Мясцовы цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый апублікаваў заяўку на распрацоўку праграмы работ для бягучага рамонту аб’екта, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Згодна з дэфектным актам, на плошчы больш за 400 квадратных метраў патрабуецца замена тынкоўкі і фарбы, а сама цагляная муроўка сцен і цокаля пачала разбурацца, піша тэлеграм-канал «Спадчына».

Паўночная брама сядзібы Пуслоўскіх у Песках. Фота: my-places.by
Праграма на бягучы рамонт распрацуюць на працягу 20 дзён, а сам рамонт будзе фінансавацца са сродкаў сельскага бюджэту. Нагадаем, што бягучы рамонт у Беларусі, нават не гісторыка-культурных каштоўнасцях, не патрабуе распрацоўкі праектнай дакументацыі, толькі праграмы работ, якую зацвярджае Мінкультуры ці — для помнікаў 3-й катэгорыі — мясцовыя ўлады.
Паўночная брама, збудаваная ў 1830–1840-х гадах, трактаваная ў замкава-гатычным стылi. Яна ўяўляе сабой дзве круглыя вежы з зубчастым завяршэннем, памiж якiмi зроблены шырокi спічасты арачны праезд з iмiтацыяй рашоткi-герсы, узнятай ланцугамi. Па баках да брамы прыстаўлены нiзкiя вартоўнi. У дэкоры будынка выкарыстаны аркатурныя паясы, геаметрычны фрыз, вузкiя вокны-шчылiны і крыжы.