У пятніцу, 22 жніўня, у Гарадзенскай выставачнай зале адкрываецца выстава «Арт-Беларусь: скрозь прастору і час».
Файная магчымасць убачыць 35 шэдэўраў з карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка.
Карпаратыўная калекцыя Белгазпрамбанка ўключае больш за 140 твораў мастацтва, якія даюць магчымасць прааналізаваць развіццё беларускага мастацтва канца XIX стагоддзя і першай паловы XX стагоддзя.
Гэты час стварыў вялікую колькасць новых стыляў і школ, раскрыў патэнцыял вялікіх аўтараў, якія вызначылі развіццё на ўсё XX стагоддзе і працягваюць аказваць уплыў на сучасных мастакоў.
У гэтай атмасферы першаадкрывальнікаў жылі і ўносілі значны ўклад і беларускія мастакі: Марк Шагал, Осіп Цадкін, Хаім Суцін, Міхаіл Кікоін, Абрам Маневіч, Пінхус Крэмень, Лявон Індэнбаўм і, вядома ж, ураджэнцы Гродна — Лявон Бакст і Осіп Любіч.
Другая частка экспазіцыі прысвечана папярэдняму перыяду, дзе прадстаўлена творчасць Гіяцыянта Альхімовіча, Апалінарыя Гараўскага, Іосіфа Аляшкевіча і Валенція Ваньковіча — яго «Партрэт Томаша Зана» — адзіны твор майстра, які знаходзіцца ў музейным фондзе Беларусі.
Калекцыя Белгазпрамбанка вяртае на радзіму імёны мастакоў, якія нарадзіліся ў Беларусі, узбагачаючы наша ўяўленне аб нацыянальнай мастацкай спадчыне.
Куратар — Аляксандр Зінкевіч.
Квіткі — 4 рублі дарослым, 3 рублі студэнтам і навучэнцам, 2 рублі — школьнікам.
Выстава працягнецца да 21 верасня.