Не горш за Амерыку і Заходнюю Еўропу. Як бы выглядаў Мінск, калі б былі рэалізаваныя даваенныя савецкія праекты

За два даваенныя дзесяцігоддзі правінцыйны Мінск ператварыўся ў сталіцу савецкай Беларусі. З’явіліся такія важныя і маштабныя аб’екты як Дом урада, Оперны тэатр, будынкі ўніверсітэтаў, клінік, тэатраў, банкаў і міністэрстваў. Але не ўсе праекты ўдалося рэалізаваць, частка з іх засталася на паперы, піша «Наша Ніва».

Tak by vyhliadaŭ Dom radyjo ŭ Minsku, kali b mižvajenny prajekt byŭ realizavany
Так бы выглядаў Дом радыё ў Мінску, калі б міжваенны праект быў рэалізаваны. Фота: тэлеграм-канал «Беларускі піонэр», згенеравана нейрасеткай

Цяпер гэтую «папяровую архітэктуру» здольны ажывіць штучны інтэлект. Падборку найбольш значных нерэалізаваных праектаў, апрацаваных нейрасеткамі, апублікаваў тэлеграм-канал «Беларускі піонэр».

Не спрабуйце пазнаць суседнія вуліцы і дамы. Паколькі праекты не былі прывязаныя да канкрэтнага месца, штучны інтэлект упісаў іх у ўяўныя мінскія краявіды.

Eskiz prajekta Doma radyjo ŭ Minsku. 1936 h.
Эскіз праекта Дома радыё ў Мінску. 1936 г.

Vieža Doma radyjo
Вежа Дома радыё магла бы стаіць дамінантай беларускай сталіцы. Фота: тэлеграм-канал «Беларускі піонэр», згенеравана нейрасеткай

Адным з самых амбіцыйных нерэалізаваных праектаў міжваеннага часу ў Мінску з’яўляецца праект Дома радыё 1936 года, які быў выкананы архітэктарамі Наталляй Макляцовай і Аляксандрам Воінавым у стылі савецкага ар-дэко. Будынак вянчала высокая вежа, якая б стала дамінантай Мінска.

Агулам ар-дэко — дарагі буржуазны стыль, які асабліва ярка ўвасобіўся ў даваенных нью-ёркскіх небаскробах, але яго эстэтыка пранікала і ў працы савецкіх архітэктараў, як у праект Опернага тэатра аўтарства Лангбарда, так і ў нерэалізаваны праект Дома радыё.

Vučebny korpus Mienskaha partyjna-vučebnaha haradka
Як бы выглядаў вучэбны корпус Менскага партыйна-вучэбнага гарадка. Фота: тэлеграм-канал «Беларускі піонэр», згенеравана нейрасеткай

Vučebny korpus Mienskaha partyjna-vučebnaha haradka
Як бы выглядаў вучэбны корпус Менскага партыйна-вучэбнага гарадка. Фота: тэлеграм-канал «Беларускі піонэр», згенеравана нейрасеткай

Prajekt vučebnaha korpusa Mienskaha partyjna-vučebnaha haradka. 1935 h.
Праект вучэбнага корпуса Менскага партыйна-вучэбнага гарадка. 1935 г.

Яшчэ адным звернутым увысь нерэалізаваным праектам быў праект вучэбнага корпуса Менскага партыйна-вучэбнага гарадка, чый праект стварылі ў 1935 годзе архітэктары Аляксандр Воінаў і Раман Столер пры ўдзеле Ідальчыка. Будынак меў ступеньчатае завяршэнне, на вяршыні якога стаяла вялікая статуя, відаць, Леніна з выстаўленай рукой.

Krylataja fihura Respubliki na placinie Huviera. 1937 h.
Крылатая фігура Рэспублікі на плаціне Гувера. 1937 г. Фота: Wikimedia Commons

Matyŭ krylatych fihur
Гэты матыў крылатых фігур, якія вянчаюць архітэктурныя элементы на фасадах, вядомы з ранніх помнікаў ар-дэко, якія былі яшчэ на мяжы з мадэрнам, але ўжо адышлі ад фларыстычных матываў у бок геаметрызму — як гэта можна бачыць у выпадку з венскім касцёлам Ам Штайнгоф архітэктара Ота Вагнера. 1907 г. Фота: Wikimedia Commons

На карнізе таксама можна заўважыць дзіўныя аб’екты — можа быць, гэта проста кампазіцыі з вазамі і савецкімі сцягамі, але іх сілуэты больш за ўсё нагадваюць спрошчаны варыянт упадабанага ў ар-дэко матыву крылатых людзей, як тых, што ўпрыгожваюць даваенную плаціну Гувера ў ЗША — хутчэй, не анёлаў-заступнікаў, а Ікараў, як сімвалаў імкнення чалавецтва да прагрэсу, палёту тэхнічнай думкі і веры ў магутнасць розуму. Усё гэта адпавядала і духу савецкага авангарду.

Budynak lazniaŭ z basiejnami
Як бы выглядаў будынак лазняў з басейнамі. Фота: тэлеграм-канал «Беларускі піонэр», згенеравана нейрасеткай

Prajekt budynka lazniaŭ z basiejnami ŭ Minsku. 1935 h.
Праект будынка лазняў з басейнамі ў Мінску. 1935 г.

Teatr na Jelisiejskich paliach u Paryžy. 1910‑ja hh.
Тэатр на Елісейскіх палях у Парыжы. 1910‑я гг. Фота: Wikimedia Commons

Яшчэ адным неарэалізаваным будынкам, чыя савецкая архітэктура пераклікаецца з буржуазным ар-дэко, быў праект будынку лазняў з басейнамі, распрацаваны архітэктарам Марагоўскім у 1935 годзе. Яго архітэктура, як раней адзначаў аўтар канала, вельмі нагадвае архітэктуру Тэатра на Елісейскіх палях — першага ў Парыжы будынка ў стылі ар-дэко, пабудаванага яшчэ ў 1910‑я гады па праекце братоў Агюста і Гюстава Перэ.

Bataničny sad Akademii navuk
Як бы выглядалі аранжарэі батанічнага сада Акадэміі навук. Фота: тэлеграм-канал «Беларускі піонэр», згенеравана нейрасеткай

Prajekt aranžarei bataničnaha sada Bielaruskaj akademii navuk. 1936 h.
Праект аранжарэі батанічнага сада Беларускай акадэміі навук. 1936 г.

Да гэта ж шэрагу належыць і нерэалізаваны праект аранжарэі батанічнага сада Акадэміі навук, які выканаў архітэктар Уладзімір Вараксін у 1936 годзе — з каланадай на квадратных слупах і высокім ступеньчатым аб’ёмам цэнтральнай аранжарэі, зашклёны цыліндрычным шкляным скляпеннем, і з вялікім паўцыркульным акном у тарцы, падобным да тых, што можна пабачыць на амерыканскіх вакзалах 1930‑х гадоў.

Druhi dom spiecyjalistaŭ
Як бы выглядаў Другі дом спецыялістаў. Фота: тэлеграм-канал «Беларускі піонэр», згенеравана нейрасеткай

Druhi dom spiecyjalistaŭ
Праект Другога дома спецыялістаў

Не быў рэалізаваны ў 1930‑х гадах і праект Наталлі Макляцовай, якая прапанавала канструктывісцкі праект Другога дома спецыялістаў. Незразумела, ці быў гэта варыянт таго першага, сумнавядомага дома, які быў пабудавалі ў 1934 годзе каля касцёла Святога Роха і разбураны ў час вайны, ці ўжо новы дом у іншым месцы.

У другой палове 1930‑х гадоў У Савецкім Саюзе на змену авангардным пошукам прыходзіць кансерватыўны разварот ва ўсіх сферах жыцця, у тым ліку ў архітэктуры: на змену авангардным кірункам — канструктывізму і ар-дэко — прыходзіць неакласіка, забытая пасля рэвалюцыі.

Treci dom savietaŭ
Як бы выглядаў Трэці дом саветаў. Фота: тэлеграм-канал «Беларускі піонэр», згенеравана нейрасеткай

Prajekt Treciaha doma savietaŭ
Праект Трэцяга дома саветаў

Новыя густы адлюстроўвае праект Трэцяга дома саветаў, спраектаваны ў 1936 годзе архітэктарамі Воінавым, Вараксіным і Столерам — тут і руст пад камень, і развітыя прафіляваныя карнізы, і калоны з пышнымі капітэлямі — усё, што будзе і ў пасляваенным «сталінскім ампіры». Дом планавалася пабудаваць на вуліцы Свярдлова, але гэтага так і не было зроблена.

Гэтыя візуалізацыі дазваляюць убачыць, якім мог быць Мінск — горадам з арыгінальнай архітэктурай 1930-х, якая парадаксальным чынам называецца савецкай, але пераймае найлепшыя ўзоры заходняй архітэктуры.