5 прычынаў «прыліпання» да канапы і як іх пераадолець

Напэўна, кожны з нас сутыкаўся з такой сітуацыяй, калі падымаешся ранкам з ложка і ўжо стомлены. Цела не хоча варушыцца, няма ні сілаў, ні жадання зрабіць хаця б што-небудзь. Адзінае, чаго хочацца, — сядзець ці ляжаць на канапе.


апатыя 1Калі нічога не хочацца. Фота: artforintrovert.ru

З-за чаго бывае такі стан і як з яго выйсці — давайце разбірацца!

1-я прычына — праблемы са здароўем

Самы відавочны чыннік. Вы схапілі прастуду альбо перанеслі кавід, ангіну, грып і т. п. Здаецца, і ачунялі ўжо, а сілаў няма.

Такія натуральныя наступствы перанесенай хваробы проста трэба «вылежаць» (альбо хаця б сядзець, калі ляжаць ужо косці баляць). У гэты перыяд важна сачыць за сваім харчаваннем: ладзіць дадатковыя «карысныя перакусы», дадаваць у свой рацыён марскую рыбу, яйкі, свежыя ягады, садавіну і гародніну па максімуме. Піць больш вадкасцей: морсы, гарбаты з зёлак, сокі, проста чыстую ваду. А вось ад кавы лепш адмовіцца ці значна скараціць яе спажыванне.

А каб «не заляжацца», паступова дадавайце фізічную актыўнасць. Напачатку гэта могуць быць проста «прагулкі» па пакоі, каб адкрыць фортку і праветрыць памяшканне. Падключайце дыхальныя практыкі і «ляжачыя» практыкаванні — што-небудзь лёгкае для выканання і вясёлае.

апатыя 2Калі нічога не хочацца

У такіх выпадках вельмі важна не дакараць сябе думкамі, кшталту «ой, столькі працы накапілася, а я ляжу», «ліхаманкі няма, значыць трэба ўжо заняцца справамі, а не ляжаць», «ды што са мной не так» і т. п. І не дазваляць рабіць гэта іншым.

Калі нехта намагаецца дакараць вас за гультайства, прапускайце міма, не дазваляйце гэтым дакорам пасяліцца ў вашым сэрцы. Дрэнныя думкі і папрокі не дапамогуць вам хутчэй акрыяць і вярнуцца да звыклага рытму жыцця. Але сапсуюць настрой і выцягнуць тыя рэшткі энергіі, што засталіся пасля хваробы, дакладна.

2-я прычына — моцная фізічная стома

Калі напярэдадні вы працавалі некалькі тыдняў без выходных, альбо актыўна папрацавалі, пасля інтэнсіўна пазаймаліся ў спартыўнай залі, а ўвечары сябры вас выцягнулі на шпацыр, то жаданне паабдымацца з канапай цалкам натуральнае.

Тут таксама варта саступіць патрэбам цела і абраць для сябе занятак, які вымагае мінімум фізічнай актыўнасці. Пачытаць, пазаймацца рукадзеллем, паглядзець адукацыйныя відэа, пачысціць працоўны стол на камп’ютары і т. п.

Таксама дапамогуць хутчэй адліпнуць ад канапы масаж ці самамасаж самых навярэджаных цягліц, цёплая ванна ці кантрасны душ.

3-я прычына — трывожнасць ці страх

Бывае, што фонам стаіць нейкае нявырашанае пытанне альбо страх перад нейкай падзеяй. І гэта проста паралізуе. Здаецца, і не стомлены, і не хворы, але адарвацца ад канапы немагчыма, сядзіш і глядзіш у сцяну.

У такіх выпадках проста «адляжацца» не дапаможа. Тут трэба знайсці, што вас турбуе. Для гэтага можна выкарыстоўваць розныя практыкі.

Напрыклад, можна пачаць пісаць дзённік. Проста апісваць падзеі апошніх дзён і тое, што вы адчувалі/адчуваеце ў сувязі з імі. Якія пытанні і задачы паўсталі перад вамі. Пачаўшы такі аналіз, хутчэй за ўсё, вы знойдзеце той момант, што вас напружыў і зараз «фаніць», замінаючы жыць у звыклым рытме.

Чытайце па тэме:

5 прычын, чаму варта весці дзённік, і практычныя парады, як лепш гэта рабіць

дзённікРабіце самыя простыя фізічныя практыкаванні. Фота: psychologies.ru

Калі ніяк не можаце вызначыцца, што ж вам муляе, можна «адшукаць» стопар у целе. Для гэтага кладзіцеся на роўную паверхню (лепш — на падлогу) так, каб ногі і рукі не перакрыжоўваліся. Заплюшчыце вочы і ўнутраным позіркам паглядзіце на сябе. Пастарайцеся «ўбачыць», дзе ў вашым целе адбываецца «нешта не тое» (магчыма, нейкае зацямненне ці непрыгожы колер альбо нешта падобнае на кляксу, што вам не падабаецца).

Уявіце, як гэтая непрыемная рэч сцякае з вашага цела, прасочваецца скрозь падлогу і раствараецца ў зямных нетрах. Вызваліўшы такім чынам сваё цела ад стопару, вы хутка вернецеся да звыклага рытму. Магчыма, спатрэбіцца выканаць практыкаванне не адзін раз.

Вельмі эфектыўным сродкам у такой сітуацыіі таксама з’яўляецца медытацыя. Падабраць штосьці адпаведнае вашаму настрю зараз лёгка можна ў сеціве. Альбо проста ўключыць медытатыўную музыку.

Чытайце па тэме:

Медытацыя для ўсіх як спосаб псіхалагічнай дапамогі: з чаго пачаць

4-я прычына — цяжар нявыказанага

Часам у нас назапашваецца велізарны аб’ём нявыказанага. Усплываюць нейкія крыўды, цяжкія жыццёвыя сітуацыі альбо, наадварот, яркія цудоўныя моманты жыцця. Эмоцыі бурляць, розум кіпіць. І калі не падзяліцца, не прагаварыць, то ўсё гэта ляжа вялікім цяжарам і проста паралізуе вашу актыўнасць. Без дай прычыны знікне ўвесь імпэт нешта рабіць.

Тут рэцэпт дапамогі вельмі просты — выкажыцеся, падзяліцеся з Сусветам сваімі думкамі, успамінамі, хваляваннямі, адкрыццямі. У ідэале варта пагутарыць з блізкім чалавекам. Хаця можа стацца і так, што выказацца будзе прасцей незнаёмцу.

Але калі вы не адчуваеце ў сабе смеласці, каб расказаць пра штосьці жывому чалавеку, падыдуць і практыкі пісьма — даверце свае таямніцы і перажыванні дзённіку.

Тут варта звярнуць асаблівую ўвагу на свой стан, унутраныя перажыванні. Абазначайце іх словамі, карцінкамі, вобразамі. Апісвайце ўсе дробязі, усе адценні сваіх эмоцый і адчуванняў. Чым больш вы «выгрузіце», тым лягчэй будзе рухацца далей, ісці наперад.

Увогуле добра завесці сабе такую практыку і час ад часу (інтэрвалы залежаць ад напоўненасці вашага жыцця падзеямі і аб’ёму вашых эмацыйных рэакцый на іх) эмацыйна разгружацца. Завядзіце традыцыю вячорак з сябрамі ці адным блізкім чалавекам альбо «дзень (вечар, ноч) дзённіка». Папрактыкуйце так, і вы заўважыце, наколькі прасцей стане жыць і рухацца.

5-я прычына — вялікі спіс задач

Яшчэ адной прычынай заліпання на канапе можа стаць пратэст вашага арганізма супраць перагрузкі. Калі вы навесілі на сябе так шмат пытанняў і задач, што мозг не разумее, з чаго пачаць, і проста стапарыць. Альбо, калі пастаўленыя задачы падаюцца вельмі складанымі. Такі стан часта называюць «сяджу ў прастрацыі».

Тут варта ўзгадаць прыём «Як з’есці слана? — Па кавалках». То-бок складаеце спіс усяго, што вы мусіце зрабіць у бліжэйшы тыдзень (месяц). Расстаўляеце прыярытэты: спачатку па важнасці для вас, пасля — па тэрмінах выканання.

Магчыма, нешта можна адкласці, нешта — дэлегаваць іншым. Запісваеце па пунктах атрыманы спіс. Так мозгу будзе значна прасцей зарыентавацца і энергія пойдзе на вырашэнне дакладных задач, а не на тое, каб вызначыцца, з чаго пачаць.

Толькі складаючы такі спіс, абавязкова ўносьце радок «адпачынак» і рэальна супастаўляйце колькасць справаў і 24-хгадзінныя суткі.

практыкаванніФота: pexels.com

Калі ж мозг «бунтуе» супраць занадта складанай ці аб’ёмнай задачы, таксама бярэмся за паперу і асадку. Малюем цалкам задачу. Разбіваем яе на кавалачкі — больш дробныя ці больш зразумелыя на дадзены момант для вас падзадачы. Размяркоўваем іх па тэрмінах выканання альбо па чарзе (напрыклад, нельга зрабіць пост у інстаграм перш, чым вы напішаце патрэбны тэкст і абярэце адпаведнае фота).

Насупраць тых пунктаў, дзе вы не ведаеце, як гэта зрабіць, пішыце нататкі — што вам патрэбна для таго, каб усё ж справіцца з гэтай задачай (пачытаць нешта дадатковае, папрасіць дапамогі ў знаёмых і т. п.). Такім чынам, алгарытм дзеянняў гатовы, можна прыступаць да яго выканання!

Натхнення і сілаў кожнаму з нас!

Вікторыя Лебедзева, budzma.org

Чытайце яшчэ:

Як захоўваць рэсурсны стан ва ўмовах працяглага стрэсу? Ментальныя практыкі ў дапамогу