Бярозаўшчына працягвае актыўна святкаваць 500-гадовы юбілей беларускага кнігадрукавання. Спачатку ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” акцыя “500-годнасць” прайшла 10 ліпеня ў Селецкім дзіцячым лагеры “Бярозка”, які знаходзіцца ў адным з найпрыгажэйшых месц Бярозаўскага раёна, недалёка ад Селецкага вадасховішча. Паэтка Валянціна Осіпава распавяла дзецям, якія знаходзяцца на аздараўленні ў лагеры, пра 500-гадовы юбілей беларускага кнігадрукавання. Будучыня нашай нацыянальнай культуры трымаецца на падмурках, закладзеных нашымі таленавітымі продкамі. Подзвіг першадрукара, каралеўскага садоўніка, медыка, філосафа, паэта Францыска Скарыны і зараз уражвае нашых сучаснікаў. Беларусы па праву могуць ганарыцца сваім ўнёскам у сусветную скарбоўніцу культуры. Імёны Янкі Купалы і Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна і Ніла Гілевіча, Ніны Мацяш і Ларысы Геніюш блізкія сэрцу кожнага культурнага беларуса. Валянціна Осіпава пазнаёміла слухачоў і са сваёй творчасцю і расказала пра дзейнасць грамадска- культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. А 12 ліпеня “500-годнасць” завітала ў Бярозаўскі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў. Будучыя майстры дрэваапрацоўкі і зваршчыкі з вялікай цікавасцю слухалі гісторыю беларускага кнігадрукавання, шчыра адгукаліся на вершы, якія гучалі на творчай сустрэчы, прыймалі актыўны ўдзел у гістырычна-інтэлектуальнай віктарыне, задавалі цікавыя пытанні. Самыя актыўныя ўдзельнікі атрымалі ў падарунак прыгожыя паштоўкі, часопісы і сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у межах якой ладзіліся сустрэча. І завяршэнне акцыі “500-годнасць” супала са святам горада. 15 ліпеня Бяроза з вялікім размахам азначала сваё 540-годдзе. На юбілей запрасілі многа вядомых музыкаў і артыстаў. Сваё майстэрства прадэманстравалі і самадзейныя гурты Бярозаўшчыны. Свята сабрала многа гасцей, якія, дзякуючы акцыі “500-годнасць”, многа чаго даведаліся пра гісторыю беларускага кнігадрукавання, пра дзейнасць грамадска- культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, якую Валянціна Осіпава агучыла, разам са сваімі вершамі, каля паэтычнага мікрафону.