Адкрылася выстава Аляксандра Малея ў Віцебску

Віцебскі мастак Аляксандр Малей прадстаўляе ў Цэнтры сучаснага мастацтва арт-праект “Храм.” Экспанаты выставы нельга разглядаць паасобку. Аўтар выбудаваў аб’екты ў цэльную прасторавую кампазыцыю, прадумаўшы кожную дэталь. Ідэяй мастака было стварыць у залі музея сродкамі сучаснага аб’ектнага мастацтва аўру, блізкую да сакральнай, каб, трапіўшы ў яе, глядач аказваўся ў трансцэндэнтальнай прасторы і каб у кожнага ўзьнікала пачуццё значнасці і  перамогі яго ўнутранага свету. “Храм у тваёй душы. Мастацтва толькі дапамагае яго пабачыць. Вер у гэта,” — піша аўтар у анатацыі да выставы.

Аляксандр Малей упершыню (а гэта яго шостая персанальная выстава ў Віцебску за апошнія 8 год) выстаўляе такія арыгінальныя творы. Іх арыгінальнасць у тым, што ў іх няма фону. Фонам з’яўляецца белая сцяна. Складваецца ўражанне, што аб’ект завіс у паветры, а пляскатыя прадметы нават зблізку падаюцца аб’ёмнымі.

“Сучаснае мастацтва больш духоўнае, чым традыцыйнае, — перакананы верны паслядоўнік Казіміра Малевіча. Яно кажа пра нейкі іншы, унутраны свет, які не пабачыш за вакном”.

Аляксандр Малей — мастак і тэарэтык сучаснага мастацтва, аўтар артыкулаў па аналізу творчай спадчыны Казіміра Малевіча, кіраўнік творчага аб’яднання “Квадрат,” якое стала спадкаемцам творчага аб’яднання УНОВИС (Утвердители нового искусства), якое ў 1920 годзе стварыў у Віцебску К. Малевіч. Па словах мастацтвазнаўцы Тацяны Катовіч, менавіта ў Віцебску Малевіч пачынаў рабіць тое, што сёння называецца дызайнам. Аб’екты Малея можна ўспрымаць як аб’екты дызайну.

Таццяна Салаўёва

Тэгі: