Беларускія выдаўцы ўпершыню мелі супольны стэнд на Познаньскім кніжным кірмашы, які прайшоў 13-15 сакавіка. Дзякуючы выдавецтву RozUM Media і мясцовым беларусам-валанцёрам невялічкі стэнд прадстаўляў каля сотні новых беларускіх кніг, выдадзеных ужо ў эміграцыі. Гэта далёка не поўны набытак беларусаў: выдаўцы самаабмежаваліся, каб не было цесна.

Павел Лягчылаў, заснавальнік выдавецтва RozUM Media, на чые плечы легла адказнасць за арганізацыю на месцы, так каментуе падзею:
«Гэта сапраўды вельмі маштабнае мерапрыемства — адно з найбуйнейшых у Польшчы. Актыўнасьць польскага кніжнага рынку ўражвае: вялікая колькасьць наведнікаў, жывая цікавасьць, чэргі каля стэндаў. Людзі прыходзяць нават з валізкамі і купляюць кнігі літаральна «гуртам».
Наш стэнд быў адзіным беларускім, таму, безумоўна, прыцягваў увагу. Інтарэс быў і з боку польскай аўдыторыі. Палякаў асабліва цікавяць гістарычныя кнігі, дасьледаваньні, этнаграфія — у тым ліку і на беларускай мове, хоць гэта, натуральна, больш навуковая аўдыторыя.
Беларусаў, на жаль, было значна менш. Але беларускую літаратуру добра заўважылі. Шмат хто зьдзіўляўся, што існуе столькі беларускіх выдавецтваў і столькі кніг. Калі ўдзел у такіх мерапрыемствах стане рэгулярным, гэта дакладна павялічыць пазнавальнасьць».
Найбольш прадавальнымі былі кнігі выдавецтваў Gutenberg Publisher i Kamunikat.org.
«Мы прадалі каля 30 кніжак, у лідарах «Слон» Сашы Філіпенкі і «Халодныя землі» Аляксандра Карнаўха — гэта значыць, беларуская проза. На жаль, продажы ўсё яшчэ не могуць акупіць паўнавартасны ўдзел у такой выставе, дарогу, гатэль для выдаўца, але гэта ўжо вельмі добрая падтрымка, — каментуе вынікі трохдзённага гандлю на стэндзе Валянціна Андрэева, адна з арганізатарак і галоўная рэдактарка Gutenberg Publisher. — Наш лозунг на гэты год — прысутнасць, і будзем шукаць новыя магчымасці ўдзельнічаць у кірмашах па ўсім свеце, бо і беларусы цяпер жывуць па ўсім свеце».
Прыемна, што ў цалкам польскай праграме кірмаша было адразу некалькі беларускіх мерапрыемстваў з удзелам аўтараў: Андрэй Хадановіч чытаў вершы найлепшых польскіх паэтаў, Уладзімір Арлоў расказваў пра асаблівасці новага выдання рамана «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча, а Севярын Квяткоўскі, Дар"я Рак і Антон Бяляеў прэзентавалі свае новыя кнігі.
Здаецца, мы беларусы самі сабе пачынаюць дазваляць быць беларусамі.
Выдаўцы сардэчна дзякуюць арганізатарам Познаньскага кніжнага кірмаша за прыязнае стаўленне, дапамогу і разуменне, а таксама ананімнаму фундатару, які аплаціў арэнду стэнда.