Анлайн-каталог помнікаў Магілёва, створаны яшчэ ў 2019 годзе, цалкам перазапусцілі на новай пляцоўцы mahiliou.space. Цяпер на інтэрактыўнай карце сабраныя звесткі пра 180 аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны горада, заўважыў Telegram-канал «Спадчына».
Скрын з сайта https://mahiliou.space/. Інтэрактыўная карта гісторыка-культурнай спадчыны Магілёва
Раней праект працаваў на дамене kropki. by, аднак папярэдні дамен і хостынг сайта былі страчаныя. У выніку каталог пэўны час быў недаступны. Цяпер яго базу цалкам аднавілі і перанеслі на новую пляцоўку.
На карце пазначаныя помнікі архітэктуры, культавыя збудаванні, грамадскія будынкі і іншыя аб’екты, звязаныя з гісторыяй Магілёва. Найбольш знакавыя з іх, пераважна храмы і важныя грамадскія будынкі, атрымалі ўнікальныя іконкі, дзякуючы якім іх можна хутка заўважыць сярод іншых кропак.
Пры націсканні на аб’ект адкрываецца асобная картка з кароткай гістарычнай даведкай, дакладным месцазнаходжаннем і галерэяй фотаздымкаў помніка. Такім чынам карыстальнік можа не толькі знайсці патрэбны будынак на карце, але і даведацца пра яго гісторыю і сучасны стан.
На карту таксама нанесеныя контуры гістарычнага цэнтра Магілёва і яго прадмесцяў. Гэта дазваляе ўбачыць, у якіх межах фармавалася старая гарадская забудова і дзе знаходзяцца асноўныя гістарычныя аб’екты.
На сайце працуе ўбудаваны пошук па назве і адрасе. Акрамя таго, архітэктурныя аб’екты можна фільтраваць паводле канфесійнай прыналежнасці, а таксама сучаснага стану. У каталогу пазначана, ці захаваўся помнік, ці быў страчаны або адноўлены, а таксама ці выклікае яго стан трывогу.