Праграма ArtPower Belarus запускае грантавы конкурс для беларускіх творцаў і праектаў у асаблівых абставінах

19 жніўня 2025 года адкрыўся прыём заявак на Трэк 3 у межах праграмы ArtPower Belarus. Гэта конкурс культурніцкіх праектаў для беларускіх творцаў і ініцыятываў, якія сутыкнуліся з форс-мажорнымі ці складанымі абставінамі: рэпрэсіі, страта фінансавання, вымушаная эміграцыя, праблемы са здароўем і іншыя непрадбачаныя сітуацыі.

ArtPower Belarus

Што такое Трэк 3?

Трэк 3 створаны для культурніцкіх праектаў заяўнікоў, якія апынуліся ў складаных жыццёвых або прафесійных умовах: рэпрэсіі, вымушаная эміграцыя, страта фінансавання, немагчымасць перанесці важную падзею або паездку.

Хто можа падавацца?

На грант могуць прэтэндаваць:

  • рэпрэсаваныя творцы (вызваленыя не пазней, чым за год да падачы заяўкі);
  • аўтары, якія страцілі працаздольнасць (на працягу апошніх 12 месяцаў);
  • вымушаныя эмігранты (на працягу апошняга года);
  • аўтары і ініцыятывы, якія страцілі фінансаванне (не пазней чым 3 месяцы таму);
  • праекты і мабільнасці, якія немагчыма перанесці без шкоды;
  • іншыя выключныя сітуацыі (з дакументальным пацвярджэннем).

Якія праекты падтрымліваюцца?

Падтрымка можа быць выкарыстаная для рэалізацыі невялікіх ініцыятыў, тэрміновых дзеянняў, мабільнасцяў (напрыклад, удзел у міжнародных імпрэзах, рэзідэнцыях, навучальных праграмах, даследаваннях), альбо завяршэння праектаў, што апынуліся пад пагрозаю зрыву. Памер фінансавання складае ад 1 000 да 10 000 еўра. Праекты могуць доўжыцца ад аднаго месяца да аднаго года. Падача адкрытая на пастаяннай аснове, а камісія збіраецца 1–2 разы на месяц у залежнасці ад колькасці заяў.

Сума і тэрміны

Сума гранта: €1 000 — €10 000
Тэрмін рэалізацыі: ад 1 да 12 месяцаў
Падача: на сталай аснове
Адбор: 1–2 разы на месяц у залежнасці ад колькасці заявак

Як падавацца?

Для падачы заяўкі неабходна падаць апісанне сітуацыі, абгрунтаванне тэрміновасці, план рэалізацыі з пазначэннем тэрмінаў і бюджэтам, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць згаданую сітуацыю (спраўкі, спасылкі на публікацыі, заключэнні праваабарончых арганізацый і г.д.). Таксама трэба растлумачыць, чаму іншыя крыніцы фінансавання недаступныя.

Інфасесія па Трэку 3 адбудзецца 28 жніўня. Рэгістрацыя па спасылцы.
Падрбязней пра праграму чытайце тут.