28 студзеня Іван Сацукевіч (не блытаць з Сусаніным) і падарожная каманда МГА “Гісторыка” запрашаюць вас паблукаць колішнімі шляхамі кантрабандыстаў і бліжэй пазнаёміцца з шэрагам мястэчак уздоўж мяжы 1921-1939гг. Вандроўка ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” пройдзе па маршруце: Мінск – Койданава – Рубяжэвічы – Івянец – Валожын – Ракаў – Мінск.
Лагічна было б блукаць па снезе пешшу – так бы мовіць, для большага заглыблення ў эпоху, але мы вырашылі спыніцца на аўтобусным транспарце. Кава, мікрафон і іншыя выгоды цывілізацыі займелі чыстую перамогу!
Падчас падарожжа вы пабачыце разнастайныя помнікі архітэктуры (палац Тышкевічаў, касцёлы, цэрквы, іешыва і хедер) і археалогіі (а простаю мовай – гарадзішчы), пачуеце самую знакамітую байку пра беларускую чыгунку і байкі (а хто ж цяпер там адрозніць праўду?) з кніжак авантурыста-кантрабандыста Пясецкага, а таксама пабачыце мемарыяльную шыльду ў яго гонар (а за што нашчадкі павесяць шыльду пра вас?).
І вядома ж – гісторыя! Факты, сведчанні, факты.
Хочаце даведацца болей? Будзьма разам!
Месца збору, дакладны час ад’езду, звесткі пра надвор’е і вольныя месцы ў аўтобусе – у Кірылы (+375 29 7610794).