Уявеце сытуацыю. Вы трапілі ў шпіталь зь нейкай сур’ёзнай праблемай. Скажам, зламалі нагу. І вось да вас у палату прыходзіць нейкі боўдзіла ў белым халаце і замест таго, каб накласьці гіпс і даць абязбольвальнік, расказвае, што, маўляў, у суседняй палаце камусьці наагул адарвала руку ці нават галаву. То бок замест дапамогі табе — нейкія байкі пра тое, як камусьці яшчэ горш. Валера Руселік у сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» прыглядаецца да гэтай абсурднай сытуацыі на прыкладзе… Беларусі.
Надоечы Youtube падкінуў сьмешнае відэа. У менскай студыі сядзяць мужчына і дзьве жанчыны і… наракаюць на тое, як жа ж цяжка жывецца ў Эўропе — ня тое, што ў Беларусі! І бэнзын у іх там на тым Захадзе — па талёнах, і жукоў ядуць, і рэкляма мяса забароненая, і вады гарачай няма ў гэтых вашых парыжах!
Ну страхоцьце, Божа ж ты мой!
Паслухаў я гэтых недарэкаў-прапагандыстаў, седзячы ў цэнтры Варшавы, і задумаўся. Ну добра, калі ўсё ў Эўропе гэтак дрэнна, то чаго ж беларусы сотнямі тысяч едуць сюды, а не эўрапейцы — у Беларусь? Ну чалавек жа ж заўжды імкнецца туды, дзе лепш, праўда?
І тут нават не патрэбныя ўсе гэтыя статыстыкі пра ўзровень заробкаў, дэмаграфічныя праблемы альбо ўзровень алькагалізацыі насельніцтва — дастаткова папросту вось гэтага кірунку: па лепшае жыцьцё людзі едуць зь Беларусі ў Эўропу, а не наадварот.

Валера Руселік у варшаўскай кавярні. Фота з архіву аўтара
Дарэчы, за ўсе вось ужо 21 год майго жыцьця пераважна ў замежжы, у розных краінах — плюс у тых, па якіх быў падарожнічаў — я анідзе аніразу не сустракаў нічога падобнага на тое, каб нейкія мясцовыя недарэкі на сур’ёзных шчах сядзелі ў студыі і адцягвалі суграмадзянаў ад уласных праблем, пераконваючы іх, што вось недзе там жывуць яшчэ горш!
Ну толькі што — у Расеі. Ды яшчэ ўзгадваецца старая савецкая показка пра «затое ў вас нэграў лінчуюць».
І ўсё. Усе астатнія, каго сустракаў, займаюцца сваім уласным жыцьцём. А калі з кім сябе й параўноўваюць, дык найперш з тымі, хто жыве лепей — каб было на каго раўняца і да чаго імкнуцца. Вось у той краіне дасягнулі посьпехаў у зялёнай энэргетыцы — давайце і мы паспрабуем! А вось як хтосьці разьвязвае праблему недахопу працоўных рук — можа і нам нешта падобнае ўвасобіць? Ну-ка, што там у вас з адукацыяй — а нас навучыце?
Гэта і ёсьць абмен досьведам. Гэта і ёсьць разьвіцьцё. Гэта і ёсьць сакрэт посьпеху. Вось чаму едуць беларусы сюды, у Эўропу, а не наадварот. Выбар паміж тым, каб папросту нармальна жыць і быць гаспадаром уласнага лёсу, і тым, каб сядзець у сьмярдзючай калюжыне і слухаць байкі пра яшчэ большы смурод дзесьці невядома дзе — відавочны.

Беларускі Парыж — вёска на Віцебшчыне. Фота «Нашай нівы»
Безумоўна, і на Захадзе ёсьць свае праблемы: і ў мэдыцыне, і ў адукацыі, і ў сацыяльным забесьпячэньні, і нават у дэмакратыі — дык а хто ж тыя праблемы адмаўляе? Палітычныя баталіі на трыбунах і ў мэдыях, страйкі й вулічныя пратэсты, гучныя скандалы не дадуць схлусіць. Вось толькі адначасова яны сьведчаць пра наяўнасьць ня толькі нейкіх праблем, але і мэханізмаў разьвязаньня гэтых самых праблем. Вольныя мэдыя, незалежныя суды, закон для ўсіх, свабода выказваньняў і пратэстаў, выбары і рэфэрэндумы і гэтак далей.
Ці вы думаеце, калі б Эўропа была закатаная пад крывавы асвальт рэпрэсіяў, ці ведалі б мы пра наяўнасьць нейкіх там яе праблем адно з рэдкага бульканьня ў балотнай жыжы мясцовых прапагандыстаў?

Блякада польска-ўкраінскай мяжы польскімі аграрыямі, 2024 г. Дасталося ад раззлаваных пратэстоўцаў тады і польскаму ўраду — і нічога, нікога не арыштавалі, мэдыя ўсё паказалі, адбыліся шырокія грамадзкія і палітычныя дыскусіі. Фота RFE/RL
Пры гэтым, зразумела ж, пра краіны, дзе жывецца горш, у Эўропе таксама гавораць. Вось толькі не з злараднасьці, а з памкненьня дапамагчы. Адсюль — усе гэтыя шматлікія і шматмільярдныя гуманітарныя місіі альбо дапамога ў разьвіцьці інфраструктуры літаральна па ўсім сьвеце, у тым ліку да нядаўняга — у Беларусі. Дарогі і масты, шпіталі і рэабілітацыйныя цэнтры, праграмы для дзетак з Чарнобыльскай зоны, культурніцкія і мэмарыяльныя праекты, экалягічныя праграмы, адукацыйныя абмены, гуманітарныя грузы ў часе пандэміі — усё гэта ішло ў нашую краіну з Захаду яшчэ некалькі гадоў таму, незважаючы на плявузганьне тутэйшай прапаганды.
То бок заходнікі нам дапамагалі, а ў гэтысама час прыкарытныя брахуны палівалі іх гаўном.
Усё спынілася толькі пасьля крывавага здушэньня пратэстаў у 2020-м і саўдзелу ў вайне Расеі супраць Украіны. Вы ж заўважылі, як рэзка ў нас некалі цудоўныя дарогі дасягнулі стану расейскіх і колькі зьявілася навінаў пра аварыйныя масты альбо недахоп імпартных лекаў і мэдматэрыялаў?
Эўропа сышла. Гаўно засталося. Сядзіць у менскай студыі і булькае.

Прапагандысты ў менскай студыі абмяркоўваюць, што будзе з далярам ЗША і як цяжка жывецца ў Эўропе — замест таго, каб пагаварыць пра праблемы беларусаў, на чые падаткі гэтыя прапагандысты і жывуць. Скрын з відэа
Што будзе з нашай краінай далей — сказаць цяжка. На парозе — вайна, унутры краіны — усё большая разруха. Людзі працягваюць зьяжджаць, ну бо жыць нармальна хочацца тут і цяпер, а ня ў сьветлай будучыні, якая незразумела ці наагул калісьці надыдзе. І абсалютная большасьць ужо ніколі ня вернецца, таму што быць гаспадаром свайгоу лёсу — занадтна прывабная альтэрнатыва ўсім гэтым байкам прапагандыстаў пра адсутнасьць гарачай вады і жукоў на сьняданак.
Дык што ж, ставіць на Беларусі крыж? Ну, вядома ж, не. Усялякі — нават самы занядбаны — дом атрымлівае шанец на новае жыцьцё тады, калі зноўку трапляе ў рукі руплівага гаспадара. Гэтак і нам, беларусам, папросту трэба зноўку стаць гаспадарамі нашае краіны.
То бок браць на сябе адказнасьць. І за сябе асабіста — праз уласнае разьвіцьцё, адукацыю, самарэалізацыю, ставаньне на ногі, падарожжы й набіраньне досьведу й новых ведаў. Варта памятаць, што кожны і кожная з нас — гэта таксама народ. І кожны пасьпяховы, разумны, добры чалавек робіць крышачку пасьпяховейшым, разумнейшым і дабрэйшым увесь наш народ.
І — адказнасьць за краіну, як бы гэта рызыкоўна ні гучала на тле цяперашняе рэпрэсіўнае рэчаіснасьці. Ну бо гаворка тут ня толькі пра выбары, якіх няма, альбо, скажам, пратэсты, якія сёньня будуць умомант здушаныя. Адказнасьць за краіну — гэта таксама й ня сьмеціць на вуліцы, і ратаваць ад разбурэньня старыя камяніцы, і вывучаць родную культуру і гісторыю.
І — размаўляць па-беларуску. Ну бо калі ты гаспадар у сваім доме, то чаго не гаворыш па-свойму?
Валера Руселік
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org