Толькі нядаўна Інтэрнэт абляцела вестка пра арлана-даўгахвоста, які стаў новым відам птушак для Беларусі, як 14 верасня арнітолаг Дзяніс Кіцель паведаміў пра чарговую «новенькую», якая папоўніць нацыянальны спіс арнітафаўны, паведамляе грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ).
Для Дзяніса гэта ўжо сёмы від птушак, новы для Беларусі. Шчаслівы лік — і «шчаслівая птушка», чаканая сіняхвостка. У суседніх з намі краінах гэты паўночны від ужо назіралі, але Беларусь птушка аблятала больш за 150 гадоў — прыкладна столькі гадоў у нашай краіне вядуцца сістэматычныя назіранні.
Першую для краіны сіняхвостку адлавілі падчас валанцёрскага летніка на станцыі кальцавання «Сасновы бор» у Расонскім раёне на Віцебшчыне.
— Мы ўжо другі год спрабуем злавіць сіняхвостку, бо тэндэнцыя ў Еўропе была зразумелая, што іх становіцца болей, што яны ляцяць у Еўропу, — гаворыць Дзяніс Кіцель. — Трэба было проста дачакацца. Мае сябры з Фінляндыі даслалі голас, на які сіняхвосткі добра рэагуюць. У мінулым годзе я больш за 20 дзён ставіў гэты голас — нічога не атрымалася. А сёлета з 5 верасня мы ставім кожную ноч, і праз 10 дзён атрымалася злавіць і акальцаваць гэты від.
Сіняхвостка гняздуецца ў тайзе на поўначы Фінляндыі і Расіі да самай Японіі, а зімаваць ляціць звычайна ў Паўднёва-Усходнюю Азію.
Каманда валанцёрскага летніка па кальцаванні Сасновы бор
Гэты год быў вельмі добры для сіняхвостак у Фінляндыі — вывелася шмат птушанят, магчыма, таму менавіта сёлета Беларусі пашчасціла на гэты від. Гэтая птушка любіць яловыя і сасновыя бары — калі бываеце там, назірайце ўважліва за птушкамі, магчыма, і вам пашчасціць убачыць гэты скрытны прыгожы від.