4 o’clock з Брусам Бакнэлам: Жахі вайны

“Нягледзячы на ўвесь жудасны вопыт войнаў ХХ стагоддзя, у Еўропе – а дакладней на паўднёвым усходзе Украіны  працягваецца ўзброенае супрацьстаянне. Да гэтага часу ў Еўропе смуткуюць бацькі, – не прамініце сённяшні вельмі шчыры і кранальны пост Бруса Бакнэла. Амбасадар Яе Вялікасці разважае, ці могуць быць пераможцы ў войнах і што мы мусім памятаць перадусім – гераізм на полі бою ці “жахі вайны” простага чалавека?

Жнівень у Еўропе — месяц адпачынку. Час перавесці дух, прачытаць нарэшце кнігі, што пыляцца на паліцах, павандраваць па новых месцах.

Вайна, якая дагэтуль не скончылася

У жніўні гэтага года мы адзначалі стагоддзе з пачатку Першай сусветнай вайны. Пасылаючы арміі ў бой, кіраўнікі еўрапейскіх імперый лічылі, што вайна скончыцца ўжо да Калядаў. У ліпені я бачыў копіі скульптур “Бацькі ў смутку” нямецкай мастачкі Кетэ Кольвіц. Іх перавозілі з бельгійскай вёскі Владсла, дзе падчас Першай сусветнай загінуў яе сын, у расійскі Ржэў, дзе ў Другую сусветную загінуў ужо ўнук Кольвіц.

parents

1 жніўня я наведаў адкрыццё мемарыяльнага комплексу, прысвечанага Першай сусветнай вайне, у горадзе Смаргонь, што на паўночны захад ад Мінска.

monument

Амаль два гады ён знаходзіўся на перадавой лініі ўсходняга фронту і быў цалкам разбураны. Затым, праз тыдзень, я адправіўся з Мінска ў Гданьск праз вобласць Мазурскіх азёр на паўночным усходзе Польшчы (да 1939 года гэтая вобласць уваходзіла ў склад Усходняй Прусіі), дзе разгарнуліся першыя баі Першай сусветнай вайны.

cemetery

Ну і, вядома ж, я наведаў новы музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску.

museum

Маштабныя мерапрыемствы ў гонар стагоддзя з дня пачатку Першай сусветнай былі арганізаваныя ў Вялікабрытаніі і іншых краінах Еўропы. Некаторыя брытанскія газеты публікавалі артыкулы пра тое, што водгаласы таго канфлікту можна пачуць да гэтага часу. Нягледзячы на ўвесь жудасны вопыт войнаў ХХ стагоддзя, у Еўропе — а дакладней, на паўднёвым усходзе Украіны — працягваецца ўзброенае супрацьстаянне. Да гэтага часу ў Еўропе смуткуюць бацькі.

Вайсковая слава або памяць пра тых, хто загінуў?

Як я ўжо пісаў аднойчы ў сваім блогу, вопыт Першай сусветнай надзейна завалодаў розумамі многіх брытанцаў. Мяне хвалюе тое, колькі кніг па ваеннай гісторыі можна знайсці ў кнігарнях Вялікабрытаніі. У той жа час адзін з найлепшых нашых музеяў, Імперскі ваенны музей, ставіць сабе мэту «забяспечваць і падтрымліваць вывучэнне і разуменне гісторыі сучасных войнаў і жыцця ў ваенны час».

Адзін з калегаў звярнуў маю ўвагу на тое, што савецкая хроніка падзей тых гадоў значна больш увагі надавала баявой славе, чым жахам вайны і памінанню ахвяр. Я бачыў ужо шмат помнікаў ВАВ і згодны з тым, што ў іх хутчэй увекавечаныя перамогі ў баях, чым памяць пра памерлых. Мяркую, гэта абумоўлена тым, што Чырвоная Армія змагалася ў сябе на радзіме.

Але ў Беларусі, мне здаецца, усё па-іншаму. Галоўныя скульптуры мемарыяльнага комплексу ў Смаргоні — гэта простыя салдаты і жанчыны, якія пацярпелі ў Першай сусветнай. У новым музеі ВАВ у Мінску вельмі багатая экспазіцыя, прысвечаная Другой сусветнай вайне, у якую ўваходзіць нават асобнік дадатковага сакрэтнага пратаколу пакта аб ненападзенні паміж нацыстамі і СССР.

Жахі вайны ў паэзіі Уілфрыда Оўэна

Выраз «жахі вайны» — “the pity of war” — належыць пяру Уілфрыда Оўэна, брытанскага паэта часоў Першай сусветнай.

Гэтая фраза — з чарнавікоў Оўэна для прадмовы да зборніка вершаў, які ён спадзяваўся апублікаваць:

Гэтая кніга — не пра герояў. Ангельская паэзія яшчэ не гатовая казаць пра іх.

Яна не пра подзвігі, не пра землі; няма ў ёй ні слова пра славу, гонар, сілу, веліч, панаванне або магутнасць; усё ў ёй — пра Вайну.

І перш за ўсё, мне няма справы да Паэзіі.

Я пішу пра вайну, пра жахі вайны.

Паэзія — у жаху.

Аднак нашаму пакаленню гэтыя вершы не паслужаць суцяшэннем. Наступнаму — магчыма. Усё, што сёння можа зрабіць паэт, — гэта папярэдзіць. Вось чаму сапраўдныя Паэты павінныя гаварыць праўду.

Оўэн праслужыў у брытанскай арміі два апошнія гады вайны. Ён не пайшоў на вайну з самага пачатку, бо працаваў настаўнікам на поўдні Францыі. Аднак ён палічыў сваім абавязкам вярнуцца дадому і пайсці на фронт добраахвотнікам — урад Вялікабрытаніі ўвёў ваенную службу па прызыве ў 1916 годзе.

Дабраўшыся да заходняга фронту, Оўэн з жахам убачыў, у якіх нечалавечых умовах знаходзяцца салдаты ў траншэях. Свае ўражанні ён падрабязна апісаў у лістах да маці, з якой падтрымліваў блізкія адносіны. Але найбольш шчыра і ярка пра жахі вайны ён расказаў у сваіх вершах.

Яго апісанні ахвяры газавай атакі ў “Dulce et Decorum est”, сноў, у якіх ён сустракае забітага ім ворага, у “Strange meeting”, або «пахавання» на полі бітвы ў “Anthem for Doomed Youth”, маюць неверагодную сілу.

Загінуў Оўэн усяго за тыдзень да перамір’я ў 1918 годзе. На той момант пра яго як пра паэта практычна ніхто не ведаў. Але ў ваенным шпіталі ў Эдынбургу ён пазнаёміўся з іншым паэтам, Зігфрыдам Сасунам, які заняўся прасоўваннем паэзіі Оўэна пасля смерці апошняга. Нягледзячы на тое, што вершаў пасля Оўэна засталося не так ужо шмат, ён бадай што адзін з самых вядомых брытанскіх паэтаў.

Бітвы прайграныя і выйграныя

Пасля Другой сусветнай вайны з’явілася мноства кніг і фільмаў, што ўсхваляюць ваенны трыумф Вялікабрытаніі. Напэўна, гэта нядзіўна, бо прычына нашага ўдзелу ў гэтай вайне — супрацьстаянне фашысцкім рэжымам — была нашмат больш відавочная, і да таго ж разам з савецкімі саюзнікамі мы дамагліся відавочнай перамогі.

У 1980-х гадах, калі я стаў дарослым, гэтая тэндэнцыя спынілася. Цяпер наш нацыянальны наратыў пра войны ХХ стагоддзя дый войны наогул — у асноўным аб памяці і ахвярнасці тых, хто загінуў, — пра жахі вайны. Як стагоддзем раней сказаў выбітны брытанскі генерал Артур Велінгтан, які змагаўся з Напалеонам: «Найвялікшае няшчасце, калі не лічыць прайгранай бітвы, — гэта бітва выйграная».