Творы Васіля Быкава не толькі ўтрымліваюць глыбокія думкі пра жыццё, людзей і іх адносіны, але і па-майстэрску адлюстроўваюць перажыванні і ўнутраныя канфлікты чалавека, які трапіў у надзвычайныя абставіны. Сабралі цытаты Васіля Быкава, якія дэманструюць яго погляд на жыццё і чалавечую прыроду. Гэтыя словы могуць стаць для кожнага падставай задумацца ці пераасэнсаваць каштоўнасці.
Васіль Быкаў. Фота Яўгена Коктыша, svaboda.org
Чалавек — зменлiвае стварэнне, i спазнаць яго ў стане зменлiвасцi наўрад цi каму ўдасца.
«Літаратурная Беларусь», гутаркі Юрася Залоскі з Всілём Быкавым, 1995
Чалавек ад жывёлы адрознiваецца тым, што здольны нечым валодаць i распараджацца.
«Літаратурная Беларусь», гутаркі Юрася Залоскі з Всілём Быкавым, 1995
Пры ўсёй сваёй неверагоднай магутнасці над прыродай чалавек, напэўна, доўга яшчэ астанецца ўсё такім жа абмежаваным у сваіх фізічных магчымасцях, калі самага маленькага кавалачка металу даволі на тое, каб назаўсёды адабраць адзінае і такое дарагое для кожнага жыццё.
Сотнікаў. 1969
Жыццё чалавечае надта несувымернае з вечнасцю і што ці пятнаццаць гадоў, ці шэсцьдзесят — усё не болей чымсьці імгненне ў вечнасці часу.
Абеліск. 1971
Шчасце так проста не прыходзiць з Белавежскай пушчы цi хоць бы адкуль там нi было. За яго трэба змагацца.
«Літаратурная Беларусь», гутаркі Юрася Залоскі з Всілём Быкавым, 1995
Чым марнець ды стагнаць, лепш рабіць выгляд, што горшае не настала. Як настане, тады й паякочаш.
Ваўчыная яма. 1998
Пакуты робяць чалавека чалавекам. Чалавек без пакут — трава.
Трэцяя ракета. 1969
Кепска неяк уладкавана ў жыцці, што ўсё — і благое і добрае — пазнаецца часам праз боль няўдач і памылак. Калі побач няма разумнага, добрага сябра, першыя гады твайго самастойнага жыцця — як тыя першыя крокі ў маленстве — багаты на штурхялі і спатыканні.
Здрада. 1960
Таксама як і тысячу год назад, чалавецтва б’ецца над вырашэннем усё тых жа праблем вайны і міру, хлеба, адносін паміж поламі, свабоды, сацыяльнай справядлівасці.
Права на праўду. 1963
Здараецца тое, што і павінна здарыцца — паводле законаў жыцьця. Калі толькі з імі лічыцца.
Камень. 1995-1998
Чалавеку ўласцiва рабiцца разумным пасля паразы.
«Літаратурная Беларусь», гутаркі Юрася Залоскі з Всілём Быкавым, 1995
Людзі стануць з людзьмі як браты, знікнуць фанабэрыя, пагарда, хцівасць і зайздрасць. За час вялікіх пакут людзі навучыліся спагадваць чужому гору, падпарадкоўваць свае імкненні вялікай мэце, у асабістым задавальняцца малым.
Здрада. 1960
Але, як вядома, чалавек уладкаваны гэткім чынам, што калі добра, дык хочацца, каб і яшчэ лепш.
Аб’яднаньне. 1995-1998
Людзі дзеляцца не па саслоўнай ці класавай прыналежнасці, не па прафесіі і пасадах, а на добрых і злосных і на аднаго добрага ў жыцці трапляе дзесяць злосных. І дабрата немагчымая без бога, а са злом у чалавеку абавязкова пасяляецца д’ябал, якому ўжо ніхто не дасць рады.
Кар’ер. 1980-1986
Найгорш у жыцці няпэўнасць: яна адбірае волю да дзеяння.
Мёртвым не баліць. 1965
Цяжка патрабаваць ад чалавека высокай чалавечнасці ў абставінах бесчалавечных, але ж існуе мяжа, за якой чалавечнасць рызыкуе ператварыцца ў сваю процілегласць!
«Як была напісаная аповесць „Сотнікаў“», 1973
Але маманты ня самі сябе пагубілі, а нейкія аб’ектыўныя перамены ў сьвеце. А чалавек? Сам — сябе.
Ваўчыная яма. 1998
На самай справе, чаго варта жыццё толькі дзеля здавальнення свайго, такога дробязнага, самалюбівага, капрызлівага і ненасытнага Я?
Абеліск. 1971
...яго вялікасьць выпадак. Ці правіць ён сьветам, як казалі французы, я ня ўпэўнены, а ўжо лёсам чалавека — пэўна.
Доўгая дарога дадому. 2003
Адчуваньне страху і болю дадзена чалавеку, каб пабольшыць ягоныя шанцы на выжываньне. Што карысьці з адвагі і сьмеласьці, якія ня ведаюць страху?
Абы ціха. 2000-2003
Чытайце яшчэ:
«Гэта для некага ён вялікі пісьменнік, гонар Беларусі, ледзьве не ікона. А для мяне — старэйшы брат. Вася, Васілёк, Васіль»
Топ-7 найлепшых экранізацый твораў Быкава