Дата 22 чэрвеня дагэтуль з’яўляецца важнай у афіцыйным беларускім календары і сакральнай для ўлады ў Беларусі, якая прэзентуе сябе як пераемніцу «Вялікай Перамогі». Аднак прафесійнымі гісторыкамі і незалежнымі даследчыкамі гэтая дата ўспрымаецца хутчэй як пачатак савецка-нямецкага канфлікту ў межах Другой сусветнай вайны, а не пачатак так званай «Вялікай Айчыннай».
Звычайна кажуць, што 22 чэрвеня 1941 года войскі гітлераўскай Германіі без аб’яўлення вайны ўварваліся ў Савецкі Саюз, парушыўшы двухбаковую дамову аб ненападзе. Тыя страшныя падзеі 1941–1945 гадоў былі акрэслены тэрмінам «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа» толькі пасля парада Перамогі ў Маскве. У далейшым «Вялікай Айчыннай вайной» у савецкай гістарыяграфіі называлі вайну Савецкага Саюза супраць нацысцкай Германіі і яе хаўруснікаў. Аднак ці з’яўляюцца гэтыя падзеі Вялікай Айчыннай вайной наогул — і для Беларусі ў прыватнасці?
У другой палове 1930-х гадоў міжнародная абстаноўка ў Еўропе была напружанай — адчувалася, што ваенныя дзеянні непазбежныя. Асаблівую ролю ў развязванні Другой сусветнай вайны адыгрывалі два таталітарныя рэжымы — сталінскі Савецкі Саюз і гітлераўскі Трэці Рэйх. Паміж Германіяй і Савецкім Саюзам 23 жніўня 1939 года ў Маскве была падпісана дамова аб ненападзе на 10 гадоў. Падпісвалі яе народны камісар замежных спраў СССР В. Молатаў і міністр замежных спраў Германіі І. фон Рыбентроп. Да дамовы быў прыкладзены так званы «сакрэтны дадатковы пратакол», які размежаваў сферы ўзаемных інтарэсаў СССР і нацысцкай Германіі ва Усходняй Еўропе.

Сакрэтны пратакол пакта Молатава — Рыбентропа. Крыніца: wikipedia.org
У адпаведнасці з першым пунктам пратакола бакі дамовіліся, што ў выпадку тэрытарыяльна-палітычнага пераўладкавання ў Балтыі (Фінляндыя, Эстонія, Латвія, Літва) паўночная мяжа Літвы з’яўляецца мяжой сфер інтарэсаў СССР і Германіі. Абодва бакі прызнавалі інтарэсы Літвы адносна Віленшчыны. У другім пункце адзначалася, што ў выпадку тэрытарыяльна-палітычнага пераўладкавання абласцей, якія ўваходзілі ў склад Польшчы, мяжа сфер інтарэсаў СССР і Германіі будзе праходзіць прыблізна па лініі рэк Нараў, Вісла і Сан. У трэцім пункце Германія прызнавала інтарэс СССР да Бесарабіі (сённяшняя Малдова), якая з 1918 года знаходзілася ў складзе Румыніі.

Прывітальная арка ў Брэсце з нацысцкай і савецкай сімволікай. Крыніца: wikipedia.org
1 верасня 1939 года адбылася ваенная агрэсія Трэцяга Рэйха ў дачыненні да Польшчы, пазней падтрыманая кіраўніцтвам Савецкага Саюза. Адпаведна, першыя баі ў Брэсцкай крэпасці адбыліся яшчэ ў 1939 годзе. 14 верасня 1939 года да крэпасці падышлі перадавыя часткі 19-га танкавага корпуса германскай арміі. Палкі пад камандаваннем польскага генерала Канстанціна Плісоўскага да 17 верасня абаранялі крэпасць. Пасля таго як супраціў стаў бесперспектыўным у сувязі з уступам на тэрыторыю Польскай Рэспублікі Чырвонай Арміі, абаронцы Брэсцкай крэпасці вырашылі пакінуць яе. Але ў ёй засталіся добраахвотнікі на чале з капітанам Вацлавам Радзішэўскім, якім давялося супрацьстаяць ужо савецкаму войску.
22 верасня 1939 года на вуліцы Люблінскай уніі ў Брэсце адбыўся сумесны парад. Перад трыбунай, на якой стаялі генерал Хайнц Гудэрыян і камбрыг Сямён Крывашэін, прамаршыравалі спачатку нямецкія часткі (полк 20-й матарызаванай дывізіі Вермахта, узвод матацыклістаў, два дывізіёны артылерыі), а пазней — савецкія (аркестр, пяхота, артылерыя і некалькі танкаў).
Жаўнеры сталінскага Савецкага Саюза і гітлераўскай Германіі на парадзе ў Брэсце. Крыніца: babel.ua
Наогул пачатак саракавых гадоў праходзіў пад знакам небывалай «любові» Савецкага Саюза і Трэцяга Рэйха. У цэнтральных савецкіх газетах рэгулярна друкаваліся артыкулы пра «братоў па зброі, якія ваююць з брытанскімі імперыялістамі». Савецкія нафта, збожжа, нікель, алюміній і іншая стратэгічная сыравіна спраўна пастаўляліся нацыстам. СССР наведвалі дэлегацыі нямецкіх дыпламатаў, адміністратараў і вайскоўцаў, прытым прадстаўнікі Вермахта сталі ганаровымі гасцямі падчас парада 1 мая 1941 года на Чырвонай плошчы.
Праўда, далейшы ход гісторыі паказаў, наколькі шчырымі былі тыя «братэрскія» адносіны. Таму з упэўненасцю можна зрабіць выснову, што 22 чэрвеня 1941 года пачаўся савецка-нямецкі ваенны канфлікт 1941–1945 гадоў, які праходзіў у кантэксце Другой сусветнай вайны. Больш за тое, ваеннае сутыкненне паміж дзвюма таталітарнымі дзяржавамі было непазбежным, бо абедзве краіны праводзілі агрэсіўную мілітарысцкую знешнюю палітыку, плануючы распаўсюдзіць свой ідэалагічны і палітычны ўплыў на іншыя еўрапейскія краіны.
У 2022 годзе Лукашэнка сваім указам змяніў афіцыйную назву даты 22 чэрвеня. Цяпер яна стала называцца «Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа». Але наколькі яна важная для сапраўднай гісторыі Беларусі?
Ні для каго не сакрэт, што Другая сусветная вайна пачалася для заходняй часткі краіны ўжо ў 1939 годзе. Гэта азначае, што Беларусь была ўцягнутая ў вайну не 22 чэрвеня 1941 года, а 1 верасня 1939-га. Акурат тады на беларускія гарады ўпалі першыя бомбы — то-бок на землях Заходняй Беларусі ўжо ў тыя дні ішлі паўнавартасныя ваенныя дзеянні. Нямецкая авіяцыя бамбіла Гродна, Кобрын, Пінск, Ганцавічы, Баранавічы, Ліду — бамбавікі арыентаваліся па радыёсігналах, якія транслявала мінская радыёстанцыя.

Афіцыйная прэзентацыя дня 22 чэрвеня на дзяржаўным узроўні. Kрыніца: warmuseum.by
Асабліва моцна на працягу першай паловы верасня немцы бамбілі Брэст. Першыя ўдары былі нанесеныя па казармах у крэпасці ўжо 2 верасня. А 7 верасня бамбардзіроўку зазнаў і цэнтр горада, куды з Варшавы перабралася камандаванне польскай арміі, у тым ліку галоўнакамандуючы, маршал Эдвард Рыдз-Сміглы.
Больш за тое, нямала нашых суайчыннікаў служыла ў Войску Польскім і ў яго складзе прыняло бой з вермахтам. Вялікая колькасць беларусаў тады трапіла ў палон.
Паводле звестак Беларускага камітэта ўзаемадапамогі, на рубяжы 1940–1941 гадоў колькасць беларускіх ваеннапалонных у Германіі дасягала 70 тысяч чалавек (пазней яны былі пераведзеныя ў статус цывільных рабочых і працавалі на нямецкіх прадпрыемствах паводле працоўных дамоў).
Нягледзячы на гэта, яшчэ за савецкім часам дата 22 чэрвеня была важнай цаглінкай ідэалагічнага вобраза і міфа пра так званую Вялікую Айчынную вайну. Як адзначае ўкраінскі гісторык Уладзіслаў Грыневіч:
«Вайна з яе шматлікімі рэальнымі і міфічнымі праявамі гераічнасці і ахвярнасці ўяўляла з сябе выдатны матэрыял для стварэння патрыятычных знакаў і ўзораў калектыўнай памяці. Больш за тое, агульная барацьба савецкіх народаў давала магчымасць, не ігнаруючы, а хутчэй наадварот, акцэнтуючы ўвагу на мясцовай спецыфіцы, ствараць мадэль агульнага патрыятызму — агульнай савецкай ідэнтычнасці.
Такім чынам, міф пра Вялікую Айчынную вайну, базавую аснову якога складалі ідэалагемы пра маральна-пaлітычнае адзінства савецкага грамадства, пра кіроўную ролю камуністычнай партыі, пра адзінства партыі і народа, фронту і тылу, пра палымяны савецкі патрыятызм і масавы гераізм, пра сяброўства народаў і таму падобнае, закліканы быў адыграць адмысловую ролю ў яднанні савецкага грамадства».
Пры гэтым Перамога пераўтвараецца ў сродак легітымацыі камуністычнай улады не толькі ў саюзным маштабе, але і набывае сусветнае значэнне. Вельмі паказальна, што ў брэжнеўскія часы «Вялікая Айчынная вайна» паступова адцясняе на другі план нават Кастрычніцкую рэвалюцыю як фундаментальны міф камуністычнай сістэмы. Гэты перыяд адзначаецца найбольшай папулярызацыяй, міфалагізацыяй і гераізацыяй савецка-нямецкага ваеннага канфлікту.
Разам з тым ужо ў савецкі час закладваліся і пэўныя нацыянальныя адрозненні ў малюнку гераічнай барацьбы. Так, для Савецкай Беларусі быў створаны лакальны «партызанскі міф», які спрыяў фармаванню мясцовай самасвядомасці, інтэграванай у савецкую сістэму. Міф «партызанскай рэспублікі», які вызначаў і замацоўваў месца Беларусі ў канцэпцыі «Вялікай Перамогі», на думку даследчыцы Вольгі Раманавай, базаваўся на трох кітах:

Партызаны атрада імя Будзённага Добрушскай брыгады. Фотаздымак 1943 года. Крыніца: waralbum.ru
Менавіта такая форма памяці пра вайну працягвае актыўна транслявацца і ў сучасным беларускім грамадстве. У сістэме адукацыі пакаленчаму выхаванню з дапамогай гераічных прыкладаў надаецца адмысловая ўвага. З 2005 года, напярэдадні святкавання 60-годдзя «Вялікай Перамогі», было арганізавана абавязковае выкладане курсу «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа» ва ўсіх навучальных установах — як у школах, так і ў ВНУ.
Дату 22 чэрвеня сапраўды можна акрэсліць не інакш як сімвалічны і ідэалагічны канструкт, які ігнаруе складаную рэчаіснасць пачатку вайны. У кожны населены пункт вайна прыходзіла ў розны час. Без перабольшання можна сказаць, што практычна кожная вёска мела «сваю» вайну, са сваімі героямі і здраднікамі, ахвярамі і катамі. А былі нават такія аддаленыя куткі, жыхары якіх за ўсю вайну маглі не ўбачыць ніводнага немца і, адпаведна, не адчуць на сабе ўсіх цяжкасцей і страху варожай акупацыі.
У той час як афіцыйны савецкі міф ляпіў з 22 чэрвеня гераічную дату пачатку «свяшчэннай барацьбы», беларускі этнаграфічны кантэкст паказвае зусім іншае: у народнай свядомасці гэты дзень застаўся як эсхаталагічны шок — канец свету і разбурэнне касмічнага парадку, які прынёс на беларускую зямлю чужы таталітарны хаос.
На жаль, улада дагэтуль выкарыстоўвае дату 22 чэрвеня як частку ідэалагічнага культу вайны і перамогі. Замест адлюстравання рэальнай траўмы беларускага народа і асэнсавання трагедыі, дзяржава стварыла квазірэлігійны культ «Вялікай Айчыннай вайны», дзе афіцыйныя рытуалы (накшталт мітынгаў у Брэсцкай крэпасці на досвітку 22 чэрвеня) замянілі традыцыйнае памінанне ахвяраў. Замест жальбы па загінулых улада прадукуе агрэсіўны трыумфалізм.
Вось да прыкладу, што беларускі афіцыёз піша пра пачатак вайны:
«Вялікая праца праводзілася па стварэнні падполля і партызанскіх атрадаў. У 89 раёнах рэспублікі былі створаны падпольныя органы і 397 тэрытарыяльных падпольных арганізацый. Для працы ў нелегальных умовах засталіся каля васьмі тысяч чалавек. Па даных на 25 ліпеня 1941 г., былі сфарміраваны 118 партызанскіх атрадаў і груп, з якіх 88 перапраўлены ў занятыя ворагам раёны. З бяспрыкладнай адвагай і стойкасцю змагаліся на фронце, у партызанскіх атрадах і ў падполлі мужчыны і жанчыны, старыя і падлеткі, прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасцей вялізнай краіны».
Хоць у рэчаіснасці карціна была зусім іншая: немцы без асаблівых цяжкацяў літаральна за паўтара-два месяца вайны захапілі беларускую тэрыторыю, а мясцовае насельніцтва больш спадзяваліся на добры ўраджай, чымся на змаганне супраць акупацыйнай улады або разбудову падпольных структураў.
Такім чынам, дата 22 чэрвеня штучна цягне краіну ў мінулае, дзе яна была замацаваная пэўным канструктам у складзе СССР праз партызанскі міф, які даказваў абсалютную адданасць беларускага народа савецкім ідэалам і ўладзе. Сёння гэтая дата не з’яўляецца гістарычна адэкватнай для Беларусі, яна мусіць быць грунтоўна пераасэнсаваная і ў будучыні дэканструяваная ў календары нашай дзяржавы.