Яшчэ адзін новы від птушак для Беларусі: госць з Сібіры!

Крыху больш чым за месяц у Беларусі рэгіструюць ужо трэці новы для краіны від птушак. Гэтым разам арнітолагам трапілася таўстадзюбая пячураўка, паведамляе грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ).


Як і папярэдніца гэтай птушкі — сіняхвостка, таўстадзюбая пячураўка была злоўлена на станцыі кальцавання птушак «Сасновы Бор» у Расонскім раёне на Віцебшчыне сябрам Цэнтральнага савета АПБ арнітолагам Дзянісам Кіцелем. Гэта ўжо яго восьмы новы для краіны від.

Таўстадзюбая пячураўка, Расонскі раён. Фота Максіма Косціна.jpg

Гнездавы арэал гэтай птушкі ад нас далёка: найбліжэйшыя гняздуюць пад Навасібірскам. У Еўропу памылкова ляцяць некаторыя асобіны, таму еўрапейцы радуюцца кожнай такой сустрэчы. Як жа нашым арнітолагам удалося зрабіць такое адкрыццё?

— Літаральна днямі гэты від сфатаграфавалі ў Маскве і зрабілі пост пра гэта ў арніталагічнай групе, — расказаў Дзяніс Кіцель. — Для Масквы такое назіранне таксама незвычайнае. Мы разважылі, што гэтая птушка не можа быць адзінкавая, хутчэй за ўсё, яшчэ ляцяць іншыя таўстадзюбыя пячураўкі. Таму мы паставілі каля сетак, якімі адлоўліваем птушак для кальцавання, калонку з голасам гэтага віду, і дзве начы спрабавалі завабіць гэтую птушку. Атрымалася.

Таўстадзюбая пячураўка, Расонскі раён. Фота Максіма Косціна 2.jpg

Пасля зацвярджэння Беларускай арнітафаўністычнай камісіяй таўстадзюбая пячураўка стане 340-м відам у спісе птушак Беларусі.