Дзякуючы новым архіўным знаходкам стала вядома першае пісьмовае згадванне старажытнай вёскі Порплішча ў Докшыцкім раёне. Гэты год для населенага пункта стаў юбілейным, паведамляе Добры канал са спасылкай на БЕЛТА.
У 1511 князь Сямён Чартарыйскі прадаў Юрыю Зяновічу, ўладальніку суседняга маёнтка Глыбокае, сяло Порплішча.
«Дакумент аб куплі-продажы вёскі складзены ў Смаргоні, якая была адной з рэзідэнцый Зяновічаў 8 ліпеня 1511 года. Ён напісаны на старабеларускай мове — афіцыйнай мове Вялікага княства Літоўскага. У канцы дакумента пералічваюцца асобы, якія былі сведкамі заключэння здзелкі. Сярод іх самы высокі статус меў Іван Сапега — пісар вялікага князя, выдатны дзяржаўны дзеяч і дыпламат. Да дакумента прыкладзеная і пячатка самага вялікага князя Жыгімонта Старога», — адзначыў мясцовы краязнаўца Кастусь Шыталь.
Раней першы ўспамін пра Порплішча ставіўся да 1529 года. Сёння Порплішча — цэнтр аднайменнага сельсавета ў Докшыцкім раёне, аграгарадок размешчаны ў 10 км ад райцэнтра. Пражывае ў Порплішча каля 700 чалавек.