Як пераадолець самоту і атамізаванасць? Дзе атрымаць навыкі, якім не вучылі ў школе ды ўніверсітэце? Што трэба, каб знайсці аднадумцаў па абодва бакі мяжы, паслухаць і быць пачутым? Адказ ёсць!
У межах адукацыйнага хаба «Нацыя Лідараў» сёння дзейнічае дзевяць клубаў па розных кірунках: ад генеалогіі да беларускай мовы, ад псіхалогіі да фінансаў. Што гэта за клубы? Хто іх удзельнікі? Як і навошта туды цягнуцца людзі?
Пра клубы ды іх унутраную экасістэму мы паразмаўлялі з Вольгай ды Рынай. Вольга — каардынатарка клубнай прасторы. Рына — куратарка цэнтра суправаджэння выпускнікоў (клубы, як правіла, ствараюцца з выпускнікоў курсаў «Нацыі Лідараў», але не толькі).

У межах адукацыйнага хаба «Нацыя Лідараў» сёння дзейнічае 9 клубаў. Ілюстрацыя створана пры дапамозе нейрасеткі
Клуб — гэта не навучальны курс, а свабодная творчая прастора. Адказ на пытанне «Чаго хочацца?». Гнуткая жывая матэрыя. Клубы працуюць у анлайн-фармаце. Там ёсць удзельнікі і з Беларусі, і з замежжа. Квізы, абмеркаванні, супольныя чытанні — у кожнага клуба свая спецыфіка.
В.: «Тут можна рэалізаваць свае ініцыятывы, знайсці аднадумцаў. Гэта гісторыя пра развіццё, пошук самаідэнтыфікацыі ды супрацу. Напрыклад, наш фінансавы клуб штотыдзень разбірае розныя топікі ад эксперткі ў гэтай справе. Як лічыць, як зберагаць, як інвеставаць, як разумець фінансы? Нешта абмеркавалі, запоўнілі табліцы.... А ёсць нават дыскусіі па фільмах на фінансавую тэматыку, чаму не?»
Р.: «Галоўнае — атмасфера ўсярэдзіне клуба. Жаданне дзяліцца і браць. Гэта месца, дзе роўны навучае роўнага. Няма месца настаўніку, які гаворыць з кафедры, а ўсе слухаюць, робяць, што ён кажа. Не!»
«Ключавое — гэта ўзаемападтрымка, камфорт, бяспека. Ну, і, канешне, патрэбы. Калі нешта важна і цікава, яно будзе жыць, адгукацца».
У клубах удзельнікі самі бяруць на сябе ініцыятыву, прапаноўваюць тэмы і фарматы. Менавіта таму дзейнасць клубаў планаваць немагчыма: усё залежыць ад ініцыятывы таго, хто першым скажа: «А давайце гэта!». Далей ідэя праходзіць фільтр праз абмеркаванне іншымі ўдзельнікамі. Цікава — робім! Не — значыць, не.
Хто ж яны, удзельнікі клубаў? «Беларусы і беларускі», — усміхаецца Рына. Безумоўна, гэта людзі, якім патрэбны кантакт з іншымі. І тут ужо чалавек сам праходзіць свой шлях ад неафіта-«слухача» да ініцыятара актыўнасцяў. А можа так і застацца слухачом, бо галоўнае — камфорт.
Р.: «Калі пра ўзрост, то ў сярэднім гэта 30+, збольшага жанчыны з вышэйшай адукацыяй, якія жывуць у вялікіх гарадах. Тыя, хто зацікаўлены ў нефармальнай адукацыі і ўласным развіцці».
«Мы адкрытыя для ўсіх. Не абавязкова быць экспертам па генеалогіі, каб далучыцца да клуба «Радавод». Важна, каб табе гэта было цікава».
Вольга распавядае, што, напрыклад, фінансавы клуб узнік па ініцыятыве эксперткі, якая дзеліцца сваімі ведамі.
В.: «Я пыталася, чаму вы гэтым займаецеся? А яна кажа: «Адчула патрэбу дзяліцца». А гэта сапраўды круты спецыяліст у сваёй фінансавай сферы! То-бок чалавек мае кампетэнцыі і гатовы дзяліцца з іншымі? Супер! Так яно і працуе!»

У межах фінансава клуба экспертка дзеліцца сваімі кампетэнцыямі. Ілюстрацыя створана пры дапамозе нейрасеткі
Асноўнае правіла — узаемапавага. Клубы — тэрыторыя бяспекі і камфорту. Не крытыкаваць, не асуджаць. Але слухаць, задаваць пытанні, даваць зваротную сувязь. Карацей, нічога экстрэмальнага. З увагі на тое, што частка ўдзельнікаў знаходзіцца ў Беларусі, клубы не афішуюць сваіх чальцоў.
В.: «Нармальны псіхалагічны момант — спачатку паназіраць, адмаўчацца, адсядзецца, зарыентавацца. Ніхто тут не будзе насядаць з пытаннямі, калі сам не хочаш дзяліцца. А далей яно само круціцца! Нязмушана, арганічна. У гэтым і ёсць свабода. Наш фармат — гэта анлайн, але ніхто не забараняе ўдзельнікам сустракацца і ў афлайне. Гэта ўжо не наша тэрыторыя. Калі людзі знаходзяць адно аднаго, калі ласка!»

У межах адукацыйнага хаба «Нацыя лідараў» дзейнічае клуб псіхалагічнай падтрымкі. Ілюстрацыя з сайта «Нацыі Лідараў»
Самыя папулярныя клубы (па колькасці ўдзельнікаў) — гэта «Радавод» і «Беларускі гай». Але колькасць не самамэта. Устойлівасць, трываласць, супольнасць таксама важныя. А галоўнае — прастора, дзе чалавек можа сказаць «Я магу» — прапаноўваць ці далучыцца да іншых.
В.: «Нашы клубы, як правіла, нараджаюцца з курсаў «Нацыі Лідараў». На апошнім патоку, напрыклад, быў бум на тэму «Радавод». Нас жа гэтаму не тое, каб не вучылі, не было нават з кім паразмаўляць пра гісторыю сваёй сям’і! А тут можна дзяліцца ведамі пра архівы, пошук родных, абменьвацца знаходкамі, сустракацца з экспертамі».

Аўтар курса «Радавод» Ігар Станкевіч. Фота з асабістага архіва Ігара Станкевіча
Р.: «Важны момант — міждысцыплінарная праца. Напрыклад, паміж псіхалогіяй і генеалогіяй у нас нарадзілася тэма «Трансгенерацыйная траўма»: што хаваецца за сямейнымі гісторыямі, як яны ўплываюць на наша жыццё, што з імі рабіць? Радавод — гэта пра ідэнтычнасць, пошук глебы пад нагамі. Асабліва ў крызісныя перыяды».
Кожны клуб — гэта супольнасць. У пэўным сэнсе трамплін для пераадолення атамізацыі, прычым па абодва бакі мяжы. Але... ці не супярэчыць гэта міфу пра беларусаў як «маўклівых партызанаў»?
Р.: «Беларусы — такая ж нацыя, як і іншыя. Ёсць інтраверты і экстраверты. Камусьці камфортна на сваім хутары, без камунікацыі, мы паважаем гэты выбар. Але ёсць шмат людзей, гатовых дзяліцца, размаўляць, падтрымліваць адно аднаго. Вакол багата выклікаў: эміграцыя, новае жыццё, атамізацыя, межы... Наш адказ на ўсё гэта — клубы, чаты выпускнікоў. Давайце размаўляць ды ісці разам!»
Вольга кажа, што часцяком чуе ад удзельнікаў: «Я думаў, што я такі адзін», «думаў, гэта цікава толькі мне...». То-бок мы дасюль часта не бачым адно аднаго, нават калі маем супольныя цікавасці.
Клубы — менавіта такое запрашэнне да размовы. Давайце знаёміцца!
Больш падрабязную інфармацыю пра клубы ад «Нацыі Лідараў» можна знайсці па спасылцы ці напісаўшы на адрас contact@nationofleaders.pl
Калі вы жывяце ў Польшчы, падтрымаць бясплатную адукацыю для беларусаў можна, пералічыўшы 1,5% вашых падаткаў хабу «Нацыя лідараў» (нумар KRS: 0000507234, сel szczegółowy: 106678).