Двухмоўная кніга вершаў і калажоў Юлі Цімафеевай хутка выйдзе ў берлінскім выдавецтве

Берлінскае выдавецта Edition Frölich ужо здало ў друк новую кнігу-білінгву Юлі Цімафеевай «Ich zerchneide die Geschichte/Lyrik und Collagen. Рэжу гісторыю сабой/Вершы і калажы». Цяпер на яе адкрыты перадпродаж у нямецкіх онлайн-кнігарнях, напісала аўтарка на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

Ich zerchneide die Geschichte

«1 прадмова, 31 калаж, 30 вершаў па-беларуску і ў цудоўным нямецкім перакладзе Tina Wünschmann. Агулам 80 старонак пад цвёрдай вокладкай. <...> Спачатку гэта была забава і гульня: выразаць амаль выпадковыя элементы з часопісаў ды старых кніг і злучаць іх разам у абсурдныя кампазіцыі, але з часам мне стала відавочнай метафара, якая стаяла за гэтым заняткам. У эміграцыі ты, выразаная нажніцамі гісторыі з добра вядомага кантэксту, мусіш прызвычайвацца да існавання ў нязвыклых абставінах і шукаць сэнс там, дзе, падаецца, раней яго быць не магло, знаходзіць новую мову для азначэння сябе і абставін, а заадно помсціць паперы, якая стала прычынай і почасту ўвасабленнем выгання ў выглядзе пашпартоў, дазволаў і даведак», — напісала Юля Цімафеева.

Выхад кнігі чакаецца ў пачатку верасня. Зрабіць перадзамову кнігі можна тут kulturkaufhaus.de ці тут thalia.de.