Ці існуюць у прыродзе «харошыя рускія»? Безумоўна, так. Аляксандр Няўзораў, Андрэй Бабчанка, Марк Фейгін, Дзяніс Нікіцін... Цікава іншае. Яны акурат не супраць вайны, а — за вайну. За паразу Расіі ў гэтай вайне і за дэканструкцыю маскоўскага рэжыму. А вось ці існуе хаця б у тэорыі «харошая Расія»?.. Вялікае пытанне.
Марк Фейгін. Фота з Фэйсбука
Даследчыца эміграцыі Наталля Гардзіенка днямі падзялілася сваімі знаходкамі ў Бібліятэцы Св. Кірылы Тураўскага ў Брукліне. Гэта цэлы стос выданняў казакоў-эмігрантаў: «Очерки Дона», «Казачий Народ», «Дон и Москва», «Трагедия казачества», «Казачья хрестоматия»... Усе гэтыя кнігі і брашуры выдадзеныя пасля Другой сусветнай у Францыі ці ЗША.
Казачыя выданні з бібліятэкі Святога Кірылы Тураўскага ў Брукліне. Фота Наталлі Гардзіенкі
Першая рэакцыя — эмацыйная. Хочацца спытаць: якія казакі? Што гэтыя кнігі робяць у беларускай бібліятэцы?! А гэта — сведчанне кантактаў. На канферэнцыях паняволеных народаў казачы сцяг вісеў побач з украінскім, літоўскім і беларускім. У Эроў-парку помнік Пушкіна стаяў непадалёк помнікаў Купалу і Шаўчэнку. Нонсэнс? Не.
Тагачасныя эмігранты (і беларусы, і ўкраінцы) не былі русафобамі ў класічным сэнсе. Яны былі антысаветчыкамі, і гэты факт яднаў эмігрантаў розных нацыянальнасцяў, якія страцілі радзіму. Наяўнасць агульнага ворага — яднае. Бо вораг майго ворага — мой сябар.
Мерапрыемства Антыбальшавіцкага блоку народаў, 1950-я гады
Рускія эмігранты хвалі 1920-х і 1940-х, асабліва казакі, ненавідзелі Маскву і камуністаў жывёльнай нянавісцю. Было за што. Мы памятаем Курапаты, але забываем пра лічбы рэпрэсій на Доне, на Волзе, на Урале і за Уралам... Лепшы прыклад — Мігель Красноў, які зрабіў кар’еру ў Чылі часоў Піначэта. Ён дасюль жывы і адбывае свае 1000 год турэмнага зняволення.
Мігель нарадзіўся з Ціролі ў лагеры для перамешчаных асобаў у 1946 годзе (у такіх самых лагерах сядзелі і беларусы-эмігранты). Яго бацька — атаман Сямён Красноў. Бацьку брытанцы выдалі ў СССР — на смерць. Гэтыя падзеі больш вядомыя як «Галгофа Ліенца». Маці з нованароджаным сынам удалося збегчы з лагеру. Дапамог чылійскі дыпламат. Так Чылі стала новай радзімай. Далей: вайсковая кар’ера, праца на Піначэта, ды — помста камуністам. Помста, якая стала сэнсам жыцця.
Казак Мігель Красноў падчас службы і падчас аднаго з судовых працэсаў
Гаворка не пра тое, меў рацыю той Красноў ці не (анёлам ён не быў), а пра тое, што падобнай логікай карысталіся і беларус Кастусь Мерляк, які супрацоўнічаў з ЦРУ ў Аргентыне, і паляк Рафал Ган-Гановіч, які ваяваў з камуністамі па ўсім свеце. Апошні, дарэчы, паходзіў з татараў Вялікага Княства.
Рэаліі халоднай вайны, якая ў кожны момант магла перарасці ў Трэцюю сусветную, не дапускалі разбіральніцтваў на грунце мовы, рэлігіі і паходжання. Разбіральніцтвы — раскоша для мірнага часу. Няважна, якая ў цябе матывацыя і дзе ты нарадзіўся. Важна, на чыім ты баку і што канкрэтна робіш супраць супольнага ворага.
Сёння, гаворачы пра «харошых рускіх», мы ўяўлям сабе збеглых ад вайны перапужаных прадстаўнікоў расійскага істэблішмэнта, эстрады і бізнесу. Тых, каму няўтульна з Пуціным і адначасна шкада «нашых хлопчыкаў». Тых, хто так і не вызначыўся, чый Крым, вайна гэта ці СВА, патрэбныя санкцыі супраць Расіі або не...
На шчасце, гэта не ўсе рускія. «Харошыя рускія» (без іроніі) сапраўды існуюць ды часам плацяць жыццём за свой выбар. Ненавідзець Маскву і Пуціна ў іх не менш (а можа і больш) падставаў, чым у нас з вамі. Для помсты таксама. Зусім іншае пытанне, ці магчымая «харошая Расія» ў прынцыпе? Але давайце працаваць з дадзенасцямі. Будзе дзень — будзе пра што гаварыць. Ды — з кім гаварыць.
Гаворка пра тое, што адмена па нацыянальнай прыкмеце — так сабе ідэя. Рана ці позна нехта захоча адмяніць і нас, беларусаў, назваўшы «біямасай» ці «харошымі беларусамі», якія робяць занадта мала, робяць не так. А лепш, можа, нас бы і наогул не было! Мы маем усе падставы не верыць у «харошую Расію», але прынцыпова не падаваць рукі ўсім рускім, бо яны рускія — гэта ўсё ж палітычная блізарукасць.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org