Кожны народ, кожная краіна ў нейкім сэнсе нагадваюць чалавека. Зь ягонымі марамі, праблемамі, выпрабаваньнямі, дасягненьнямі. Нездарма ж многія эпітэты і акрэсьленьні для краіны таксама гучаць надта ж «па-людзку», праўда? Ну што ж, калі краіна — гэта чалавек, то які гэта чалавек? Як ён выглядае? Дзе яго розум? Што ў яго за сэрца? У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік якраз і шукае, што ж гэта такое — сэрца Беларусі — і дзе яно знаходзіцца.
Любіць Расею ў сучаснай Беларусі — і модна, і для кар’еры карысна. Гэта вам які заўгодна лукашыст пацьвердзіць. Галоўнае — не забываць пры гэтым нахвальваць галоўнага ў нашай краіне аматара Расеі. Ну, на ўсялякі пажарны: каб ніхто — крый Божа! — не западозрыў канкурэнцыю ў гэтай самай любові. І ўсё, у астатнім — любі Расею ажно да ўсрачкі! Ніхто табе і слова насуперак ня скажа!
Што і робяць многія нашыя суграмадзяне. Між тым калі расейскія сьцяжкі, скажам, у акаўнтах беларускіх тыктокераў, хоць і выглядаюць прынамсі недарэчна, усё-ткі — іх асабістая справа, то падкрэсьленае расеяфільства шэрагу сілавікоў і чыноўнікаў у нашай краіне павінна прынамсі насьцярожваць.
Ну бо калі раптам паўстане выбар, каго бараніць: беларусаў ці расейскія інтарэсы ў Беларусі — які выбар зробяць, да прыкладу, губазікаўцы альбо жаўнеры, што вешаюць у сваіх кабінэтах партрэты Пуціна, а ў машынах — расейскія сьцягі? Як думаеце?
Удзельнікі афіцыйна дазволенага мітынгу «Беларусь Zа Россию». Менск, 30 красавіка 2022 г. Фота: euroradio.fm
Ну альбо чыноўнікі. Вось, да прыкладу, старшыня Лідзкага райвыканкаму Аляксандар Вярсоцкі прымае моладзь з Алтайскага краю Расеі і адкрыта хваліцца ў афіцыйным тэлеграм-канале райвыканкаму:
«Я заўсёды адчуваў і працягваю адчуваць асаблівае пачуцьцё да расейцаў. Гэта не фармальнасьць, ня спроба падладзіцца пад сытуацыю — гэта шчырая павага, якая фармавалася зь дзяцінства. Маё сэрца заўсёды належала Расеі».
Як думаеце, калі, да прыкладу, заўтра Лукашэнка памрэ й нейкі дзядзя з Масквы скажа беларускім чыноўнікам: давайце ўваходзьце ў склад Расеі, не выпендрывайцеся, мы ж адзін народ! — што зробіць Аляксандар Вярсоцкі? Няўжо запярэчыць? Няўжо асабіста грудзьмі захіне родны край і косткамі ляжа дзеля незалежнасьці Бацькаўшчыны?
А як жа ж сэрца, якое «заўжды належала Расеі»? Рытарычнае пытаньне, праўда?
Адданы сэрцам Расеі Аляксандар Вярсоцкі. Фота: t.me/Versockij
Дарэчы, вы ніколі не задаваліся пытаньнем, чаму 2 красавіка па ўсёй Беларусі вывешваюць расейскія сьцягі, а вось у Расеі ў Дзень яднаньня народаў гэтак званай Саюзнай дзяржавы чырвона-зялёных палотнішчаў зусім не відно? Альбо вось чаму ў нас большасьць школаў — расейскамоўныя, а ў Расеі — беларускамоўнай школы няма аніводнае?
Ну мы ж гэтыя, як іх там, брацьця! Узаемапавага, роўнасьць, парытэт — гэта ж прадугледжвае сапраўднае братэрства, праўда? Мы паважаем вашае, вы паважаеце нашае — ці я памыляюся?
Адказ, як заўжды, на паверхні: быць братам расейцам можна толькі тады, калі ты — таксама расеец. Нават калі нарадзіўся кімсьці іншым — адмоўся ад роднае мовы, ад роднае культуры, ад сваіх каранёў і стань тым, хто гэтую тваю нерасейскую мову, культуру і карані стагодзьдзямі зьнішчаў і пляжыў. Адрачыся ад роднае матулі і ад роднага бацькі, стань янычарам імпэрыі — і станеш ім братам.
Штопраўда, нават і тады мусіш даводзіць сваю расейскасьць, сваю вернасьць імпэрыі — і ўжо не на словах, а на справах. Да прыкладу, душыць дома ўсё нерасейскае, якога ты калісьці выракся. Расеізаваць, расеізаваць і яшчэ раз расеізаваць родны край, даводзіць яго да стандарту імпэрыі — з мінімальнымі этнаграфічнымі адхіленьнямі, ня большымі за які-небудзь кірмаш Алтайскага краю.
Ну альбо станавіцца пад ружжо й несьці расейшчыну далей у сьвет. Думаеце, я прыдумваю? Што ж, зірнеце тады на кадыраўцаў, буратаў і прадстаўнікоў іншых малых народаў імпэрыі, якія крычаць «мы русские!» і едуць за тысячы кілямэтраў ад роднага дому забіваць украінцаў у імя «расейскага сьвету».
Яшчэ раз, на хвіліначку: малыя народы, паняволеныя й пастаўленыя расейцамі на мяжу існаваньня, едуць забіваць нашчадкаў летапіснае Русі за тое, што тыя ня хочуць быць часткаю «расейскага сьвету».
І ў гэтай сюррэалістычнай схеме нарадзінец каталіцкае Ашмяншчыны, агмяню антырасейскіх паўстаньняў, Аляксандар Вярсоцкі таксама ўжо дапамагае забойцам. Пра што зноўку ж публічна хваліцца:
«Сёньня, як старшыня райвыканкаму, я цалкам падтрымліваю тую місію, якую выконвае Расейская Фэдэрацыя. Мы разам дапамагалі — адпраўлялі гуманітарныя канвоі, зьбіралі рэчы для хлапцоў на лініі баявога судакрананьня. Гэта наш агульны клопат, наша агульная адказнасьць».
Чарговы гуманітарны канвой зь Беларусі ў акупаваныя Расеяй раёны Данецкай вобласьці Ўкраіны, 2025 г. Фота: sb.by
Зрэшты, і гэта — ня самае прыкрае ў гэтай гісторыі. Асобным манкуртам заўжды можна й варта супрацьдзейнічаць. Сапраўдная ж бяда ў тым, што сказаць у Беларусі сёньня: «Маё сэрца належыць Беларусі» — вось дзе праблема! Прынамсі сотні тысяч людзей апынуліся ў вымушанай эміграцыі, тысячы за кратамі на радзіме й дзясяткі адышлі ў лепшы сьвет — нашых з вамі сучасьнікаў! — толькі за тое, што іх сэрцы належалі не Расеі, а Беларусі. Для астатніх куды бясьпечней папросту маўчаць, каб ня выклікаць да сябе празьмернае ўвагі: «А чего это ты такой весь за Беларусь? Змагар что ли»?
Між тым дзе боль, там і надзея. Менавіта на адданых сэрцам роднаму Краю і трымаецца наш Беларускі Цуд. Менавіта дзякуючы тым, хто любіць нашую Бацькаўшчыну й на словах, і на справах, Беларусь захавалася да сёньня — насуперак вынішчальным войнам, стагодзьдзям асыміляцыі, бясконцым здрадам ад мясцовых манкуртаў, стоме, апатыі, роспачы і зьнявераньню.
Бо сэрцы, якія належаць Беларусі — гэта і ёсьць адно вялікае Беларускае сэрца. І яно б’ецца і будзе біцца датуль, пакуль усе мы ня склалі рукі, не здаліся, ня выракліся.
Дык што, жыве Беларусь вечна?
Валера Руселік — калі расейскай амбасады ў Варшаве на акцыі супраць нападу Расеі на Ўкраіну. Фота з асабістага архіву
Валера Руселік