Працягваем вандроўкі з «Будзьма!» па беларускіх абшарах. Гэтым разам скіруемся на поўнач, у Полацкі раён Віцебскай вобласці. Тут нас чакаюць старажытныя замчышчы, культавая архітэктура, старасвецкія сядзібы, паркі, шматлікія помнікі прыроды, наведаем нават «беларускі Стоўнхэндж». Такім чынам, прапануем наступны маршрут працягласцю каля 140 кіламетраў: возера Янова — Бікульнічы — Гомель — Захарнічы — Казімірова — Калектыўная — Бяздзедавічы — Быкаўшчына — Нача — Мураўшчына — Варонічы.
Фота: planetabelarus.by
Возера Янова
Фота: planetabelarus.by
Першым нашым прыпынкам будзе маляўнічае возера Янова, ці Янаўскае, як кажуць месцічы. Знаходзіцца яно на мяжы Полацкага і Ушацкага раёнаў. Янова належыць да басейна ракі Дзіва, якая ў ніжняй плыні завецца Тураўлянкай. На берагох вадаёма размяшчаюцца вёскі Янова, Ляснеўшчына, Свяціца. Плошча возера складае 7,7 км², максімальная глыбіня дасягае 13,2 км.
Фота: planetabelarus.by
Берагі возера лясістыя, узгорыстыя, часткова забалочаныя. Берагавая лінія мае працягласць каля 25 кіламетраў. На возеры Янова маецца шмат паўвыспаў, найбуйнейшая з якіх знаходзіцца з боку вёскі Бікульнічы, куды мы скіруемся пазней. На возеры зарганізавана платная рыбалка. Тут можна ўпаляваць шчупака, акуня, ліня, язя і інш.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Чытайце па тэме: Вандруем разам з «Будзьма!»: што паглядзець у Лунінецкім раёне. Частка трэцяя
Скопішча валуноў «Янава»
(55.2809, 28.7858)
Фота: planetabelarus.by
У ваколіцах вёскі Бікульнічы на беразе возера Янова знаходзіцца цікавы помнік рэспубліканскага значэння — скопішча валуноў «Янава», які, меркавана, узнік тут 4–5 тыс. год таму. Помнік уяўляе з сябе тры групы гранітных і гнейсавых камянёў ружовага і чырвонага колераў, выкладзеных у форме літары «П», якая сваім адкрытым бокам скіраваная ў бок узгорка пад назвай Валатоўка. На ўзгорку, у баку ад асноўнага скопішча камянёў, за метраў дзвесце ад вады месціцца асобны камень, на якім можна разгледзець стрэлку ў кірунку той жа Валатоўкі.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што гэтае скопішча валуноў некалі выконвала ролю капішча, іншыя прытрымліваюцца меркавання, што ролю старажытнай абсерваторыі з мэтай вызначэння даты святкавання летняга сонцастаяння, ці Купалля. Апошнія даследаванні сведчаць усё ж пра тое, што ў перыяд летняга сонцастаяння сонца не сядае за Валатоўкай. Эмпірычна было вызначана, што комплекс валуноў можа паказваць на ўзыход сонца над гарой Гарадзец у дні апошняй дэкады траўня, што можа быць звязана не проста з вызначэннем даты дня летняга сонцастаяння, але і з пачаткам больш шырокага летняга святочнага перыяду, які ў народным календары прадстаўлены Сёмухай і Купаллем.
Фота: fotobel.by
Гомель
Далей прапануем рушыць у вёску Гомель Полацкага раёна Віцебскай вобласці. Да мінулага года тут было на адзін гістарычны архітэктурны аб’ект больш, але ж летась сядзіба Арліцкіх ХІХ стагоддзя пабудовы была разабрана па загадзе мясцовай адміністрацыі. Але ж у вёсцы Гомель захавалася старажытнае замчышча, таму сюды ўсё ж варта завітаць.
Гомель, рака Туржанка, 1941
Гомель упершыню ў пісьмовых крыніцах узгадваецца ў XVI стагоддзі, калі паводзе загаду вялікага князя Жыгімонта Аўгуста тут быў узведзены Гомельскі замак. Мяркуецца, што замак быў пабудаваны на месцы старажытнага гарадзішча. На сённяшні дзень захаваліся рэшткі замкавых валоў, абрысы рвоў паабапал замчышча таксама чытаюцца.
Фота: fotobel.by
Гомель знаходзіўся ў валоданні роду Жукоў, у ХІХ стагоддзі перайшоў да Місуноў. На той час было некалькі маёнткаў Гомель у ваколіцах возера з аднайменнай назвай. Адзін належаў нашчадкам Адама Фадзеевіча Місуна, а другі Адаму і Баляславу Станіслававічам Арліцкім. Да мінулага года сядзібу Арліцкіх з уезнай ліпавай прысадай можна было пабачыць на беразе возера Гомля.
Фота: fotobel.by
Гэта быў аднапавярховы драўляны дом простай архітэктуры. Цэнтральная частка сядзібы была вылучана ганкам з чатырма масіўнымі каменнымі калонамі, якія падтрымлівалі трохкутны франтон. Вокны будынка былі высокія, аздобленыя ліштвамі і сандрыкамі. За савецкім часам у будынку месцілася школа. З таго часу, як яго спынілі выкарыстоўваць, марудна прыходзіў да заняпаду. У 2021 годзе колішняя сядзіба Арліцкіх была цалкам зруйнавана.
Фота: wikimedia.org
Яшчэ побач з вёскай Гомель варта наведаць гідралагічны помнік прыроды мясцовага значэння «Гомельская крыніца» ( 55.29331 , 28.75347 ).
Фота: Аляксандр Хамянкоў
Фота: Аляксандр Хамянкоў
Чытайце па тэме: Вандруем разам з «Будзьма!»: Глыбоцкі раён. Частка першая
Знаходзіцца яна на паўднёва-заходнім беразе возера Гомля, лепей за ўсё дабірацца праз вёску Гомель, бо непасрэдна з шашы Р46 усе пад’езды размытыя, асабліва падчас адлігі.
Фота: Аляксандр Хамянкоў
Фота: Аляксандр Хамянкоў
Захарнічы
Наступным пунктам прапануем зрабіць вёску Захарнічы і ўшанаваць памяць беларускага мастака Яна Хруцкага ды ягоных сваякоў ды родных, які пахаваны тут на мясцовых могілках.
Ян Хруцкі. Аўтапартрэт
Ян Хруцкі нарадзіўся ў сям’і грэка-каталіцкага святара ў мястэчку Ула, што сёння знаходзіцца ў Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці. Сярэднюю мастацкую адукацыю атрымаў у 1822–1826 гг. на факультэце вольных мастацтваў Полацкай вышэйшай піярскай вучэльні. У 1827 годзе пераехаў працягваць навучанне ў Пецярбург, дзе ў 1830 годзе паступіў у Імперскую акадэмію мастацтваў.
Ян Хруцкі. Старая, што вяжа панчоху, 1838
Першая вядомая праца Яна Хруцкга датаваная 1832 годам. Адначасова Хруцкі працаваў як дызайнер памяшканняў сярод заможных сем’яў. У 1936 годзе Хруцкі быў узнагароджаны медалём Акадэміі мастацтваў за ягоныя нацюрморты. Быў ён вядомы і партрэтамі: «Старая, што вяжа панчоху» прынесла яму малы залаты медаль Акадэміі. Неўзабаве Ян Хруцкі атрымаў і тытул акадэміка.
Ян Хруцкі. Віленская Кальварыя, 1840
Пасля смерці свайго бацькі ў 1840 годзе Хруцкі назаўсёды вяртаецца на радзіму. У 1844 годзе ён прыдбаў маёнтак Захарнічы, дзе па ўласным праекце збудаваў сядзібу ды заклаў сад. У гэты перыяд творчасці ён займаецца ў асноўным рэлігійным жывапісам ды піша партрэты. Памёр Ян Хруцкі ў Захарнічах, пахаваны побач з сям’ёй на мясцовых могілках, якія прапануем наведаць.
Радавое пахаванне Хруцкіх на могілках у в. Захарнічы. Фота: radzima.org
На жаль, будынак радавой сядзібы Хруцкіх не захаваўся да нашых дзён: як ён выглядаў, мы можам меркаваць толькі паводле нешматлікіх старых фотаздымкаў.
Сядзіба Хруцкіх, Захарнічы, 1910
Казімірова
Далей прапануем рушыць у вёску Казімірова. Тут захаваліся рэшткі сядзібы, якая ў 1878 годзе належала П. Ф. Куляшу, на пачатку ХХ стагоддзя Мікалаю Карлавічу фон Цэшэ, пазней перайшоў Канстанціну Аляксандравічу Звераву. У вёсцы захаваліся два каменныя будынкі, якія, верагодна, уваходзілі ў сядзібны комплекс.
Фота: radzima.org
Фота: radzima.org
Адзін, двухпавярховы, збудаваны з чырвонай цэглы, крыты высокім двухскатным дахам. Вокны ўпрыгожаныя патынкаванымі і пафарбаванымі ў белы колер ліштвамі. Другі будынак аднапавярховы, на высокім падмурку, які ўтварае цокальны паверх. Верагодна, гэта колішняя афіцына. Яшчэ ў Казімірова захаваліся рэшткі прысядзібнага парку.
Фота: radzima.org
Калектыўная (Муміна)
Далей прапануем рушыць у вёску Калектыўная Полацкага раёна. У XVII–XVIII стагоддзях паселішча, якое месцілася на гэтай тэрыторыі, мела назву Муміна і належала Полацкаму Багаяўленскаму праваслаўнаму кляштару, як і ўсе землі вакол возера Ропна. Тут, на беразе возера на ўзгорку, у 1790 годзе была ўзведзена мураваная царква замест колішняй драўлянай.
Фота: planetabelarus.by
Ёсць меркаванне, што да праекта царквы мог мець дачыненне італійскі архітэктар Джакома Кварнэгі, які быў архітэктарам большасці тагачасных будынкаў Багаяўленскага кляштара ў Полацку. Вядома, што да царквы ў Муміна з Полацка ладзіліся хрэсныя хады з найбольш шанаваным мясцовым абразам Іверскай Божай маці, які захоўваўся тады ў Багаяўленскім манастыры ў Полацку. На мясцовых могілках побач з царквой хавалі архімандрытаў і іншае духавенства, да нядаўняга часу тут захоўваліся надмагіллі ХІХ стагоддзя, але пасля таго, як пачалося аднаўленне царквы, пахаванні былі моцна пашкоджаныя, а некаторыя ўвогуле зніклі.
Царква Св. Міколы Цудатворца, якую мы можам пабачыць сёння ў вёсцы Калектыўнае — помнік архітэктуры барока, які рэканструяваўся ў другой палове ХІХ стагоддзя. У такім выглядзе царква захавалася і да нашых дзён.
А чаму Муміна стала Калектыўнай? Гісторыя наступная. Пасля Другой сусветнай вайны жыхары Муміна былі расселеныя па суседніх вёсках, а сама вёска зліквідаваная. Аднак у 1952 годзе побач з ацалелым будынкам царквы на беразе возера быў збудаваны ільнозавод. Паступова вакол яго пачало фармавацца паселішча пад першапачатковай назавай «пасёлак ільнозавода», а напрыканцы 1960-х гадоў яно атрымала афіцыйную назву Калектыўная. Вядома, да гістарычных назваў за савецкім часам не вярталіся, таму назва Муміна так і не была адноўлена.
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе. ПЖ