Сёлета споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння дзіўнай жанчыны — Надзеі Хадасевіч-Лежэ — ураджэнкі Беларусі, французскай мастачкі-супрэматысткі, жонкі Фернана Лежэ, піша slushna.by.
Нягледзячы на тое, што Надзея Хадасевіч-Лежэ значную частку жыцця прысвяціла творчасці любімага мужа — мастака-экспрэсіяніста Фернана Лежэ, яна засталася ў гісторыі як самабытная таленавітая мастачка, якую высока шанавалі і шануюць сучаснікі. Пра жыццё і каханне Надзеі Хадасевіч-Лежэ можна напісаць захапляльную кнігу, поўную нечаканых паваротаў.
Мары і шляхі
Надзея Хадасевіч-Лежэ нарадзілася ў 1904 годзе ў беларускай вёсцы Зембін у шматдзетнай беднай сям’і. Бацькі лічылі, што галоўны абавязак Надзі — дапамагаць па гаспадарцы. Аднак, рызыкуючы патрапіць пад гарачую руку, яна кожную вольную хвіліну імкнулася маляваць. Замест фарбаў у яе ў руках быў кавалачак вугалю, замест палатна — сценка печкі.
Калі Надзя падрасла, яе марай стаў Парыж — менавіта там, як яна думала, можна дабіцца поспеху і стаць мастачкай. Аднойчы дзяўчынка нават «амаль даехала» да горада кахання: сабралася ў дарогу ў старых чаравіках, трухлявай сукенцы і з скарыначкай хлеба. Беглянку спынілі на станцыі, аднак ад сваёй мары Надзя не адступілася.
У пятнаццаць гадоў яна накіравалася ў Смаленск, каб паступіць у Вышэйшыя дзяржаўныя мастацкія майстэрні. На ўступных іспытах малюнкі дзяўчынкі ўзрушылі прыёмную камісію: хоць Надзея ні разу не была ў музеі і нават не бачыла ніводнай сапраўднай карціны, яе неадкладна залічылі на курс.
Неўзабаве ў смаленскай бібліятэцы яна прачытала артыкул мастака Фернана Лежэ, які сцвярджаў, што жывапіс вечны і несмяротны. Францыя была цэнтрам мастацкага сусвету, і Надзя зразумела, што менавіта там яе сапраўднае месца.
Вырашыўшы, што ў Смаленску занадта цесна для яе, яна накіравалася ў Варшаву, дзе яе без іспытаў прынялі ў Акадэмію мастацтваў. У сценах акадэміі маладая мастачка горача расказвала аднакурснікам аб новым мастацтве, аб супрэматызме, аб мадэрнізме — аб усім, што так захапляла яе, і неадкладна набыла рэпутацыю бунтаркі. Энтузіязм і талент Надзі натхнілі яе аднакурсніка Станіслава Грабоўскага, які нават прапанаваў ёй руку і сэрца. Шляхетныя і заможныя бацькі жаніха былі ў паніцы. Але юнак быў непахісны, і вяселле адбылося. Неўзабаве Станіслаў прасякнуўся Надзінай марай аб Парыжы і падтрымаў яе жаданне пераехаць.
Сустрэча з майстрам
Набраўшыся смеласці, дзяўчына вырашыла папрасіць самога Фернана Лежэ аб тым, каб ён прыняў іх у вучні. Прыехаўшы ў Парыж, муж і жонка неадкладна адправіліся па запаветным адрасе: вуліца Нотр-Дам дэ Шан, дом 86, дзе і размяшчалася Акадэмія Лежэ. Упершыню убачыўшы свайго куміра, Надзя была збянтэжаная. Гэты шыракаплечы і каржакаваты, з магутнымі рукамі чалавек быў падобны хутчэй да селяніна ці майстра, чым да знаўцы мастацтва. Надзя прыступіла да зая, маўчала, была занятая толькі сваім мальбертам, і ніколі не смяялася над яго дасціпнымі жартамі. Прайшло нямала часу, перш чым майстар высветліў, у чым справа: дзяўчына проста не ведала французскай мовы.
У 1927 годзе ў Грабоўскіх нарадзілася дачка Ванда, а ў адносінах мужа і жонкі пачаўся разлад. Станіслаў вярнуўся ў Польшчу, каб адслужыць у войску, а Надзя засталася ў Парыжы, адна, з дзіцем на руках і без сродкаў да існавання. Яна ўладкавалася на працу, мыла падлогі, уставаць прыходзілася вельмі рана. Так працягвалася доўгія сем гадоў. Бацька Станіслава дасылаў ёй грошы, але Надзея адпраўляла іх зваротна. Аднойчы ён перадаў значную суму на куплю цёплай вопраткі, але Надзя ўклала гэтыя сродкі ў важнейшую для яе справу — выданне часопіса аб мастацтве. Не мела значэння, што яна недастаткова добра ведала французскую сову. Часопіс выйшаў у 1929-м адразу на дзвюх мовах — французскай і польскай. Чытачы перадавалі выданне з рук у рукі, але з-за недахопу грошай у свет выйшла ўсяго тры нумары.
Новы віток
Імкненне стаць сапраўднай мастачкай дапамагло ёй пераадолець гэтую нялёгкую паласу ў жыцці. І вось, нарэшце, поспех — сам майстар Лежэ палічыў яе настолькі таленавітай, што прапанаваў ёй пасаду ў акадэміі і кватэру!
Акрамя таго, у яе жыцці з’явілася новае каханне: аднойчы ў прыгарадным цягніку Надзя пазнаёмілася з элегантным прыгажуном Жоржам Бок’е. Ён служыў у Міністэрстве пошты і тэлеграфа, а ў вольны час маляваў. Надзя пераканала Жоржа развіваць талент і нават прывяла яго ў акадэмію... Але, калі пачалася Другая сусветная вайна, Бок’е ў першы ж дзень пайшоў добраахвотнікам на фронт. Лежэ, які не мог ваяваць з-за ўзросту і атрыманых перш раненняў, быў змушаны з’ехаць у Амерыку. Мэтр быў моцна прывязаны да Надзеі. Каля трапа парахода ў Марсэлі ён да апошняй хвіліны чакаў Надзю, спадзеючыся, што яна ўсё ж такі далучыцца да яго. Аднак жанчына засталася ў акупаваным Парыжы і ўступіла ў рады французскага Супраціўлення.
Мастачка дапамагала партызанам, расклейвала начамі ўлёткі, хавалася, мяняючы то імя, то знешнасць, штодня рызыкуючы жыццём. Надзея не забывалася на свае беларускія карані: пасля вызвалення Францыі яна арганізавала аўкцыён у дапамогу савецкім ваеннапалонным. Многае перажыўшы, яна заставалася здольнай да спачування.
Каханне як лёс
Пасля вайны ў жыцці Надзеі Хадасевіч пачаўся новы раздзел. Аднавіліся заняткі ў акадэміі, якія прыносілі ёй вялікую радасць. Яе работы сталі папулярныя: аб іх добра адклікаўся сам Пікасо. Мастак нават запрашаў яе да сябе, просячы сумленна выказаць меркаванне аб яго новых карцінах. Але яшчэ большае шчасце заключалася ў тым, што з амерыканскага кантынента вярнуўся Фернан Лежэ. Стаўшы ўдаўцом, сямідзесяцігадовы майстар нечакана зрабіў Надзеі прапанову стаць яго жонкай.
Неўзабаве да прозвішча мастачкі дадалася другое — яна стала мадам Хадасевіч-Лежэ. Надзея ўсведамляла, што звязвае сваё жыццё не проста з чалавекам. «Я выходжу замуж за працу», — казала яна. Надзя прыклала шмат намаганняў, каб зрабіць гэты шлюб шчаслівым. Лежэ пасля прызнаваўся: «Раней для мяне існавала толькі мастацтва. Жанчыны былі толькі для адпачынку... І вось — дажыў да 70 гадоў, каб упершыню пакахаць».
Сям’я пасялілася ў прыгарадзе Парыжа. На першым паверсе была майстэрня мужа, на другім — жонкі.
Падчас працы мастачка гучна спявала беларускія песні. Калі спевы перарываліся, знізу чулася бурчанне мужа — ён заўсёды патрабаваў працягу.
Так што, магчыма, здольнасці мадам Хадасевіч-Лежэ не абмяжоўваліся унікальным талентам да малявання. Надзя шчыра кахала мужа і праводзіла з ім кожную вольную секунду. Але лёс адмераў ім зусім невялікую долю сямейнага шчасця — праз 3 гады сумеснага жыцця Фернан Лежэ памёр.
Пасля смерці мужа Надзя стала спадчынніцай не толькі яго стану, але і ідэй. Яна прыклала шмат намаганняў да таго, каб Францыя не забылася пра вялікага мастака... Надзея вярнулася да Бок’і і разам з ім у 1960 годзе адкрыла на поўдні краіны, у мястэчку Б’ё, музей Фернана Лежэ. У вялізным светлым будынку размясцілі каля трохсот пяцідзесяці розных твораў вялікага мастака: карціны, эскізы і скульптуры, габелены і мазаіку. На фасадзе будынка з’явілася вялізная, плошчай 400 квадратных метраў, мазаіка... Праз 10 гадоў калекцыі былі падораны французскай дзяржаве.
Надзея Хадасевіч-Лежэ памерла ў 1982 годзе, дажыўшы да 80 гадоў. Сёння яе нашчадкі скрупулёзна збіраюць матэрыялы аб выдатнай мастачцы — ураджэнцы Беларусі і яе каханні і мараць зноў адкрыць яе талент для прыхільнікаў сапраўднага мастацтва.
Жыццё гэтай жанчыны было сапраўдным клубком супярэчнасцей. Яна нарадзілася ў галечы, а стала мільянершай. Была перакананай камуністкай і крытыкавала савецкі сацрэалізм. Магла проста атрымліваць асалоду ад раскошнага жыцця, але гэта супярэчыла яе характару і светапогляду. Ёй заўсёды трэба было нешта большае і нельга сказаць, што яна гэтага не дабілася...
Памяць
За вялікі ўклад у развіццё адносін паміж СССР і Францыяй Надзя Хадасевіч-Лежэ была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Мастачка заўсёды прывозіла з сабой у Саюз шчодрыя падарункі — работы свайго славутага мужа, уласныя карціны і рэпрадукцыі з палотнаў знакамітых мастакоў. Так, у сярэдзіне 1970-х гадоў у адным падмаскоўным мястэчку з’явіліся два дзясяткі мазаічных пано з выявай знакамітых персон.
На жаль, гарадскія ўлады бачылі ў работах аўтара выключна цяжар. Палотны доўга вандравалі са склада на склад, а потым былі размешчаны на гарадскіх алеях пад адкрытым небам. Улады нават не паспрабавалі забяспечыць іх адпаведнымі таблічкамі. Умовы надвор’я зрабілі сваю справу і практычна ўсё пано былі безнадзейна сапсаваны. Многія карціны, якія Надзя падарыла роднаму Зембіну, наогул былі раскрадзены Такая вялікая спадчына знікла без следа.
Сёння мастацтвазнаўцы па крупінках збіраюць факты аб яе жыцці і творчасці, стараюцца даведацца больш пра дзейнасць і тврчасць аўтара. Безумоўна, імя Надзеі Хадасевіч-Лежэ — вялікі гонар для беларусаў, і ў нас ёсць магчымасць сберагчы і данесці звесткі пра яе жыццё і лёс будучым пакаленням.