Гуртавацца нармальна, калі малады і несамастойны. Малыя жывёлінкі туляцца адна да адной. Бо разам цяплей. І не так страшна. Гуртавацца – кайф, калі ёсць ахвота тусіць ды аджыгаць – трапіць у рэзананс эмоцыяў і дурэць ад агульнага драйву.
Ты – шыза. Я – шыза. Ёсць кантакт! А яшчэ гуртаванне – гэта мабілізацыя. Мы выйшлі шчыльнымі радамі. І будзем стаяць бясконца. Хоць за ракенрол, хоць за мову, хоць за сцяг. Супольнасць робіць ідэю важнай. Ці проста заўважнай у паснулым ландшафце штодзённасці. Насыплем горы, насыплем! І зробімся значнымі. Бо супольныя высілкі – гэта яшчэ й прамоцыя хаўруснікаў. Калі што, я – трэці злева ў другім шэрагу! Беларускае музычнае гуртаванне ў прынцыпе не пра музыку. Гэта не стыль. Гэта пазіцыя.
Што ў свой час зрабіла падзеяй “Народны альбом”? Першае і галоўнае: натуральнасць і нязмушанасць. Бо выдумлялася ды спявалася не на замову, а ад сэрца. Другое: агульная драматургія, моцная кампазіцыйная структура, цэльнасць музычна-паэтычнага выказвання ад тандэму Анемпадыстаў-Вольскі. Нарэшце, трэцяе: супольная праца над матэрыялам, аб’яднанне ў альбомны “супергурт” – творчую адзінку, якасна адрозную ад асобных высілкаў яе знакамітых удзельнікаў.
І, ясная справа, час. Незалежніцкая эліта шукала новую ідэнтычнасць – для сябе і для краіны. Акурат як і большасць слухачоў “Альбома” – жыхароў новастворанай Рэспублікі Беларусь. Супадзенне настрою было стоадсоткавым. “Народны альбом” – у камплекце з іншымі артэфактамі “супольнай эпохі” (“Я нарадзіўся тут” і “Святы вечар”) – стаўся малой радзімай новай беларускасці. І, як той казаў, “закрыў тэму”. Бо далей пайшлі зусім іншыя гульні.
Першаснае тусовачнае адзінства ракенрольнай партызанкі – стыхійны сінхрон густаў і перакананняў – саступіла месца разнастайным спробам сістэмнага праграмавання свядомасці. Cлухаць сваё. Купляць сваё. Выбіраць сваіх. Нулявыя – час менеджараў, ахвочых вырабляць беларушчыну прамысловым шляхам. Па знаёмых лякалах. Вольныя танцы. За Свабоду I. За Свабоду II. За Свабоду III. Незалежны Я. Бумеранг. ВыбіRIGHT. Дыхаць! Генералы айчыннага року. Партызанская школа. Гавары праўду… Пашукайце ў доўгай шуфлядзе – пэўна знойдзеце яшчэ пару плытак часоў Плошчы-2006 і старой сядзібы БНФ. Беларускасць аказалася серыйнай, згуртаванасць – тэхнічнай: “Дванаццаць бэндаў – і ўсе за свабоду!”.
Тое, што большасць кружэлак выраблялася напярэдадні ці наўздагон палітычным падзеям, толькі падкрэслівала іх другасны, службовы характар. І зрабіла супольнасць банальным сродкам спакушэння электарату. Разам нас багата. А вось і саўндтрэк да чарговага шоў! Той самы гук. Тыя ж імёны. Тыя ж спевы. Наш белы/чорны/бел-чырвона-белы спіс.
Трэцяе – пасля настальгічна-гераічнага і мабілізацыйна-палітычнага – жыццё музычнай талакі маем сёння: лабараторныя вопыты на абраныя тэмы. “Апошні золак”, “Песні матчыны з Вушаччыны”, “(Не)расстраляная паэзія”… Толькі лаві. Толькі частуйся. Але ж дзіўная рэч: чым далей у лес, тым менш цудаў. Зрэшты, зразумела чаму: замест колішняга драйву нам прапануюць сацыяльную значнасць. І апелююць да найлепшых пачуццяў: “Гэта ж супраць смяротнага пакарання! Гэта ж тое, што спяваў Барадулін! Гэта расстраляная генерацыя!” Але хто гэта будзе слухаць праз год? Хто заспявае – як дагэтуль спяваюць “Простыя словы”?
Што істотнага, напрыклад, у свежым праекце “(Не)расстраляная паэзія”? Сам праект – як спроба аднаўлення гістарычнай памяці. Адукацыйна-асветніцкая праграма: прома-ролікі, лекцыі, пераклады, чытанкі, нататнікі, кніжка… Ці можна было тут абысціся без музычнага альбома? Як на мяне, лёгка. Ці важкі музычны складнік? Здаецца, не надта.
Па-першае, наш рок-н-рол даўно ператварыўся з “высокай хваробы” ды агітрэсурсу ў генератар чыстага фану. Не верыце? Запытайцеся ў Міхалка. Большасць трэкаў “Паэзіі” – стос зручных у спажыванні, камфортных (асабліва тут вылучым “Дзецюкоў”, Вольскага ды Аракеляна) штучак. Праз іх – да трагедыі расстраляных паэтаў? Арыгінальна. А цяпер – хард-рок-фолк-попс ад Кацярыны Ваданосавай! Дамы запрашаюць!
Па-другое, з паэзіяй у прынцыпе складана. Замінае жорсткая структура. Калісьці на гэтым спаліўся Лявон Артуравіч у сваёй (таксама, дарэчы, адукацыйна-музычнай) “Белай яблыні грому”. Як быць? Ламаць фармат. У “Паэзіі…” так зрабілі Вінцэнт (“дапрацоўка” верша Зямы Піваварава), Relikt (гульня з прозай Міхася Зарэцкага) і Святлана Бень з найлепшым трэкам праекта – футурыстычна-электронна-меладраматычнай п’есай на словы Ізі Харыка.
Па-трэцяе, добрая частка камсамольска-рамантычнай вершаванкі (там, дзе яе магчыма разабраць у агульнай плыні гуку) выглядае безнадзейна наіўнай і спарахнелай. Шанаваць яе? Адно за тое, што аўтар загінуў? А музыкаў – за тое, што наважыліся з ёй папрацаваць? Прабачце, матэрыял не спрыяе.
Сустракаюцца ў праектнай прасторы й выключэнні – тая ж “Аnima” з мінімалістычным трыб’ютам Міхалу Клеафасу Агінскаму: найлепшыя артысты ў кампаніі клавішных Макса Івашына і Міхаіла Лоскутава, незвычайны матэрыял, агульная тэма Радзімы. Там атрымалася адбудаваць поле супольнага аўтарства. Але звычайна маем адваротнае. Падмену творчай якасці грамадзянскай пазіцыяй.
Стос адзінак – не супольнасць. Яны побач, але не разам. Таму і вынік адпаведны. Паважаць можна. А вось любіць цяжкавата.
Як супольную фотку выпадковых мінакоў.
Максім Жбанкоў