Абвяшчэнне БНР, ССРБ, стварэнне кур’ёзнай ЛітБел — «літоўскай дзяржавы з Мінскай губерняй» — былі, як выявілася, далёка не заканчэннем геапалітычных зменаў, якія накрылі беларускія землі пасля Першай сусветнай вайны. Скончылася бясконцае перакройванне межаў толькі ў 1921 годзе, прычым вельмі сумна — падзелам Беларусі на дзве часткі па Рыжскай дамове. Давайце ўспамінаць, што адбывалася ў тыя няпростыя гады з нашай рэспублікай, якая ледзь паспела ўтварыцца.
Пасля імклівага наступу палякаў ў 1919 годзе ЛітБел па факце спыніла існаванне, хоць дэ-юрэ дзіўная «дзяржава» яшчэ не знікла. У Савецкай Расіі было шмат іншых, больш надзённых, спраў, прычым вайна з палякамі пакуль не была пытаннем першай важнасці. Грамадзянская вайна была ў разгары, Дзянікін і Калчак з розных бакоў ішлі на Маскву, і пытанні заходніх тэрыторый былі менш важныя, чым праблема фізічнага выжывання.
Савецкая ўлада выстаяла. Дзянікін быў разбіты, адкінуты да Чорнага мора і здаў справы Урангелю, Калчак быў выдадзены, расстраляны і адпраўлены пад лёд. Польскі фронт рабіўся для савецкага ўрада прыярытэтным, вясной 1920 года галоўныя сілы Чырвонай арміі канцэнтраваліся на захадзе — беларускае пытанне зноў выходзіла на першы план.
І зноў інтарэсы беларусаў аказаліся не ў прыярытэце. Савецкай Расіі былі вельмі і вельмі патрэбныя ў барацьбе з Польшчай саюзнікі — хоць якія. Дружалюбных звышдзяржаў паблізу не назіралася, таму галоўнымі кандыдатамі ў саюзнікі сталі новаўтвораныя прыбалтыйскія краіны. Ужо ў верасні 1919 года Масква прапанавала мірныя перамовы Латвіі, Літве і Эстоніі.
Апошнім такая дыпламатыя была хутчэй на руку. Вышэй я назваў дзяржавы «новаўтворанымі», але з такім жа поспехам іх можна было б назваць «недатворанымі» — афармленне дзяржаваў было яшчэ далёка не скончанае. Так, у артыкуле 433 Версальскага мірнага дагавора Літва была прызнаная «існуючай дзяржавай», але яшчэ не аформленай, што ў прынцыпе не давала літоўцам ніякіх гарантый далейшага існавання незалежнай краіны. Польшча відавочна жадала адкусіць ад Літвы колькі атрымаецца, так што дамаўляцца з Саветамі ў літоўскай дзяржавы былі ўсе падставы. Тым больш што Масква была гатовая даваць, і даваць шмат. На жаль, амаль усё — за кошт беларускіх земляў.
Самым вострым з пытанняў, што абмяркоўваліся на савецка-літоўскіх перамовах, была тэрытарыяльная. Літоўскі бок прасіў у склад сваёй дзяржавы чатыры губерні, Ковенскую, Віленскую, Сувалцкую і Гродзенскую, у сваіх патрабаваннях аперуючы выдатнымі аргументамі ў стылі «гэтыя землі складаюць адно эканамічнае цэлае, таму іх няблага б аддаць».
На жаль, падобнай пазіцыі прытрымліваўся і прадстаўнік процілеглага боку — сябра Міністэрства беларускіх спраў Д. Сямашка, які выступаў як выразнік інтарэсаў беларусаў Віленшчыны і Гродзеншчыны. Ён сціпла заявіў, што апошнія… хацелі б апынуцца ў складзе Літвы. Аргументы былі яшчэ больш дзіўнымі, чым у літоўцаў: далучыцца да Літвы было б добра, таму што гэта не Польшча і не савецкая Расія. Маўляў, апошнія дзве непазбежна будуць вызнаваць крайні шавінізм, а Літва — не. Пры гэтым Сямашка выдатна ўсведамляў і не хаваў таго факту, што, напрыклад, на Гродзеншчыне беларусы складаюць «велічэзную большасць», і ні пра якую «спрадвечна літоўскую» зямлю не казаў.
Трэба сказаць, што літоўскія патрабаванні савецкі бок нармальнымі ніяк не лічыў, справядліва называючы іх «імперыялістычнымі і нічым не падмацаванымі». Але ўсё роўна пагаджаўся іх выканаць. «З Літвой нібыта адносіны наладжваюцца, мы пайшлі на радыкальныя саступкі і ад яе чакаем эквіваленту», — пісаў наркам замежных спраў Чачэрын. Цяпер гэта дзіўна чытаць, але тады ўступленне Літоўскай Рэспублікі ў вайну з Польшчай здавалася проста ідэальным развіццём падзей: бальшавікі былі радыя любому саюзніку.
У пачатку ліпеня 1920 года пачалося буйное і вельмі паспяховае наступленне Чырвонай арміі на Заходнім фронце. Польскія войскі хутка і бязладна адступалі, сітуацыя была падобная на ваенны разгром. Дамова з Літвой, калі наогул мела сэнс заключаць яе, мусіла быць падпісаная цяпер: Расіі не перашкодзіла б умацаванне паўночнага флангу, а літоўскі бок, прамарудзіўшы, мог зусім нічога не атрымаць (які сэнс аддаваць нешта пасля перамогі?). Прыз жа быў велізарны. Як мінімум чырвонаармейцы выбілі палякаў з Вільні. І былі гатовыя аддаць яе бязвыплатна, гэта значыць дарма. Ну, амаль.
12 ліпеня 1920 года дамова была падпісаная. Практычна ўсе патрабаванні літоўцаў былі выкананыя. Усходнія межы рэспублікі прайшлі праз Браслаў — Паставы — Мядзельскі раён — на захад ад Вілейкі — Маладзечна і Валожын — на поўдзень ад Аўгустова. Узамен Чырвоная армія атрымлівала права праходу праз літоўскую тэрыторыю. Магчыма, Ленін проста адмовіўся ад думкі саветызаваць Літву да лепшых часоў, але тут і цяпер угода выглядала літаральна альтруістычнай. Альтруістычнай не для беларусаў, вядома.
Праз месяц такі ж дагавор быў заключаны і з Латвіяй. Апошняя атрымала за беларускі кошт не так шмат, але без гэтага не абышлося: у склад дзяржавы ўвайшлі тры паветы Віцебскай губерні — Дзвінскі, Люцынскі і Рэжынскі.
Дарэчы, менавіта дамова з Літвой ад 12 ліпеня паставіла кропку ў дзіўным і бессэнсоўным існаванні ЛітБел, якая ужо год уяўляла сабой сапраўдны прывід дзяржавы. Дарэчы, многія чальцы ўрада ЛітБел лічылі, што раз іх вялікая дзяржава скончылася, то зноўку ствараць хоць нейкую беларускую дзяржаўнасць зусім ні да чаго. У тэзісах Р. Пікеля і І. Рэйнгольда «Да пытання аб стварэнні Беларускай Савецкай рэспублікі» аўтары наўпрост заяўлялі, што ні нацыяй, ні народнасцю беларусы не з’яўляюцца, нічым ад велікарусаў не адрозніваюцца і вартыя хіба што асобнай губерні. Кіраўніцтва апошняй, на думку Пікеля і Рэйнгольда, мусіла самым актыўным чынам падрыхтаваць працоўныя масы Беларусі да «поўнага зліцця ва ўсіх адносінах з Савецкай Расіяй».
Беларускія камуністы, у процівагу вышэйзгаданым, катэгарычна выступілі за аднаўленне Беларускай савецкай рэспублікі. Чарвякоў, Цішка Гартны і іншыя адмовіліся ад перспектывы «беларускай губерні» і запатрабавалі стварыць рэўкам Беларусі ў складзе «аўтаномнага арганізма Савецкай Расіі». У адваротным выпадку, папярэджвалі дзеячы, можна «надоўга адштурхнуць ад сябе беларускую рэвалюцыйную дэмакратыю».
Зрэшты, у вачах вышэйшага кіраўніцтва Савецкай Расіі другое абвяшчэнне Беларусі было выгадным з чыста практычных меркаванняў: Чырвоная армія набліжалася да польскіх тэрыторый, і, даючы дзяржаўнасць землям, з якіх ужо выбілі палякаў, яна надавала сваім дзеянням адназначна вызваленчы характар. У выніку пленум ЦК РКП (б) ужо 16 ліпеня 1920 года ўхваліў ідэю аб стварэнні асобнага беларускага рэўкама. 31 ліпеня 1920 года яго чальцы прынялі рашэнне зноў абвясціць Беларускую савецкую рэспубліку. Цікава, што партыі, якія выбіраліся для абвяшчэння дзяржавы, апроч іншага, не павінныя былі настойваць на тэрыторыі ў межах, вызначаных на карце акадэміка Карскага (тут трэба ўставіць гэтую карту). «Сціплейшымі трэба быць, панове!».
У апублікаванай 31 ліпеня «Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі» аб тэрытарыяльным пытанні было вельмі мала і вельмі няпэўна. Уласна, калі прапанаваць картографу намаляваць дакладную карту дзяржавы па інфармацыі, якая змяшчаецца ў дэкларацыі, у яго, напэўна, будуць праблемы: усходнія межы, напрыклад, «усталёўваюцца свабодным волевыяўленнем беларускага народа на павятовых і губернскіх з’ездах Саветаў у поўнай згодзе з урадамі РСФСР і УССР» — як хочаш, так і разумей. На практыцы, мяркуючы па ўсім, на ўвазе меліся дзве няпоўныя губерні: Гродзенская і Мінская. Беларускім эсэрам, напрыклад, такая палітыка падалася абрыдлівай, і яны адмовіліся падпісаць Дэкларацыю. Бальшавікі былі не супраць і пазбавілі эсэраў пасадаў ва ўрадзе БССР.
Зрэшты, гэта былі яшчэ не ўсе праблемы. Трыумфальны наступ Чырвонай арміі на Варшаву скончыўся «Цудам на Вісле» — Заходні фронт Міхаіла Тухачэўскага быў разгромлены, дзясяткі тысяч чырвонаармейцаў апынуліся ў палоне, а палякі зноў пайшлі на ўсход. Ужо да канца верасня 1920 года савецкія войскі сышлі з Ліды і Баранавічаў, 15 кастрычніка пакінулі Мінск. У канцы восені Чырвоную армію хапіла яшчэ на адно контрнаступленне, пасля чаго праціўнікі канчаткова аслабелі і пачалі дамаўляцца.
На перамовах, якія праходзілі спачатку ў Мінску, а потым у Рызе, былі прадстаўленыя савецкае і польскае кіраўніцтва — не было толькі прадстаўнікоў БССР (старшыню рэўкама Чарвякова ў Рыгу запрасілі, але на перамовы не пусцілі). БССР была цалкам выключаная з перамоўнага працэсу да самага канца. Зрэшты, палякі прапанавалі забяспечыць Беларусі самавызначэнне шляхам правядзення плебісцыту, для чаго вывесці савецкія і польскія войскі з усіх тэрыторый, дзе пражывалі беларусы. Уключаючы, напрыклад, Смаленскую губерню. Улічваючы тое, як давяралі апаненты адзін аднаму, гэта быў нядрэнны жарт.
Дарэчы, сярод прычын, з якой Беларусь выключылі з перамоваў, як ні дзіўна, знайшлася нават адна «пазітыўная». Кіраўнік савецкай дэлегацыі Іофэ падчас неафіцыйнай размовы з Чарвяковым намякнуў, што ўжо вырашана, што па дамове Беларусь будзе падзеленая. І даволі крытычна, што мір заключаюць рускія і палякі, а не беларусы: у выпадку чаго ў беларускага ўрада рукі будуць развязаныя. У выпадку чаго менавіта, незразумела — калі ў 1939 годзе беларускія землі ўз’ядналіся, усё вырашыла Другая сусветная, а не «развязаныя рукі» ўрада БССР.
Нежаданне савецкага боку бачыць за сталом перамоваў беларусаў можна растлумачыць і прасцей: такі фармат мог азначаць жаданне Масквы кіравацца прынцыпамі нацыянальнага самавызначэння. А насуперак гэтым прынцыпам бальшавікі ўжо аддалі Віленшчыну і частку Гродзеншчыны Літве, утрымалі ў складзе РСФСР ўсходнебеларускія землі — на гэтых жа перамовах польскі бок казаў, што такое разбазарванне было крыху беспадстаўным.
Нарэшце, беларускай дэлегацыі, як ні дзіўна, баяліся. Невядома было, ці не паспрабуюць прадстаўнікі БССР адстойваць свае, а не чужыя інтарэсы, і ці не «перавернуць усе дыпламатычныя камбінацыі», як пісаў Чычэрын.
Таму зрабілі прасцей: на аснове мандата, «выдадзенага» рэўкамам БССР расійскаму ўраду ў верасні, апошні велікадушна ўзяў на сябе ўсе дыпламатычныя клопаты. У снежні 1920 года правялі другі Усебеларускі з’езд саветаў у Мінску, які паслужліва пацвердзіў ўсе паўнамоцтвы расійскага боку. Зрэшты, з’езду Масква давярала не вельмі, і таму напярэдадні яго было прынятае наступнае рашэнне: «пытанне пра самастойнасць Беларусі ў партыйных колах не падымаць і ніякіх дыскусій не дапускаць». Кнорын адкрыта казаў Чычэрыну: «З’езд будзе мець сваёй галоўнай задачай замаўчаць усе пытанні, якія маглі б быць нязручнымі для вас».
12 кастрычніка 1921 года быў падпісаны першы дагавор аб перамір’і і прэлімінарных умовах міру, які сцвярджаў і дзяржмяжу прыкладна па лініі «нямецкіх акопаў 1916–1917 гадоў» — у складзе Польшчы заставалася значная частка Беларусі. У ходзе далейшых перамоваў палякам пагадзіліся аддаць 12 тысяч квадратных кіламетраў Палесся і раён каля Радашковічаў. Чалец польскай дэлегацыі Грабскі ўспамінаў, што бальшавікі былі гатовыя даваць зямлі больш, чым у іх просяць.
18 сакавіка 1921 г. урад Польшчы, РСФСР і УССР падпісалі нарэшце Рыжскі мірны дагавор. «Развязаныя рукі ўрада Беларусі» выявіліся ў тым, што ў прэамбуле дакумента было прама сказана, што расійская дэлегацыя падпісвае яго ад імя БССР, і ўсе абавязанні распаўсюджваюцца на Беларусь і яе грамадзян.
У выніку па мірнай дамове мяжа паміж БССР і Польшчай прайшла ўсяго за некалькі дзясяткаў кіламетраў на захад ад Мінска. 113 000 квадратных кіламетраў беларускай тэрыторыі і 4 млн насельніцтва апынуліся ў складзе Польшчы. Вільня, аддадзеная Літве, усяго пару дзён афіцыйна пабыла літоўскай, потым таксама апынулася ў Польшчы (але гэта ўжо іншая гісторыя). Несправядлівасць вызначэння ўсходніх межаў была настолькі відавочнай, што Савет Антанты два гады адмаўляўся іх прызнаць.
Чычэрын адназначна выказваўся пра Рыжскі мір як пра часовы, заключаны для «самазахавання Савецкай рэспублікі як цытадэлі рэвалюцыі», і наогул, «калі польскія рабочыя вызваляць сябе, яны вызваляць і сялян Беларусі». Ніхто, зразумела, нікога не вызваліў, і наступныя змены заходніх межаў БССР адбыліся ўжо ў 1939 годзе. Не па волі польскіх рабочых, зразумела.
Дзяніс Буркоўскі, budzma.by
Глядзіце таксама: