Аляксандр Чарнуха: «Я ўсё жыццё хацеў займацца тым, што мне сапраўды падабаецца, і цяпер я вельмі шчаслівы, бо менавіта гэтым і займаюся»

У варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі адбылася творчая сустрэча з журналістам і пісьменнікам Аляксандрам Чарнухам. Нагодай стала новае выданне яго дэбютнага рамана «Свінні», апублікаванага чатыры гады таму і прысвечанага беларускай рэчаіснасці.

Аляксандр распавёў пра тое, хто стаў прататыпам персанажаў рамана «Свінні», у чым асаблівасць беларускамоўнай версіі кнігі і якой можа быць яе экранізацыя.

Aliaksandr ČarnuchaАляксандр Чарнуха. Фота: з асабістага архіва

Як пісаліся «Свінні» і хто стаў прататыпам персанажаў

Я не планаваў станавіцца пісьменнікам, заўсёды бачыў сябе журналістам. Але пасля падзей 2020 года ўсё нібыта перакулілася з ног на галаву. Мы [з калегамі па Onliner] вельмі шмат працавалі на пратэстах, па 12–14 гадзін на дзень, і я зразумеў, што ў журналісцкім тэксце не магу выказаць усе эмоцыі. Таму «Свінні» сталі для мяне своеасаблівай тэрапіяй. Я сеў і пачаў пісаць, нават не ведаючы, куды мяне гэта прывядзе. Пісаў раман з кастрычніка 2020 года да красавіка 2021-га.

Кніга нарадзілася вельмі проста. Мы сядзелі з жонкай Тасяй у кватэры, размаўлялі, і я раптам сказаў: «Усё, хопіць гэтага ўсяго. Пайду кніжку пісаць». Сеў за клавіятуру і пачаў друкаваць. Першы радок быў: «Каждый понедельник Кипелов встречал твёрдым намерением начать новую жизнь». Ніякага вялікага плана не было — гэта быў лінейны аповед, які сам вёў мяне наперад.

У кнізе вельмі шмат цытат з рэальнага жыцця. Усе гэтыя цытаты належаць рэальным людзям і дагэтуль знаходзяцца ў адкрытым доступе. Проста ў рамане іх прамаўляюць выдуманыя персанажы.

Што да прататыпаў герояў, то ў маіх персанажаў няма аднаго канкрэтнага рэальнага прататыпа. У кожным з іх змяшаліся рысы розных людзей, іх словы, паводзіны і характэрныя выказванні.

Аднак адзін прыклад я называў адкрыта. Многія думалі, што Саша Усход спісаны са спевака Аляксандра Саладухі, але насамрэч гэты герой узнік з гісторыі пра «галоўнага баяніста краіны». Я спасылаўся на вядомы выпадак у Палацы Незалежнасці, калі прагучала фраза «Усход ідзе, Усход ідзе» — гэта быў пазыўны канкрэтнага чалавека. Менавіта адтуль узяўся вобраз Сашы Усхода.

Таксама на кнігу паўплываў мой жыццёвы досвед. Частка персанажаў вырасла з людзей, якіх я сустракаў падчас працы ў «Народнай газеце». Напрыклад, у нас сапраўды быў галоўны рэдактар, які на планёрках крычаў: «Вы сюды ходзіце працаваць ці грошы зарабляць?». Такія рэчы я не прыдумляў — гэта была частка рэальнасці, якую я проста пераносіў у мастацкі тэкст. 

Што да таго, што збылося пасля выхаду кнігі, то, на мой погляд, шмат што аказалася вельмі блізкім да рэальнасці. Асабліва я згадваў апавяданне «Рука» — пасляслоўе да рамана. У ім ёсць сюжэт пра мёртвага чыноўніка, якога дастаюць з труны і паказваюць людзям, каб ён зрабіў важную заяву. Праз некалькі месяцаў пасля напісання гэтага тэксту адбыўся эпізод з Лукашэнкам у Маскве: пасля кароткага з’яўлення на публіцы ён знік з эфіру, пачаліся чуткі, ці не памёр ён, а потым зноў з’явіўся перад камерамі з нафарбаваным васковым тварам. 

У той момант мне падалося, што рэальнасць падазрона наблізілася да маёй літаратурнай фантазіі.

Яшчэ я казаў, што мяне палохае магчымасць таго, што калі-небудзь можа здзейсніцца і фінал «Свінняў». Менавіта гэта я назваў сваёй галоўнай трывогай адносна таго, як кніжныя вобразы могуць ператварацца ў жыццё.

«Svinni»
Крыніца: 
https://pigsareok.com/

Якой апынулася геаграфія «Свінняў» і колькі кніг было прададзена

Калі браць агулам, то было прададзена больш за 2500 асобнікаў. Як мне казалі дасведчаныя людзі, для беларускага аўтара гэта вельмі добры вынік.

Кніга прадавалася праз спецыяльны сайт, прысвечаны «Свінням». Праз яго замовы паступалі з усяго свету. Самыя экзатычныя краіны, куды дасылалі кнігу, — Паўднёвая Карэя, Аўстралія і Бразілія. Усяго, паводле маіх падлікаў, кніга разышлася прыкладна ў 40 краін. Найбольш замоў было з Беларусі, на другім месцы была Польшча.

З прэзентацыямі мы шмат ездзілі па Еўропе — ад Іспаніі да Даніі. Таксама, пакуль гэта было бяспечна, мы праводзілі прэзентацыі ў Грузіі — у Тбілісі і Батумі.

Рэакцыя чытачоў была вельмі цёплая. На некаторыя сустрэчы прыходзіла па 50–60 чалавек. Менш за ўсё людзей было ў Капенгагене, бо там беларуская супольнасць не вельмі вялікая. Але ў цэлым я бачыў, што людзям гэта сапраўды цікава: яны збіраліся, абмяркоўвалі і сам тэкст, і тэмы па-за тэкстам, задавалі пытанні, размаўлялі паміж сабой. Калі бачыш такую цікавасць, разумееш, што кніга людзей сапраўды хвалюе і прымушае думаць пра тое, што будзе далей.

Пра беларускі пераклад кнігі і асаблівасць беларускамоўнай версіі

Я адразу хацеў, каб кніга выйшла і па-руску, і па-беларуску. Першапачаткова мы абмяркоўвалі гэта з Алесем Плоткам, які потым і пераклаў яе на беларускую мову. Але сам тэкст нараджаўся па-руску. Я нават спецыяльна патлумачыў гэта ва ўступе да рускага выдання: у той сістэме каардынат, якую я паказваю ў рамане, беларускай мовы і культуры фактычна не існуе. Гэта свет людзей, якія мысляць і размаўляюць па-руску, таму кніга была напісана менавіта на гэтай мове.

Беларуская версія з’явілася таму, што для мяне было важна даць чытачу выбар. Гэта таксама гісторыя пра амбівалентнасць беларускай літаратуры і пра вечную дыскусію, хто такі беларускі пісьменнік і на якой мове ён павінен пісаць.

Пераклад рыхтаваўся доўга — амаль год, бо пачалася вайна, Алесь жыў у Кіеве і мусіў фактычна будаваць жыццё нанова. Таму беларускае выданне выйшла пазней.

Я не хацеў перакладаць кнігу сам. Мне хацелася, каб тэкст ужо пачаў жыць сваім жыццём. За той год ён сапраўды пражыў сваё жыццё, а Алесь зрабіў вельмі класную працу. Мне здаецца, ён дадаў у кнігу нешта сваё, свой погляд на гэты тэкст. Я не ўмешваўся ў яго працу і не перашкаджаў яму.

Калі казаць пра адрозненні, то яны ёсць не толькі на ўзроўні мовы

У беларускай версіі героі таксама не размаўляюць чыстай беларускай мовай. Кожны гаворыць на сваёй ступені трасянкі: нехта захоўвае больш аўтэнтычную гаворку, з якой вырас, а нехта ўжо прасякнуўся трасянкай выканкамаўскага асяроддзя. Акрамя таго, у беларускім перакладзе з’явілася шмат дыялектызмаў і жывой народнай лексікі, таму многім чытачам ён падаецца яшчэ больш сакавітым.

Асобнай складанасцю быў пераклад канцылярыту

«Свінні» напісаныя мовай людзей, якія мысляць і размаўляюць чыноўніцкімі штампамі. Мне было вельмі важна перадаць гэты лад мыслення. Але праблема ў тым, што такі канцылярыт натуральны для рускай мовы і амаль не ўласцівы беларускай. У беларускай мове проста няма многіх тыповых канструкцый рускага канцылярскага стылю. Таму для перакладчыка самай цяжкай задачай было знайсці беларускія сродкі, каб перадаць гэтую штучную, бюракратычную гаворку. Калі проста перарабіць такія сказы па законах беларускай мовы, тэкст ужо пачынае гучаць інакш. Таму вельмі важна было захаваць сам спосаб мыслення герояў і перанесці рускамоўны канцылярыт у беларускую моўную прастору.

Самвыдат «Свінняў» і ці адчувае Аляксандр сябе пісьменнікам

Калі тэкст ужо быў гатовы, я цэлы год хадзіў па беларускіх выдавецтвах. Я прыходзіў і казаў: «Вось ёсць кніга». Яны чыталі яе і адказвалі: «Кніга класная, але мы яе друкаваць не будзем, таму што мы ў Беларусі». Тады яшчэ працавалі беларускія выдавецтвы, але варыянтаў, дзе выдаць гэты тэкст, у мяне фактычна не было. Калі мы ўжо пераехалі з Беларусі, я пачаў думаць, што рабіць далей. У нейкі момант вырашыў: колькі можна чакаць — трэба проста ўзяць і надрукаваць кнігу за ўласныя грошы.

З друкам у Польшчы мне дапамаглі людзі. Я ўклаў свае грошы, не болей за 2 тысячы долараў — кнігу надрукавалі, і мне прыехаў увесь наклад. Потым давялося самому займацца продажамі: насіў кнігі на пошту, адпраўляў іх у розныя краіны, ездзіў з прэзентацыямі, паказваў кнігу людзям. Паступова ўсё закруцілася. 

Асабліва мяне ўразіла першая прэзентацыя ў Варшаве: я не чакаў вялікай колькасці людзей, думаў, прыйдуць сябры і некалькі знаёмых, а ў выніку сабралася больш за сто чалавек. Для мяне гэта было вельмі важна, бо кнігу я выдаў сам, без выдавецтва, і людзі прыйшлі менавіта на яе.

Ці адчуваю я сябе пісьменнікам? Я не люблю ставіць на сябе такія цэтлікі. Не люблю вызначэнні кшталту «пісьменнік», «журналіст» ці «блогер». Я займаюся рознымі рэчамі адначасова. Цяпер, напрыклад, раблю канцэрты, і там я адначасова і прадзюсар, і менеджар, і грузчык, і бухгалтар, і псіхолаг.

Я ўсё жыццё хацеў займацца тым, што мне сапраўды падабаецца, і цяпер я вельмі шчаслівы, бо менавіта гэтым і займаюся.

Aliaksandr Čarnucha Падчас творчай сустрэчы, прысвечанай новаму накладу кнігі на беларускай мове. Варшава, Польшча. 18 чэрвеня 2026 года. Фота: Белсат

Зброя супраць аўтарытарызму

Я перакананы, што гумар і сатыра могуць быць зброяй супраць аўтарытарызму. Смех дапамагае перамагчы страх унутры сябе. Калі чалавек становіцца больш смелым, то гэта вельмі важна ў любых формах супраціву.

Таму для мяне гумар — не проста спосаб пасмяяцца, а магчымасць захаваць унутраную свабоду нават у вельмі цяжкія часы.

Што датычыцца «Свінняў», то я не ўспрымаю гэтую кнігу як сатыру з простых людзей. Нас у гэтай гісторыі хутчэй можна назваць назіральнікамі. Аб’ектам сатыры для мяне была пэўная карціна свету, створаная рэжымам, і тыя людзі, якія існуюць паводле яе правілаў, гавораць мовай канцылярыту і падтрымліваюць гэтую сістэму. Таму галоўная мэта сатыры ў рамане — паказаць і зафіксаваць характэрныя рысы свайго часу, зрабіць абсурднае яшчэ больш відавочным, а смешнае — сапраўды смешным.

Тэатральная пастаноўка, магчымая экранізацыя і новыя кнігі

У «Свінняў» ужо была тэатральная гісторыя. У нямецкім Людвігсхафене я ўдзельнічаў у творчай лабараторыі разам з іншымі аўтарамі. Там я напісаў п’есу «Свята кабана» паводле «Свінняў». Яна не дублявала кнігу і нават не цытавала яе, а была інтуітыўна звязаная з раманам. Потым у тэатры «Рампа» ў Штутгарце адбылася мастацкая чытка гэтай п’есы — фактычна міні-пастаноўка з некалькімі акцёрамі на сцэне: Ігар Сігоў, Алег Гарбуз.

Што да экранізацыі, то я хацеў бы бачыць свае кнігі экранізаванымі ў любым выглядзе. Для мяне важна, каб кніга жыла сваім жыццём і набывала новыя сэнсы. Я не з тых аўтараў, якія будуць сварыцца з рэжысёрам з-за ягонага бачання. Наадварот, я быў бы рады і ўдзячны.

Калі казаць пра канкрэтнага чалавека, то я адзначыў, што ў Андрэя Кашперскага добры серыял «Працэсы» і што ягоны падыход вельмі пасуе «Свінням».

Цяпер я працую над дзвюма новымі кнігамі, і абедзве — нон-фікшн. Адна з іх — біяграфія пра беларускі гурт «Маўчаць дамы». Другая — пра блізкага мне чалавека і падзеі, звязаныя з гэтым чалавекам. Больш падрабязнасцяў пакуль не раскрываю.

Тарас Тарналіцкі, Budzma.org