4 o’clock з Брусам Бакнэлам: Перагляд гісторыі, або Што хаваецца за міфамі: 1914 Revisited

“Першая сусветная вайна дамінуе ў калектыўнай памяці брытанцаў гэтак жа, як Вялікая Айчынная вайна — у калектыўнай памяці беларусаў”. Чаму беларусы і брытанцы ставяцца да Першай сусветнай вайны па-рознаму? Якія міфы пра яе існуюць у Брытаніі? І як плануе ўдзельнічаць ва ўшанаванні стагоддзя з пачатку вайны 1914—1918 г. Дэвід Бэкхэм? Расказвае гісторык з адукацыі, а сёння Амбасадар Яе Вялікасці Брус Бакнэл.

Па адукацыі я гісторык, і дысцыпліны, якія я вывучаў на гістарычным факультэце, выкарыстоўваю дасёння. Мне не падабаюцца абагульненні, не пацверджаныя доказамі і не заснаваныя на фактах. Я аддаю перавагу глыбокаму аналізу кантэксту, прычын і наступстваў падзей.

Tarantino.by-2013-Bruce-Bucknell-0676Дыпламат павінен добра разумець гісторыю краіны, дзе працуе. Гісторыя шмат што можа расказаць пра настроі людзей, пра тое, што ім блізка, а што не вельмі.

Менавіта таму мяне як гісторыка так раззлавала выбіральнае выкарыстанне гістарычных фактаў і адсутнасць кантэксту, пра што я і напісаў у пасце аб прапагандзе. Сэнс гісторыі ў тым, каб вучыцца на вопыце мінулага. Ва ўсіх ёсць магчымасць вывучаць гісторыю і рабіць уласныя высновы.

У гэтым годзе спаўняецца сто гадоў з пачатку Першай сусветнай вайны. Мы ўдзельнічаем у серыі памятных мерапрыемстваў у Беларусі (і не толькі) у разам з іншымі краінамі. Але, на жаль, нядаўнія падзеі засланілі сабой гэты юбілей.

Мне здаецца, што зразумець падзеі ХХ стагоддзя ў Еўропе немагчыма без ведаў аб Першай сусветнай. Напрыклад, для брытанцаў жудасныя траўмы, нанесеныя той вайной, сталі асноўнай прычынай таго, што мы не адразу далі адпор фашызму ў мацерыковай Еўропе ў канцы 1930-х гадоў. Пачні мы дзейнічаць раней, ход падзей мог бы скласціся па-іншаму. Але мы не пачалі, а прадметам гісторыі з’яўляецца тое, што здарылася, а не магло здарыцца.

Памяць аб Першай сусветнай вайне ў гэтай частцы свету заслоненая дзвюма расійскімі рэвалюцыямі, якія адбыліся ў час вайны. Як я адзначаў у допісе аб памяці пра вайну, нашыя ўспаміны пра перыяд з 1939 па 1945 гады моцна адрозніваюцца. Нам няма чаго супрацьпаставіць масавым забойствам, асабліва мірнага насельніцтва, на «крывавых землях» (паводле выразу аднаго з сучасных пісьменнікаў) Беларусі, Украіны і Польшчы, пра што я таксама пісаў у блогу ў мінулым годзе.

Таму, напэўна, найлепшым параўнаннем, якое я магу зрабіць, будзе сказаць, што Першая сусветная вайна дамінуе ў калектыўнай памяці брытанцаў гэтак жа, як Вялікая Айчынная вайна — у калектыўнай памяці беларусаў.

Тупіковая сітуацыя на заходнім фронце ў 1914—1918 гадах стала асноўнай крыніцай нашых цяжкіх успамінаў пра тую вайну. Не думаю, што на заходнім фронце загінула больш людзей, чым на ўсходнім, у баях паміж войскамі Расійскай, Германскай і Габсбургскай імперыямі. Але менавіта тое, якім чынам ішла вайна на заходнім фронце, спарадзіла страх, які распаўсюдзіўся на цэлае пакаленне.

Акрамя бітваў у пачатку і канцы вайны, усе баявыя дзеянні вяліся ў вузкім калідоры максімум 80 кіламетраў шырынёй. Дзве арміі ваявалі ў акопах, якія працягнуліся ад швейцарскай мяжы да Паўночнага мора праз паўночны ўсход Францыі і паўднёвы захад Бельгіі. Вайна вялася і на ўсходнім фронце, але на той тэрыторыі сёння, як мне здаецца, памяць пра вайну засланяецца рэвалюцыямі 1917 года.

Вайна была статычнай — салдаты змагаліся ў глыбокіх брудных акопах, выкарыстоўваючы новыя тэхналогіі забойства: аўтаматычную зброю, газ, цяжкую артылерыю. Баявы дух быў не на вышыні, і многія салдаты былі глыбока траўмаваныя бітвамі за адзін і той жа вузкі калідор на працягу чатырох гадоў. На гэтым участку загінула больш за 3 мільёны салдат, што спарадзіла моцнае пачуццё марнасці і азлобленасці за такую ​​вялізную колькасць смерцяў.

Першую сусветную вайну сталі разглядаць як катаклізм, пазбаўленне ад старых парадкаў — па сутнасці, тое самае адбылося і ў Расіі. У выніку вайны набралі моц рухі атэістаў, феміністак, сацыялістаў і пацыфістаў. Шматлікія новыя мастацкія плыні таксама спрабавалі асэнсаваць гэты пераломны момант у гісторыі.

Гэтая калектыўная траўма заставалася адкрытай і пасля Другой сусветнай вайны — барацьбы з ворагам зусім іншага кшталту. Але брытанцы пастаянна вярталіся да падзей Першай сусветнай, спрабуючы разабрацца ў той бессэнсоўнай бойні.

Адной з найбольш уплывовых прац на гэтую тэму была кніга Алана Кларка «Аслы», напісаная ў 1961 годзе. У ёй расказваецца пра генералаў, якія камандавалі брытанскай арміяй падчас Першай сусветнай. Кніга адыграла важную ролю ў станаўленні міфа аб «арміі львоў пад кіраваннем аслоў». Кларк абвінаваціў генералаў у адсутнасці вынаходлівасці і страце цэлага пакалення.

10449927_651421928284933_4741893161968616114_nТвор Кларка, пісьменніка правага толку, які пасля заняўся палітыкай, знайшоў сваё адлюстраванне ў музычнай п’есе «О, што за цудоўная вайна!». Яе аўтарам у канцы 60-х стала Джоан Літлвуд, пісьменніца і тэатральны рэжысёр левых поглядаў. Мюзікл па п’есе дэманстраваўся ў Мінску ў рамках кінапраграмы, прысвечанай вайне.

Мюзікл карыстаўся велізарным поспехам у гледачоў. У ім адлюстраваныя і некаторыя рэальныя падзеі, у тым ліку калядны футбольны матч паміж брытанскімі і нямецкімі салдатамі на нейтральнай тэрыторыі ў 1914 годзе. Гэты матч будзе рэканструяваны ў гэтым годзе, а на чале брытанскай каманды згуляе Дэвід Бэкхэм.

Міф аб ільвах, якімі кіруюць аслы, моцна ўкараніўся ў свядомасці майго пакалення. Але як паказваюць працы сучасных гісторыкаў, рэальнасць, якая стаіць за гэтым і іншымі міфамі, была нашмат больш складанай. Ваеннае жыццё для брытанскіх салдат было не такім ужо жахлівым. На лініі фронту праходзіла рэгулярная ратацыя войскаў, а кармілі салдат значна лепш, чым дома.

Найбольш цяжка даводзілася афіцэрам малодшых рангаў. Іх забівалі ў паўтара разу часцей, чым астатніх салдат, бо яны вялі байцоў у атаку за нейтральную зону. Што да генералаў, то яны спрабавалі выкарыстоўваць новыя тактыкі і віды зброі для выхаду з застою ў вайне. Да канца вайны вынаходніцтва танка дапамагло пераадолець статычны характар ​​вайны.

Падазраю, што, пабывай я ў акопах на заходнім фронце пад пагрозай атручвання газам або смерці пад агнём артылерыі, я б таксама стаў пацыфістам. Аднак заўсёды важна імкнуцца глядзець на рэчы больш маштабна і выходзіць за межы міфаў.

Калі вы можаце параіць мне кнігі пра вайну на ўсходнім фронце, калі ласка, зрабіце гэта ў каментарах. Салдатам напэўна даводзілася там гэтак жа туга, як і на заходнім фронце. Мне вельмі хочацца больш даведацца аб усходнім фронце ў ходзе святкавання гадавіны ў Беларусі сёлета.