Міжнародны жаночы дзень у сучаснасці асацыюецца ў першую чаргу з лішнім выхадным днём і абавязковымі кветкамі і падарункамі для жанчын, у той час як першапачатковыя палітычныя і сацыяльныя сэнсы даты застаюцца амаль без увагі. Святкаваць гэтую дату пачалі працоўныя амерыканкі, затым працягнулі нямецкія сацыялісткі, а адзначаюць актыўна хатнія гаспадыні на постсавецкай прасторы. Мы зрабілі падборку цікавых фактаў пра гэту дату ў нашым календары. Давайце разбяромся, як з’явіўся Міжнародны жаночы дзень і чаму сёння 8 Сакавіка ўспрымаюць інакш, чым раней.
Нямецкі плакат, прысвечаны Міжнароднаму жаночаму дню, 8 сакавіка 1914 года. Крыніца: wikipedia.org
8 сакавіка мае амерыканскія карані
Вытокі Міжнароднага жаночага дня 8 сакавіка звязаны з падзеямі так званага «марша пустых рондаляў». 8 сакавіка 1857 года адбыліся дэманстрацыі работніц тэкстыльнай прамысловасці і пашывачных фабрык у Нью-Ёрку ў знак пратэсту супраць непрымальных умоў працы і нізкай заработнай платы. Яны патрабавалі скарачэння працоўнага дня, паляпшэння ўмоў працы, роўную з мужчынамі заработную плату. Страйк не даў ніякіх вынікаў, а мірны мітынг быў разагнаны паліцыяй.
8 сакавіка 1908 г. 15 000 жанчын прайшліся маршам па Нью-Ёрку, патрабуючы права голасу для жанчын. Таксама яны выступілі супраць цяжкіх умоў працы і супраць працы дзяцей.
Феміністкі ў Нью-Ёрку на парадзе ў Дзень святога Патрыка на Пятай авеню 27 сакавіка 1921 года. Крыніца: allthatsinteresting.com
Да 1908 года штогадовыя дэманстрацыі сталі настолькі маштабнымі, што гэта заахвоціла Сацыялістычную партыю Амерыкі абвясціць 28 лютага 1909 г. Нацыянальным жаночым днём.
Ідэя Міжнароднага жаночага дня належыць Клары Цэткін
Штогадоваму святкаванню Міжнароднага жаночага дня паклала пачатак Другая Міжнародная канферэнцыя сацыялістак, якая адбылася ў Капенгагене ў 1910 годзе.
Святкаваць гэты дзень прапанавала Клара Цэткін — нямецкая палітычная дзяячка, удзельніца нямецкага і міжнароднага камуністычнага руху, адна з заснавальніц Камуністычнай партыі Германіі, актывістка барацьбы за правы жанчын. Адной з мэт была абазначана барацьба за ўсеагульнае выбарчае права для жанчын. Прапанова атрымала аднадушную падтрымку больш за 100 жанчын з 17 краін, аднак дата святкавання зафіксавана не была. Да 1914 года ў розных краінах гэты дзень адзначалі ў розныя лічбы сакавіка.
Нямецкая палітычная і грамадская дзяячка Клара Цэткін, 1897 год. Крыніца: wikipedia.org
Традыцыя правядзення свята 8 сакавіка (23 лютага па старым стылі) стала ўмацоўвацца паўсюдна пасля таго, як у 1914 годзе жанчыны Аўстра-Венгрыі, Германіі, Даніі, Нідэрландаў, Швейцарыі, Расіі, ЗША і іншых краін правялі мітынгі супраць вайны, мілітарызму і за права голасу. Прынята лічыць, што дата была абрана ў памяць аб буйных забастоўках работніц тэкстыльных фабрык у ЗША, якія адбыліся 8 сакавіка ў 1857 і 1908 гадах.
У Савецкім Саюзе 8 сакавіка звязвалася з падзеямі Лютаўскай рэвалюцыі
На замацаванне 8 сакавіка ў якасці Міжнароднага жаночага дня таксама паўплывалі падзеі лютага 1917 года ў Расіі. У 1917 годзе ў гэты дзень (23 лютага па старым стылі) пачалася забастоўка работніц ткацкіх фабрык у Петраградзе, якая перарасла ў рэвалюцыю. Прычым петраградскія бальшавікі скарысталіся святкаваннем Міжнароднага жаночага дня для арганізацыі мітынгаў і сходаў, якія стыхійна пераходзілі ў забастоўкі і рэвалюцыйныя дэманстрацыі.
Жаночая маніфестацыя на вуліцах Петраграда 23 лютага (8 сакавіка) 1917 года. Крыніца: wikimedia.org
Праз чатыры дні імператар падпісаў указ аб дараванні права голасу жанчынам, а праз тыдзень адрокся ад пасаду. У першыя гады савецкай улады ткачых з Петраграда шырока ўшаноўвалі як натхняльніц звяржэння царызму.
Пасля Лютаўская рэвалюцыя апынулася ў цені бальшавіцкага Кастрычніцкага перавароту, і дадзенай акалічнасці ў СССР не надавалася ўвагі.
У 1921 годзе па рашэнні 2-й Камуністычнай жаночай канферэнцыі было вырашана святкаваць Міжнародны жаночы дзень 8 сакавіка ў памяць аб удзеле жанчын у петраградскай дэманстрацыі 23 лютага (8 сакавіка) 1917 года як адной з падзей, што папярэднічалі Лютаўскай рэвалюцыі, у выніку якой была звергнута манархія.
Дата адзначаецца чвэрцю свету, але па-рознаму
У 1977 годзе Генеральная Асамблея ААН заклікала ўсе дзяржавы абвясціць кожны дзень года Міжнародным днём правоў жанчын і міру, у адпаведнасці з іх гістарычнымі і нацыянальнымі традыцыямі. Гэта стварыла спрыяльныя ўмовы для выкаранення дыскрымінацыі.
Жаночы дзень 8 Сакавіка афіцыйна святкуюць у больш як 40 краінах, але не ўсюды аднолькава. Святкуюць 8 сакавіка не толькі ў краінах былога Савецкага Саюза, але і ў Цэнтральнай і Заходняй Еўропе, а таксама краінах Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.
Міжнародны жаночы дзень у Буркіна-Фасо, 2008 год. Крыніца: wikipedia.org.
У былых савецкіх рэспубліках захавалася традыцыя адзначаць жаночы дзень шырока. У наш час 8 сакавіка адзначаецца як Міжнародны жаночы дзень (альбо як Дзень жанчыны, Дзень маці і г. д.) і з’яўляецца непрацоўным святочным днём у большасці краін былога СССР. Выключэнні складаюць Латвія, Літва і Эстонія, хоць і там гэту дату таксама адзначаюць.
Савецкі плакат, прысвечаны 8 сакавіка. Крыніца: el.kz
8 сакавіка — непрацоўны дзень у Манголіі, Камбоджы, Лаосе і В’етнаме. Прычым у В’етнаме сучаснае свята ў гонар жанчын злілося са старажытным Днём памяці сясцёр Чынг. Шырока адзначаецца 8 сакавіка і ў Кітаі, дзе для жанчын у гэты дзень прадугледжаны скарочаны працоўны дзень.
У Германіі 8 сакавіка з’яўляецца рэгіянальным святам і выходным днём у Берліне.
Адзначаецца Міжнародны жаночы дзень і ў Італіі. У гэты дзень італьянскія мужчыны дораць жанчынам букеты мімозы, якія сталі сімваламі жаночага дня.
Дэманстрацыя ў Гамбургу, 8 сакавіка 2020 года. Крыніца: wikipedia.org.
У краінах, дзе жанчыны ўпершыню атрымалі выбарчае права, 8 сакавіка не адзначаецца
Да XIX стагоддзя жанчыны мелі права галасаваць далёка не паўсюль і, як правіла, гэтае права суправаджалася абмежаваннямі (маёмасны цэнз, становішча ў сям’і, грамадстве і т. п.). Пасля пачаўся перыяд росту актыўнасці руху за жаночае выбарчае права. Гэта прывяло да яго замацавання ў міжнародным праве ў сярэдзіне XX стагоддзя. Аднымі з першых жаночае выбарчае права ўвялі Новая Зеландыя (1893), Аўстралія (1902), у Еўропе — Вялікае княства Фінляндскае (у складзе Расійскай імперыі, 1906).
У Новай Зеландыі, тагачаснай брытанскай калоніі, якая карысталася ўнутраным самакіраваннем, жанчыны атрымалі права абіраць (але не абірацца) у пачатку 1890-х. У выніку кампаніі, арганізаванай Кейт Шэпард, жаночае выбарчае права ў Новай Зеландыі было ўведзена ўсяго за некалькі тыдняў да ўсеагульных выбараў 1893 года.
Дзякуючы гэтаму Новая Зеландыя стала першай з існуючых цяпер дзяржаў, дзе жанчыны карысталіся роўнымі з мужчынамі выбарчымі правамі
Суседняя брытанская калонія Паўднёвая Аўстралія, якая таксама карысталася ўнутраным самакіраваннем, надзяліла жанчын правам абіраць і быць абранымі ў каланіяльны парламент у 1895 годзе. Аўстралійскі Саюз распаўсюдзіў права на ўсю федэратыўную дзяржаву ў 1902 годзе (за выключэннем карэнных аўстралійскіх жанчын).
Першай краінай, дзе былі зацверджаны правы жанчын, стала Вялікае княства Фінляндскае, якое на той момант уваходзіла ў склад Расійскай імперыі. Адміністрацыйная рэформа, якая рушыла за паўстаннем 1905 года, надзяліла фінскіх жанчын правам голасу і правам быць абранымі. Першыя ў свеце жанчыны, абраныя ў парламент, таксама з’явіліся ў Фінляндыі: 19 жанчын атрымалі месцы ў сойме ў выніку выбараў 1907 года.
У гады перад Першай сусветнай вайны жаночае выбарчае права ўвялі Нарвегія (1913) і Данія, таксама яно было распаўсюджана на астатнія штаты Аўстраліі.
Аднак парадокс у тым, што менавіта ў гэтых краінах, дзе ўпершыню ў свеце з’явілася выбарчае права ў жанчын, Міжнародны жаночы дзень не святкуецца.
Цалкам верагодна, што значная частка жанчын пра дату 8 сакавіка чула толькі краем вуха, бо гэтая дата не надта актуальная для краін, дзе шмат зроблена ў справе забеспячэння гендарнай роўнасці.
Хведар Прылёпаўскі, budzma.org
Чытайце яшчэ:
8 серыялаў па правы жанчын, якія варта паглядзець