Літаратурна-музычныя сустрэчы ў старажытным Мазыры з вучнямі і настаўнікамі мясцовых школаў правялі паэт Міхась Скобла і музыка Зміцер Сідаровіч 27 студзеня.
Напачатку гасцей сустракалі вучні Козенкаўскай школы, пасля чаго яны завіталі ў мазырскую школу №14 і гутарылі са старшакласнікамі і настаўнікамі-беларусаведамі некалькіх школаў Мазыру.
Зміцер Сідаровіч распавёў прысутным пра свае дударскія захапленні і запрасіў мазырчан на штотыднёвыя дударскія вечарыны, якія ладзяцца ў мінскім Парку Горкага.
Міхась Скобла правёў своеасаблівы майстар-клас з юнымі мазырскімі паэтамі і адказаў на шматлікія пытанні вучняў. На пытанне аб тым, ці пойдзе ён на канцэрт Юры Шатунова, які адбудзецца ў лютым у Мінску, Міхась Скобла зазначыў:
“Я хадзіў на канцэрт Кабзона, калі ён спяваў па-беларуску песню “Ой Нёман, ой бацька наш родны…”. Я з прыемнасцю паслухаў на “Славянскім базары” “Беларусачку” ў выкананні Мікалая Баскава. Калі Юра Шатуноў таксама заспявае па-беларуску, то я перакананы, што ў Беларусі ў яго з’явяцца тысячы новых прыхільнікаў”.
Апошняя сустрэча адбылася ў № 6 горада Калінкавічы, куды мінскія госці дабраліся з амаль гадзінным спазненнем: іх доўгі час не адпускалі мазырчане. Паэты паабяцалі вярнуцца ў Мазыр на Дзень роднай мовы, 21 лютага.
Тэгі: Мазыр