Працягваем вандроўкі з «Будзьма!» па беларускіх абшарах. Гэтым разам скіруемся на поўнач у Полацкі раён Віцебскай вобласці. Сёння рушым па другой частцы маршруту, наведаем Бяздзедавічы, Быкаўшчыну, Начу, Варонічы, Блізніцу. Тут нас чакаюць старажытныя замчышчы, культавая архітэктура, старасвецкія сядзібы, паркі, шматлікія помнікі прыроды.
Фота: planetabelarus.by
Наступным прыпынкам на Полаччыне прапануем зрабіць вёску Бяздзедавічы, а дакладней Бяздзедавічы-2. Тут у добрым стане захавалася сядзіба роду Корсакаў, гаспадарчыя пабудовы пры ёй і рэшткі пейзажнага парку. Да таго ж побач з вёскай на мясцовых могілках можна пабачыць капліцу-пахавальню ўладальнікаў маёнтка.
Чытайце таксама: Вандруем разам з «Будзьма!». Што паглядзець у Полацкім раёне. Частка першая
Размяшчаецца сядзіба на маляўнічым узгорку, яе можна пабачыць нават з дарогі. Будынак быў узведзены на пачатку ХХ стагоддзя тагачасным гаспадаром маёнтка Аляксандрам Аляксандравічам Рымскім-Корсакавым у стылі класіцызм. На сённяшні дзень сядзіба захавалася ў сваім першапачатковым выглядзе — гэта двухпавярховы кубападобны будынак, фасады якога ўпрыгожаны нешматлікімі дэкаратыўнымі элементамі. На першым паверсе размяшчаліся парадныя пакоі разнастайнага прызначэння, на другім — жылыя пакоі гаспадароў.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
З паўднёвага боку ад сядзібы размяшчаўся пейзажны парк, які складаўся пераважна з таполяў ды ліпаў, у ім была ўпарадкавана сістэма сажалак і каналаў, якія сёння захаваліся толькі часткова. Варта звярнуць увагу тут і на шматлікія гаспадарчыя пабудовы, складзеныя ў асноўным з чырвонай цэглы з выкарыстаннем элементаў неаготыкі.
Трохі паводдаль ад сядзібы, на мясцовых могілках, размяшчаецца капліца-пахавальня роду Корсакаў, якую таксама варта наведаць. Будынак быў узведзены з бутавага каменю ў 1910 годзе ў неарускім стылі.
Да 1990-х гадоў капліца знаходзілася ў напаўзруйнаваным стане, адмысловы іканастас у стылі неаракако быў разбіты, крыпта з парэшткамі колішніх уладальнікаў разрабаваная. Толькі напрыканцы мінулага стагоддзя будынак адрэстаўравалі, сёння таксама там працягваюцца будаўнічыя працы. Капліца прыпісаная да Спаса-Праабражэнскай праваслаўнай царквы ў вёсцы Шпакоўшчына.
Фота: fotobel.by
Фота: fotobel.by
Далей прапануем рушыць у вёску Быкаўшчына, дзе захавалася сядзіба роду Козел-Паклеўскіх, рэшткі гаспадарчага двара маёнтка ды падмуркі колішняй маляўнічай капліцы-пахавальні гаспадароў маёнтка, збудаванай у неагатычным стылі на пачатку мінулага стагоддзя.
Фота: planetabelarus.by
Тое, што маёнтак Быкаўшчына належыў віцебскай галіне роду Козел-Паклеўскіх, вядома з ХVIII стагоддзя. У 1844 годзе маёнтак Быкаўшчына пазначаецца як уладанне Ганны Козел-Паклеўскай, у 1845 годзе маёнтак атрымаў у спадчыну Альфонс Козел-Паклеўскі. Вядома, што да маёнтка Козел-Паклеўскіх апроч самой Быкаўшчыны адносіліся вёскі Глінскія, Лугавыя, Старухі і Чачэлава.
Фота: planetabelarus.by
Сядзіба, якую мы можам абачыць сёння ў вёсцы Быкаўшчына, была збудавана ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў стылі позняга класіцызму. Архітэктурны ансамбль уключаў, апроч самога сядзібнага дома, флігель, жылыя дамы, капліцу-пахавальню, гаспадарчыя пабудовы: стайні, пякарню, амбар, кузню, карэтную, лядоўню. Побач з ёй быў закладзены парк з ліпавымі прысадамі і выкшталцонай воднай сітэмай, сажалкамі, каналамі і арачнымі масткамі праз іх.
Фота: wikimedia.org
Апроч сямога будынка сядзібы, да нашых дзён захаваліся разнастайныя гаспадарчыя пабудовы. Апошнім уладальнікам маёнтка быў Вікенцій Козел-Паклеўскі, які пакінуў родныя мясціны падчас савецка-польскай вайны. З прыйсцем савецкай улады сядзібу рэквізавалі, у 1924 годзе тут быў размешчаны дзіцячы дом, які пасля Другой сусветнай вайны быў ператвораны ў Ветрынскую школу-інтэрнат. Сёння будынак сядзібы выкарыстоўваецца ў якасці шматкватэрнага жылога дома. У 2003 годзе сядзіба была ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.
Фота: planetabelarus.by
У 1893 Анжаліка Козел-Паклеўская, удава Альфонса Фаміча Козел-Паклеўскага, задумала ўзвесці родавую капліцу-пахавальню. Козел-Паклеўскія былі каталікамі, а расійскія ўлады забаранялі пабудову рыма-каталіцкіх храмаў, каб максімальна ўніфікаваць паводле веравызнання мясцовых жыхароў. Тым не менш Анжаліка Козел-Паклеўская атрымала дазвол на будаўніцтва ад тагачаснага віцебскага губернатара, з умовай, што набажэнствы для месцічаў у капліцы адбывацца не будуць. Такім чынам, у 1900 годзе сын Альфонса Козел-Паклеўскага скончыў узвядзенне храма ў стылі неаготыкі. Будынак быў разлічаны на пяцьдзясят месцаў, склеп на трыццаць шэсць месцаў для памерлых.
Храм быў разабраны ў 1930-х гадах на карысць будаўніцтва мясцовай школы. Парэшткі колішніх уладальнікаў маёнтка перапахавалі на мясцовых могілках. Частка склепа захавалася і па сённяшні дзень. Да нядаўняга часу яна выкарыстоўвалася ў якасці сховішча для гаруча-змазачных рэчываў.
Далей прапануем рушыць у вёску Нача Полацкага раёна Віцебскай вобласці. Тут захаваліся рэшткі сядзібна-паркавага ансамбля Козел-Паклеўскіх, закладзенага на мяжы XVIII—ХІХ стагоддзяў.
Фота: wikimedia.org
Упершыню Нача ўзгадваецца ў XVIII стагоддзі як паселішча, якое належала езуітам. На пачатку ХІХ стагоддзя маёнтак Нача быў ва ўласнасці Козел-Паклеўскіх, пасля Кавецкіх, пасля Любенскіх. Апошняй гаспадыняй Начы да 1939 года была Леанціна Івашэўская, якая ніколі тут не жыла, а здавала маёнтак у арэнду Стэфаніі Ражноўскай.
Фота: wikimedia.org
Вядома, што ў Начы была царква, меркавана, першапачаткова да 1839 года ўніяцкая. З 1849 па 1882 год будынак ўзгадваецца ўжо як рыма-каталіцкі храм. Але па сённяшні дзень захаваліся толькі крушні рыма-каталіцкай капліцы, якая, меркавана, была пабудавана тут на мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў.
Фота: wikimedia.org
Фота: wikimedia.org
На мяжы ХVIII—ХІХ стагоддзяў Станіслаў Козел-Паклеўскі распачаў тут пабудову драўлянай аднапавярховай сядзібы на ўзгорку ля рэчкі Начка. З часам да сядзібы былі прыбудаваны мураваныя флігелі, адзін з якіх захаваўся да нашых дзён, як і афіцыйна з падвальнымі памяшканнямі, фрагмент канюшні, ліпавая прысада. Маёнтак у Начы апісаны ў першым томе «Гісторыі шляхецкіх сядзібаў у колішніх усходніх крэсах Рэчы Паспалітай» Рамана Афтаназы.
Завяршыць маршрут па Полаччыне прапануем у вёсцы Варонічы. Тут варта пабачыць старажытнае замчышча і часткова захаваную местачковую забудову канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Першы ўспамін пра Варонічы, на той час Варонеч, датуецца 1552 годам, на той час вёска знаходзілася ў валоданні царквы. Вядома, што ўжо ў ХVI стагоддзі на ўзгорку ля ракі Ушача ( 55.3265, 28.6351 ) існавала старажытнае ўмацаванае гарадзішча, дзе Жыгімонт Аўгуст падчас Інфлянцкай вайны ў 1566 годзе загадаў збудаваць драўляны абарончы замак, бо Варонічы сталі адным з фарпостаў абароны тагачаснай Літвы.
Замак праіснаваў усяго стагоддзе і быў зруйнаваны. Да нашых дзён ад замка захавалася гарадзішча — помнік археалогіі, дасюль месцічы называюць яго «замак». Гарадзішча падзелена на тры часткі: усходнюю, заходнюю і паўднёвую, якія аддзеленыя адна ад адной ровам.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Пасля вайны Варонічы вяртаюцца з дзяржаўнай уласнасці зноў пад уладу царквы. Вядома пра існаванне ў 1580 годзе ў Варонічах царквы Раства Багародзіцы, якая пасля заключэння Берасцейскай уніі была ператворана ў грэка-каталіцкую. Царква стала праваслаўнай толькі пасля скасавання уніі ў 1839 годзе. Тады ж і мястэчка Варонічы было забранае ў дзяржаўную ўласнасць. З местачковай забудовы ў сучасных Варонічах засталося не шмат: колішняя карчма і яўрэйская крама канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя пабудовы. Былая крама сёння функцыянуе як праваслаўная капліца, а колішняя карчма пераўладкавана пад адміністратыўны будынак.
Фота: fotobel.by
Фота: fotobel.by
Фота: planetabelarus.by
Маёнтак жа Варонічы, які знаходзіўся за пяць кіламетраў ад колішняга мястэчка, сёння аграгарадок Блізніца, з 1811 па 1906 год належаў шляхцічам Лісоўскім. Першым вядомым гаспадаром тут быў Вікенцій Лісоўскі, пасля маёнтак перайшоў па спадчыне ягонаму сыну Якаву Лісоўскаму. У 1878 годзе маёнтак належаў Ціту Лісоўскаму, апошнім гаспадаром з Лісоўскіх на пачатку ХХ стагоддзя тут быў Альгерд Цітавіч Лісоўскі.
За Лісоўскімі ў маёнтку Варонічы была пабудавана велічная сядзіба, двухпавярховы будынак якой мы можам пабачыць сёння ў Блізніцы. У палацы было шмат пакояў са старасвецкай мэбляй, бібліятэка, якая змяшчала шмат каштоўных выданняў, калекцыя мастацкіх твораў, збор каштоўнага посуду. У маёнтку была добра наладжана гаспадарка: працавалі вінакурня, сыраплавільны завод.
Існуе легенда пра асабліва шанаваныя гаспадарамі «камяні Вітаўта» — сакральныя камяні з шасцю «талеркамі» (ямінкамі), на якіх, паводле падання, запісанага Адамам Кіркорам, у 1426 годзе абедаў князь Вітаўт. Адзін камень, каторы ў 1844 годзе споўз у ваду, Якаў Лісоўскі перавёз у маёнтак з берага возера, другі ж камень застаўся на беразе. Але ў 1987 годзе і гэты камень знік у невядомым напрамку.
Перад рэвалюцыяй 1917 года Варонічы набыў Аляксандр Рымскі-Корсакаў, якому належаў і раней згаданы маёнтак Бяздзедавічы ды яшчэ некалькі навакольных сядзібаў. За савецкім часам маёнтак Варонічы быў разрабаваны. У часы Другой сусветнай вайны ў будынку сядзібы месціўся шпіталь, пасля інтэрнат для інвалідаў вайны, які працаваў да 1980-х.
Фота: radzima.org
Пасля аднаўлення будынка тут размясцілася дзіцячая музычная школа. Сёння сядзіба знаходзіцца ў добрым стане, але рамонт з выкарыстаннем сучасных будаўнічых матэрыялаў троху змяніў яе першапачатковы выгляд. Зараз тут месцяцца дом культуры, бібліятэка, музей і мастацкая школа. Захаваліся і некалькі гаспадарчых пабудоваў, сажалка, рэшткі парку.
Фота: radzima.org
Вандруйце разам з «Будзьма!».
ПЖ, Budzma.org