Філіял Нацыянальнага мастацкага музея адкрыўся ў Мінску на праспекце Незалежнасці, 47. Цяпер там прадстаўленая экспазіцыя з музейнага збору пад назвай «Выбранае: жывапіс, графіка, скульптура». Да 20 верасня ўключна наведаць новую прастору можна бясплатна, піша «Наша Ніва».

Скрыншот з відэа «Першага інфармацыйнага»
Як паведаміла генеральная дырэктарка Нацыянальнага мастацкага музея Ірына Мацяc, у філіяле будуць не толькі ладзіць выставы, але і праводзіць лекцыі.
Філіял адкрыўся ў Дзень горада ў межах штогадовай акцыі музея «Вераснёўская ноч». У першы дзень архітэктарка Галіна Левіна прачытала лекцыю пра свайго бацьку — вядомага мінскага архітэктара Леаніда Левіна. У 1990‑я гады на месцы новага філіяла знаходзіліся яго майстэрні.
З нагоды адкрыцця таксама адбыўся канцэрт — перад наведвальнікамі выступіў дуэт віяланчэлі і фартэпіяна.
Раней у гэтым будынку размяшчаўся Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, які пазней ліквідавалі паводле пастановы ўрада Беларусі.