Што яднае амерыканскага актора старых баевікоў Чарльза Броснана са знаёмымі кожнаму нашаму земляку імёнамі Напалеона Орды, Генрыка Сянкевіча, Францішка Багушэвіча, Сцяпана Некрашэвіча, а таксама Солтанамі, Паплаўскімі, Канапацкімі, Булгакамі, Ясінскімі, Станкевічамі, Якубовічамі, Кіркорамі, Калаўрамі, Урублеўскімі, Салеямі і мінскімі раёнамі Ждановічы, Шабаны, вуліцамі Мельнікайтэ і Ракаўскай? Татары Вялікага Княства Літоўскага — зараз збольшага беларускія татары, якія самі сябе называюць ліпкі.
Адкуль узяліся татары на беларускіх землях і як яны жылі, мы распавядалі ў папярэднім артыкуле, а цяпер засяродзімся на этнічным складзе і вядомых татарскіх родах.

Татарская Слабада. Язэп Драздовіч
На землях ВКЛ татары гуртаваліся ў харугвы і сцягі паводле старшынства роду, прэстыжу іх племені ў стэпе, месца і часу пасялення ў ВКЛ.
Царэвічы, або «салтаны», нашчадкі Чынгізідаў, выстаўлялі асобна свае почты (*Почта — прыватная ўзброеная адзінка буйных феадалаў ВКЛ) на патрэбу гаспадара ВКЛ. Рэштай кіравалі ўланы, мурзы і беі. У 1611 г. Жыгімонт Ваза выклікаў і скіраваў пад кіраўніцтва Я. К. Хадкевіча 6 сцягоў татар пад камандай іх племянной знаці. Чатыры з іх названыя тэрытарыяльна Віленскі, Троцкі, Гарадзенскі, Наваградскі і тры былі родавымі — барынскі, «мерашлянскі» і ўланскі. У рэестры 1631 г. татарскі пісар Кірдзей пералічыў 6 харугваў паводле іх іерархіі:
Самымі старэйшымі і ўплывовымі пасля Царэвічаў былі Уланы (уланскія, агланскія сем’і — нашчадкі малодшых галінаў ардынскіх ханаў і іх васалаў). Яны складалі 179 дымоў. У Ашмянскім павеце было 62 уланскія дымы, у Гарадзенскім — 61, Віленскім — 44, рэшта — 13 — у Мазырскім, Лідскім, Наваградскім, Менскім і Троцкім паветах.
Сярод стэпавых народаў, аселых у ВКЛ, былі крымскія кланы Даўлет-Бярдзееў, Даўлет-Гірэеў і інш. Калі Гірэі панавалі ў Крыме, яны час ад часу прасілі вялікіх князёў, каб тыя дазволілі выезд татарскіх князёў з ВКЛ да сябе, каб не губляць ханскую кроў у хрысціянскім моры і легітымнасць панавання над тымі плямёнамі, што яшчэ вандравалі па стэпе і прызнавалі ўладу старых сем’яў.

Татарская конніца часоў Грунвальдскай бітвы
У XVII-XVIII стст. паволжскія, уральскія і іншыя мусульмане траплялі ў палон падчас войнаў ВКЛ з Масквой, туркамі і крымчакамі і, калі ім шчасціла не стаць прыгоннымі, далучаліся да аднаверцаў — слуг, гараджан ці агароднікаў. Беларускія татары — сваякі аднапляменнікаў з Крыма, Паволжа, казахаў і кіргізаў.
Як і ў нашых традыцыйных патрыярхальных грамадствах часоў Сярэднявечча, дзе кіравалі «носьбіты святой крыві» Рурыкавічаў і Гедымінавічаў, вышэйшае, асвечанае богам права кіраваць ордамі стэпавікоў мелі нашчадкі Чынгізхана. Простыя мужчынскія спадчыннікі, безумоўна, сваякі — у залежнасці ад блізкасці радства.
Паводле звестак найбольш аўтарытэтнага гербоўніка татараў ВКЛ — Станіслава Дзедулевіча — пасля міграцыяў у ВКЛ асела некалькі родаў вышэйшай знаці стэпавай арыстакратыі, тых, якія выводзіліся ад Джучы — сына Чынгізхана — султанаў (царэвічаў) і іншых малодшых галінаў яго дома — уланаў (уласнікаў — улуса) і мурзаў (эміраў, беяў, бекаў). Усе тры катэгорыі стэпавай арыстакратыі ў ВКЛ былі прыроўненыя да князёў. Яны размяркоўваліся наступным чынам:
1. Першымі па знатнасці былі Царэвічы (рэестры іх так і называлі) — Пунскія і Острынскія.
2. На другім месцы былі шматлікія роды Уланаў.
3. На трэцім — Найманаў.
4. На чацвёртым — род Альчынаў.
5. Пятыя — Юшынскія.
6. Шостыя — Лоўчыцкія-Багатырэвічы.
7. Сёмымі на лесвіцы прэстыжу стаялі клецкія татары і іх знаць.
8. Восьмымі — мсціслаўскія.
У сярэдзіне XVI ст. царскі род Острынскіх згас. Царэвіч у 20 пакаленні ад Чынгізхана, Ямбек Цемурклавіч Пунскі, удзельнік Інфлянцкай і Смаленскай вайнаў 1600-1618 гг. склаў галаву, спыняючы Асманскую імперыю пад Хоцінам у 1621 г. Пунскія паступова перасяліліся з Пуняў у паднаваградскія Руднікі і сталі называцца ў дакументах Рудніцкімі. Хоць яны і заставаліся харужымі і кіраўнікамі супляменнікаў, магчымасцяў стаць вялікімі ханамі ў стэпе ўжо не было, ды і з царамі падчас Патопу пачаў звязвацца іншы, непрыемны сэнс, прадстаўнікі роду перасталі ўжываць прыдомак-прозвішча Пунскіх і Царэвічаў. Засталіся толькі Рудніцкімі.

Мінскія татары каля мячэту. 1918 год. Фота з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава, sb.by
Найбольш знакаміты з хрысціянізаваных беларускіх татар у свеце, канечне, Генрык Сянкевіч. Аўтар «Крыжакоў», «Патопу» і «Куды ідзеш» паходзіў з рыцарскага роду Вялікай (Кыпчакскай, Залатой) Завалжанскай арды. Паводле перапісу 1565 г., сыны першага Сянкевіча, што прыняў хрост — харужага Юзэфа, мелі шляхецкі герб Ошык. У XIX ст. род Сянкевічаў раcсяліўся па Літве, Жамойці і Падляшшы.
Як шмат хто са шляхты ВКЛ, каб мець роўныя правы і не быць расіянамі, продкі пісьменніка абралі спачатку польскую культуру і мову, а праз пару пакаленняў ужо лічылі сябе палякамі. Ці можам мы іх лічыць беларусамі? Ну, калі палякі могуць запісваць кагосьці ў свае шэрагі паводле мовы, то чаму б і нам не запісваць паводле паходжання і працягласці пражывання роду на нашых землях?
Багушэвічы герба Радван паходзілі з завалжанскіх мурзаў-уланаў таго ж юшынскага сцягу. Першага з іх па мянушцы Коршак фіксуе перапіс 1528 г. Яны біліся ва ўсіх войнах, але па гэтай прычыне, ды і паколькі спадчыннікаў нараджалася і выжывала шмат — род падупаў маёмасна. Таму шмат хто з іх абіраў асіміляцыю і хрысціўся. Верагодней за ўсё, з іх паходзіў класік нашай літаратуры. Варта зірнуць на фота Францішка Багушэвіча, якое датуецца 1863 годам.

Францішак Багушэвіч. Фота з Вікіпедыі
Пра паходжанне прозвішча Напалеона Орды гаворыць іх сямейная легенда, бо прозвішча сугучнае ардзе, але (калі тая легенда ўвогуле не хлусіць) пасля перасялення Орды мусілі вельмі хутка хрысціцца ў праваслаўе, бо ўжо ў 1500 г. яны былі баярамі ў Пінскім павеце.
Прадстаўнікі рода Солтанаў час ад часу сцвярджалі, што маюць у вытоках нейкага султана. Першыя вядомыя Солтаны — Андрэй Аляксандравіч і яго сын — у канцы XV ст. былі нямала падскарбіямі ВКЛ, а брат Андрэя Аляксандравіча — Солтан Аляксандравіч і яго сын — маршалкамі ВКЛ.
Умовай заняцця дзяржаўных пасад ВКЛ пасля Вітаўта стала спавяданне каталіцтва. Пры двары караля Аляксандра Ягелончыка ў фавор патрапіў татарын — хрысціянін, нашчадак Мамая — князь Міхал Глінскі, які праславіўся перамогай над крымчакамі пад Клецкам у 1506 г. Перамог, так сказаць, прадзедавых суродзічаў, але за стагоддзе ён быў ужо настолькі культурна асіміляваны, што адукацыя і рыцарскія подзвігі на палях бітваў Саксоніі, Іспаніі і Італіі дазволілі Міхалу, перад тым як вярнуцца ў Вільню, пабыць на самай вярхушцы ўсяго еўрапейскага рыцарства — маршалкам пры двары імператара Святой Германскай Імперыі Максіміліяна І. Бунт Глінскіх 1507-1508 г., уцёкі Міхала Глінскага ў Маскву спляжылі славу рода і справакавалі апалу іншай татарскай знаці пры двары Жыгімонта Старога.

Міхал і Алена Глінскія. Ілюстрацыя з Вікіпедыі
Хаця іх часта абвінавачвалі ў схільнасці да рабаўніцтва, татары звычайна не далучаліся да бунтаў і вайсковых канфедэрацый, але і вялікіх палітычных урадаў у ВКЛ пасля Солтанаў і Глінскага яны больш не здабылі. Чаго нельга сказаць пра вайсковую славу.
Апроч уланаў, пра якіх раскажам у наступным артыкуле — герой паўстання Касцюшкі Якуб Ясінскі, выводзіўся з патомных татарскіх афіцэраў — уланскага палка з Гарадзенчыны і Віленшчыны.
Хутчэй за ўсё, герой паўстання 1863 і Парыжскай камуны Валеры Урублеўскі быў нашчадкам хрысціянізаваных Найманаў з Гарадзенскай, Віленскай і Менскай губерняў, якія з гербам Слепаўрон, цэлымі вёскамі даказвалі сваё шляхецтва перад імперскімі камісіямі ў пачатку XIX ст.
А вось Максім Багдановіч ці Раман Скірмунт, хоць і мелі адпаведных татарскіх аднафамільцаў, татарамі не былі, бо першы выводзіўся з сялян, а другі — з літоўскай шляхты.
Згодна з данымі перапісу 2019 г., татараў у Беларусі налічваецца больш за 8400 чалавек.
І., Budzma.org