значных класіцыстычных рэзідэнцый Варшавы. Сваю назву палац атрымаў ад месца, дзе ў часы караля Аўгуста II Моцнага знаходзіўся гадавальнік трусоў (królikarnia), на якіх палявала шляхта.

Палац Крулікарня
Палац быў узведзены ў 1782–1786 гадах для графа-авантурыста Аляксандра Тамаціса, кіраўніка варшаўскіх тэатраў і набліжанай да караля асобы. Праект стварыў італьянец Даменік Мерліні, прыдворны архітэктар караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (аўтар Палаца на вадзе ў Лазенках).

Выгляд на ратонду палаца знутры
Палац адлюстроўвае элегантны класіцызм: Мерліні натхняўся знакамітай вілай La Rotonda Андрэа Паладыа. Палац стаіць на высокім схіле (г. зв. Варшаўскі адхон), адкуль адкрываецца цудоўны краявід на нізінную частку горада.

Франтон з калонамі, які адсылае да антычных рымскіх храмаў
Падчас паўстання 1794 года палац перастаў быў месцам адпачынку і ператварыўся ў стратэгічны вайсковы аб’ект. Менавіта ў Крулікарні ў ліпені 1794 года размясціў сваю галоўную кватэру (штаб) Тадэвуш Касцюшка. Адсюль ён кіраваў абаронай Варшавы супраць аб’яднаных сіл Прусіі і Расіі. Выбар быў спынены на палацы невыпадкова.
Дзякуючы свайму размяшчэнню на высокім Варшаўскім адхоне палац служыў выдатным назіральным пунктам, з якога добра праглядаліся паўднёвыя подступы да горада. Тут Касцюшка прымаў рапарты, распрацоўваў планы фартыфікацыі і сустракаўся з іншымі камандзірамі паўстання.
У адноўленым пасля вайны палацы цяпер размяшчаецца сядзіба музея скульптуры імя Ксаверыя Дунікоўскага.
Колішні Казіміраўскі палац атрымаў сваю назву ад імя караля Яна Казіміра Вазы, гэта была ягоная рэзідэнцыя. Цяпер тут месціцца рэктарат Варшаўскага ўніверсітэта.

Казіміраўскі палац у Варшаве, сучасны рэктарат Варшаўскага ўніверсітэта
У часы Станіслава Панятоўскага ў палацы была створана Рыцарская кадэцкая школа, якая ўтрымлівалася за кошт дзяржавы. Задачай Школы была падрыхтоўка моладзі да вайсковай службы і грамадскіх задач. Ідэя стварэння, як казаў граф Чартарыйскі — «выхаванне грамадства праз выхаванне асобы», якое адбывалася ў працэсе адукацыі моладзі і прывіцця ёй шырокіх агульных ведаў. Гэта быў у пэўнай ступені эквівалент прускіх рыцарскіх школ, заснаваных Фрыдрыхам II.
Тадэвуш Касцюшка быў сярод першых вучняў гэтай установы і вылучаўся надзвычайнай працавітасцю. За сваю звычку прачынацца а 4-й гадзіне раніцы, каб вучыцца, ён атрымаў мянушку «Швед» (у гонар Карла XII, які славіўся сваёй суровай самадысцыплінай). Касцюшка вывучаў тут тактыку, артылерыю, балістыку. Менавіта тут ён атрымаў веды па фартыфікацыі, якія пазней прынеслі яму славу ў ЗША (Саратога, Вэст-Пойнт).
Апроч вышэйзгаданых дысцыплін, тут Тадэвуш Касцюшка вывучаў гуманітарныя прадметы: гісторыю, права, этыку, лаціну, французскую і нямецкую мовы, а таксама маляванне і фехтаванне. Дзякуючы сваім поспехам Касцюшка хутка прайшоў шлях ад звычайнага кадэта да інструктара: у 1766 годзе ён атрымаў чын харунжага.
Пасля заканчэння курсу быў пакінуты ў школе ў якасці падкапітана (інструктара). Ягоныя здольнасці былі настолькі відавочнымі, што кароль і князь Адам Казімір Чартарыйскі прызначылі яму каралеўскую стыпендыю для далейшага навучання ў Парыжы. Цалкам магчыма, што рыцарская школа выхавала ў Касцюшку тыя рысы, якія мы ведаем сёння: дэмакратызм, грамадзянскі абавязак (аўтар статута школы Адам Казімір Чартарыйскі настойваў на тым, што афіцэр павінен быць перш за ўсё «добрым чалавекам і сумленным грамадзянінам»).
Акурат паўстанне 1794 г. стала прычынай закрыцця навучальнай установы.
Музей гісторыі Польшчы знаходзіцца ў стане напаўнення экспазіцыі. Са жніўня 2023 года музей пераехаў у манументальны сучасны комплекс на тэрыторыі Варшаўскай цытадэлі (раён Жалібож). Гэта адзін з найбуйнейшых музейных комплексаў у Еўропе.

Будынак Музея гісторыі Польшчы. Фота: go2wawa.pl
Асноўная экспазіцыя ўяўляе сабой маштабнае падарожжа па гісторыі Польшчы. Рэчы, павязаныя з Касцюшкам, займаюць пачэснае месца ў блоку пра XVIII ст. Тут прадстаўлены ўзоры зброі паўстанцаў і касінераў 1794 г., копіі Канстытуцыі 3 траўня, дакументы ўраду Касцюшкі і інш.

Сшытак Касцюшкі
Але найбольш каштоўныя экспанаты былі выстаўленыя ў музеі падчас выставы 2025 г., якая называлася Vivat Naród! Vivat Wolność! Vivat Kościuszko! і раскрывала паўстанне 1794 з розных бакоў: мапы, лічбы, гістарычныя даведкі. Цэнтральнай постаццю выставы быў менавіта кіраўнік паўстання. Было прадстаўлена багата інфармацыі і матэрыялаў пра дзяцінства і юнацтва Касцюшкі, шчыльна звязаных з беларускімі землямі. На выставе экспанаваліся асабістыя рэчы правадыра паўстання 1794 г. Сярод іх былі сшытак Касцюшкі часоў навучання ў калегіуме піяраў, а таксама замалёўкі ягонага аўтарства, якія адкрываюць мастацкі талент славутага паўстанца.
Ю. К., Budzma.org