У гэты дзень, 24 снежня, у 1798 годзе нарадзіўся знакаміты класік беларускай і польскай літаратуры Адам Міцкевіч. Да 222-годдзя паэта на budzma.by падрыхтаваны топ-5 мясцінаў у Беларусі, звязаных з жыццём і дзейнасцю вядомага творцы.
Фальварак у Завоссі
Адам Міцкевіч нарадзіўся ў сям’і Мікалая Міцкевіча і Барбары, якая паходзіла з роду Маеўскіх. У пачатку XVII ст. фальварак належаў роду Чачотаў. У сярэдзіне стагоддзя фальварак адышоў да братоў Яновічаў, але праз пазыкі ў 1785 годзе перайшоў да роду Міцкевічаў.
Дзіцячыя гады Адама прайшлі менавіта ў гэтай гасподзе. І нават пазней, навучаючыся ў дамініканскай школе ў Наваградку, штолета будучы паэт прыязджаў сюды на вакацыі. На жаль, да нашых дзён арыгінальны фальварак не захаваўся, але дзякуючы творам Напалеона Орды мы можам даведацца, як выглядала гаспадарка Міцкевічаў у Завоссі.
Фальварак Міцкевічаў у Завоссі, мал. Н. Орды.
Насупраць галоўнай хаты знаходзіўся двухпавярховы лямус, дзе на другім паверсе месціўся летні пакой, менавіта ў ім і жыў Адам Міцкевіч.
У пачатку XIX ст. фальварак перайшоў да Стыпулкоўскіх, але ўжо праз паўстагоддзя ўсё было канфіскавана, а зямельныя надзелы падзялілі паміж дробнымі землеўладальнікамі. З пачаткам Першай сусветнай вайны забудовы разабралі, а матэрыялы пайшлі на будаўніцтва бліндажоў, бо не так далёка пралягала лінія фронту. Падчас знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы (1921–1939 гг.) на тэрыторыі былога фальварка ў 1927 годзе быў усталяваны помнік Адаму Міцкевічу.
Ужо ў 1990-я сядзіба Міцкевічаў была адбудаваная па захаваных малюнках і схемах. Цяпер тут месціцца музей Адама Міцкевіча, а да нашых дзён захаваўся невялікі стаў і некалькі старых дрэваў.
Фарны касцёл у Наваградку
Касцёл Перамянення Пана — барочная перліна першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, менавіта ў ім 12 лютага 1799 года быў ахрышчаны Адам Міцкевіч.
Касцёл быў закладзены ў 1395 годзе князем Вітаўтам. На жаль, звестак пра тое, як першапачаткова выглядаў храм, не засталося, ёсць меркаванне, што гэта быў драўляны храм. У 1422 годзе польскі кароль Уладзіслаў Ягайла пабраўся шлюбам з княгіняй Гальшанскай Соф’яй, якая стала родапачынальніцай дынастыі Ягелонаў.
Фарны касцёл у Наваградку, мал. Н. Орды
У 1723 годзе замест драўлянага храма быў збудаваны мураваны касцёл у барочнай стылістыцы.
Мармуровая таблічка ў касцёле пра
хрышчэнне Адама Міцкевіча
Падчас Другой сусветнай вайны, 1 жніўня 1943 года, нацысты расстралялі 11 сясцёр-мучаніцаў, што служылі ў гэтым касцёле. Сёстры ахвяравалі жыццём за 120 чалавек, арыштаваных і асуджаных на расстрэл, замест смяротнага пакарання тых накіравалі на працы ў Нямеччыну.
Камень філарэтаў
За кіламетр ад вёскі Карчава, ва ўрочышчы, знаходзіцца вялікі шэра-ружовы камень, які памерамі ўражвае не толькі дзяцей, але і дарослых (даўжыня — 4,1 м, шырыня — 1,9 м, вышыня — 3 м). Акрамя таго што гэта самы вялікі камень у Берасцейскай вобласці, ён вядомы тым, што каля яго збіраліся студэнты Віленскага ўніверсітэта, чальцы таемнага згуртавання філарэтаў. Сярод яго ўдзельнікаў былі Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан, Ігнат Дамейка і інш. Сам валун згадваецца ў паэме Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Таксама навукоўцы не выключаюць, што менавіта каля гэтага каменя ўпершыню прагучала «Песня філарэтаў».
Камень філарэтаў
Нават камень цалкам не захаваўся да нашых дзён, бо падчас Першай сусветнай вайны яго спрабавалі ўзарваць, каб засыпаць найбліжэйшую палявую дарогу шчэбнем.
Фальварак Туганавічы
Фальварак у вёсцы Туганавічы лічыцца правобразам сядзібы Сапліцова з самага знакамітага твору Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Насамрэч у Туганавічах жыла сям’я Марылі Верашчакі — галоўнага, але, на жаль нешчаслівага кахання Адама.
У перыяд 1815–1820 частымі гасцямі ў гэтым фальварку былі філарэты, сярод якіх быў Адам Міцкевіч. У 1818 годзе ў Адама і Марылі, дачкі гаспадара гэтых мясцінаў, пачалося ўзаемнае, няспраўджанае і няшчаснае каханне, бо Марыля ўжо была заручаная з графам Ваўжынцам Путкамерам, з якім пабралася шлюбам у 1821 годзе.
Фальварак Туганавічы, мал. Н. Орды
Але і пазней Міцкевіч не забудзецца на гэтыя мясціны і будзе пісаць «...і вечна сняцца мне Наваградак і Туганавічы». Бо адсюль класік літаратуры пазычыць шмат правобразаў і сюжэтаў для сваіх твораў.
Дом-музей Адама Міцкевіча
У 1804 годзе бацька Адама Міцкевіча Мікалай набыў у Наваградку сядзібу, пасля пажару драўляны будынак быў знішчаны, тады ў 1807 годзе была збудаваная цагляная сядзіба, дзе жыла сям’я Міцкевічаў. Пасля смерці бацькі ў 1812 годзе сям’я пераехала ў флігель на тэрыторыі гэтай сядзібы. Са смерцю маці ў 1820 годзе ўладальнікам зямлі і дома стаў старэйшы брат Адама Францішак.
У 1833-м за ўдзел у паўстанні 1830–1831 гадоў у Францішка канфіскавалі сядзібу. У 1881 годзе згарэў дом, але праз некалькі гадоў яго адбудавалі.
Дом Міцкевічаў у Наваградку
Першыя крокі па стварэнні ў гэтым будынку музея адбыліся ў 1920 годзе паводле ўказу рэвалюцыйнага камітэта Навагрудскага ўезда, але праз некалькі тыдняў горад быў заняты польскімі войскамі. У чэрвені 1931 года на будынку ўсталявалі памятную дошку, якая сведчыла пра тое што «тут у пачатку жыцця раскрыў свае крылы для паэтычнага ўзлёту Адам Міцкевіч».
Тады ж, у 30-я гады мінулага стагоддзя, пачала збірацца экспазіцыя будучага музея, і ўжо 11 верасня 1938 года музей распачаў працу. Пасля далучэння тэрыторыі Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе музей быў перададзены Народнаму камісарыяту асветы БССР. З пачаткам Другой сусветнай вайны будынак быў разбураны нямецкай бомбай, а ў 1945 годзе большасць экспанатаў была вывезеная ў Польшчу.
Музей працуе і сёння, сярод экспанатаў сабраныя асабістыя рэчы Адама Міцкевіча і яго сваякоў, элементы хатняга інтэр’еру, а таксама сямейныя дакументы роду Міцкевічаў.
Антон Шаранкевіч, budzma.by