Ціхан Чарнякевіч, прэс-сакратар Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў, рэдактар сайта Bellit.info, а таксама збіральнік беларускіх кніг і іншых артэфактаў, звязаных з Беларуссю, паразмаўляў з czasopis.pl на тэму, што адначасова можа выклікаць прыемныя эмоцыі і вострую настальгію па радзіме, то бок пра асаблівасці збірання беларускіх артэфактаў у эміграцыі.
Ціхан Чарнякевіч
Ці можна сказаць, што беларуская кніга — гэта адначасова ваш асноўны занятак і прадмет калекцыянавання?
— Так, бо з аднаго боку на сайце bellit.info штодня з’яўляюцца публікацыі пра новыя беларускія кнігі, літаратурныя падзеі. Фактычна, калі мне штосьці трэба ўдакладніць па новай літаратуры, якая з’явілася цягам апошніх гадоў, я звяртаюся на наш сайт, там усё ёсць. Што да пошукаў і пакупак, то ўсё новае можна знайсці на разнастайных маркетплэйсах і, пры жаданні, замовіць. Для сябе я іх купляю нячаста, напэўна, не больш за 15-20 на год. Пачытаць больш бяру ў бібліятэцы «Чытальня», што пры Віленскім беларускім музеі імя Луцкевіча. Калі гаварыць пра зацікаўленні калекцыянерскія, то гэта выданні даваенныя, а іх купіць значна складаней.
Збіраю я дастаткова даўно, але ў эміграцыі не так шмат. Раней мяне цікавіла выключна старая беларуская кніга, цяпер спектр больш шырокі — фота, паштоўкі, дакументы, перыёдыка. У цэлым, беларусазнаўства. З гэтым крыху прасцей, бо беларусазнаўчыя кнігі на іншых мовах — скажам, на польскай — масава не знішчаліся, у адрозненне ад літаратуры на беларускай мове. Знайсці штосьці ўсё яшчэ магчыма, хоць прапанова вельмі невялікая, а попыт ёсць.
Як часта і наколькі дорага калекцыянер беларушчыны ў эміграцыі можа знайсці цікавыя для сябе рэчы ў Польшчы ці Літве?
— Агульнай градацыі цаны на падобныя рэчы не можа быць, бо прапанова вельмі невялікая, а попыт заўсёды ёсць. Тых самых кніг, выдадзеных у савецкай Беларусі у продажы ў Польшчы і Літве фактычна няма, ёсць толькі тое, што выдавалі мясцовыя беларускія арганізацыі. Іх было некалькі дзясяткаў, некаторыя хутка зачыняліся альбо ліквідоўваліся польскімі ўладамі, як тая ж Беларуская Сялянска- Работніцкая Грамада. Хтось пратрымаўся даўжэй, як Таварыства Беларускай Школы ці Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя. Досыць шмат закідвалася пракламацый КПЗБ (іх дагэтуль нескладана купіць на рынку). Кнігавыданне віленскае фактычна было філантропіяй і асветніцтвам сярод сялянаў. Камерцыйна паспяховымі былі толькі праекты насценных календароў, якія прадаваліся тысячнымі накладамі. Найлепей усё гэта падрабязна пачытаць у працах Юрыя Туронка пра беларускую кнігу ў міжваенны перыяд, бо тэма дысертацыйная і ў трох сказах усё не скажаш.
У асноўным, бачу зараз на антыкварным рынку прапановы для польскага і літоўскага пакупніка, што зразумела. І трэба сказаць, што польскай і літоўскай «антыкваршчыны» захавалася вельмі шмат. Але ў гэтым вале інфармацыі добра цяпер дапамагаюць анлайн-аўкцыёны з тэматычнымі каталогамі, дзе трапляюцца і геаграфічна бліжэйшыя беларусам матэрыялы. Так апошнія некалькі гадоў я збіраў інфармацыю пра Палессе — фота, кнігі, паштоўкі. У міжваенны час гэтага было выдадзена нямала. Бачыў, аднак, больш сур’ёзныя лоты. Але на іх патрабаваліся большыя грошы, якіх у мяне няма. Прадаваліся, напрыклад, рукапісы беларускіх прыказак Міхала Федароўскага, яшчэ з часоў ХІХ ст., першыя кнігі беларускіх песень Яна Чачота 1840-х гадоў, некалькі нашаніўскіх выданняў. Спадзяюся, нешта з гэтага трапіла ў добрыя беларускія рукі.
А колькі каштавалі тыя ж Федароўскі з Чачотам? І што, калі не сакрэт, падчас жыцця ў эміграцыі ўсё ж атрымалася набыць?
— Чачот і Федароўскі сышлі за 200-409 еўра, і гэта нармальныя для такіх лотаў цэны. Але збіраць можна і штось таннейшае. Тая ж старая фатаграфія, калі не лічыць арыгіналаў Булгака, значна больш даступная. Беларускіх кніг даваенных у продажы фактычна няма, гэта вельмі рэдкая рэч, попыт на якую вельмі вялікі. Што да набыткаў, то, дзеля праўды, шмат пра што не раскажаш, не вельмі люблю хваліцца. Летась збіраў быў старую фатаграфію з розных беларускіх гарадоў, паштоўкі з Палесся, фалькларыстыку. У Польшчы набыў фатаграфію з майстэрні Юзафа Чаховіча — вядомага віленскага фатографа родам з Полацку. Ну а найбольш аб’ёмны мой сёлетні лот складаюць некалькі дзясяткаў нумароў беларускіх газет, сярод якіх два нумары «Гомана» 1917- году чатыры і «Нашай Нівы» 1920-га, шмат грамадоўскіх выданяў з падобнымі назвамі і акупацыйны «Беларускі голас» (газета, што выдавалася пад нямецкім кантролем у Вільні ў 1942-1944, галоўным рэдактарам быў Францішак Аляхновіч — рэд.). Сярод іх ёсць адна менская — «Беларускі шлях» за 29 сакавіка 1918 года — не абы-якая знаходка, бо ў нумары апублікавана ІІІ Устаўная Грамата БНР.

Фатаграфія з майстэрні Юзафа Чаховіча

Некаторыя набыткі калекцыянера
На якія пляцоўкі варта ўсё ж такі звярнуць увагу беларускаму калекцыянеру?
— Датычна Польшчы, гэта перш за ўсё Onebid.pl, дзе фактычна штотыдня адбываецца некалькі вялікіх антыкварных аўкцыёнаў, «крэсовая» тэма там даволі рэгулярна прысутнічае. Трапляюцца паштоўкі і фота, часам этнаграфія і краязнаўчая кніга, зрэдку — і на беларускай мове. Безумоўна, штось можна знайсці на Allegro. З eBay я не працую, бо мая тэма занадта спецыфічная і на яе вельмі часта завышаныя цэны. Акрамя таго, ёсць і стацыянарныя букіністычныя крамы, якіх у Польшчы ўсё яшчэ шмат. І там здараюцца цікавыя адкрыцці. Напрыклад, летась у такой стандартнай крамцы мне прапанавалі каталог першай мастацкай выставы 1918 года, якую арганізоўваў Іван Луцкевіч. А варта было проста закрануць з уладальнікам тэму Беларусі.
Якія вашыя мэты як калекцыянера? Ці збіраеце нейкія матэрыялы, звязаныя з Падляшшам?
— Што да мэтаў збірання, асноўная з іх — захаваць тое невялікае, што можна яшчэ захаваць. Знішчана і так многае. Збіральніцтва ж праца заўсёды стваральная.
Што да артэфактаў з Падляшша, то пакуль не. Хаця часам гляджу на фота і паштоўкі з мясцін, дзе нарадзіліся мае дзяды і прадзеды, а гэта Нарва каля пушчы, і думаю, што варта было б пачаць іх збіраць. Але ведаю, што гэтым займаецца Цэнтр Беларускай Культуры у Беластоку, то гэта найлепшы варыянт. Інстытуцыя з бюджэтам на экспанаты заўсёды лепей за прыватнага збіральніка. Іншая справа, што тады і экспанаты належаць дзяржаве. А што яна з імі зробіць і ці будзе штосьці рабіць, тут ужо залежыць ад самых розных фактараў.