Якое надвор’е было ў Беларусі 100 гадоў таму? Расказваем, што пра яго пісаў міністр асветы БНР Аркадзь Смоліч

Сёлета ў Пінску быў зарэгістраваны нацыянальны рэкорд максімальнай тэмпературы паветра: +40,4 °C. Гэта найвышэйшае значэнне за ўсю гісторыю назіранняў у Беларусі, якое на 1,5 градуса перавысіла папярэдні максімум, зафіксаваны ў Гомелі 8 жніўня 2010 года.

Такія экстрэмальныя паказчыкі — хутчэй анамалія. Але сама тэндэнцыя сведчыць пра паступовае павышэнне сярэдняй тэмпературы ў Беларусі. Мы прызвычайваемся да гэтых зменаў, часта нават не задумваючыся пра тое, што нашыя продкі жылі ў зусім іншай тэмпературнай рэальнасці. Пра тое, якім было надвор’е ў Беларусі стагоддзе таму, дазваляе даведацца праца выбітнага беларускага географа Аркадзя Смоліча.

Arkadź SmoličАркадзь Смоліч у 1935 годзе. Крыніца: https://be.wikipedia.org

Перш чым зазірнуць у «кліматычную гісторыю Беларусі», варта сказаць некалькі словаў і пра самога даследчыка. У 1917-1919 гадах Аркадзь Смоліч актыўна займаўся палітыкай. Ён быў адным з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, а ў першым урадзе БНР заняў пасаду народнага сакратара (міністра) асветы. У 1927 годзе стаў першым беларускім прафесарам геаграфіі. Пазней Смоліч зрабіў унёсак у пераўтварэнне Інбелкульта ў Беларускую акадэмію навук, быў адным з аўтараў яе першага статута, а таксама членам Прэзідыума з 1929 года. У гісторыю ён увайшоў таксама як пачынальнік айчыннай геаграфічнай навукі. Найбольш вядомая праца Смоліча выйшла ў 1919 годзе ў Вільні — першае выданне акадэмічнага падручніка «Геаграфія Беларусі». І менавіта ў ім можна знайсці цікавыя лічбы.

Зімы цяпер іншыя

Zima ŭ Bielarusi
Зіма ў Беларусі: сёння і стагоддзе таму. Выява зроблена пры дапамозе штучнага інтэлекту

Трохі больш за стагоддзе таму сярэдняя тэмпература студзеня ў Беларусі, паводле Смоліча, складала −6,5 °C. А агульная сярэдняя тэмпература студзеня за 2021-2025 гады, паводле звестак Белгідрамета, аказалася вышэйшай больш чым на чатыры градусы і склала −2,16 °C. Прытым студзень 2025 года ўвогуле стаў самым цёплым за ўсю гісторыю назіранняў — з сярэдняй тэмпературай вышэй за нуль. З гэтага трэнду выбіваецца хіба што 2026 год: сёлета сярэдняя тэмпература студзеня склала −10,3 °C. Белгідрамет адзначаў, што такі халодны студзень здарыўся ўпершыню за 16 гадоў. І ўсё ж такая сярэдняя тэмпература ўжо не ўласцівая сучаснай Беларусі.

Летняе надвор’е амаль не змянілася

Lieta ŭ Bielarusi
Лета ў Беларусі: сёння і стагоддзе таму. Выява зроблена пры дапамозе штучнага інтэлекту

У часы выдання «Геаграфіі Беларусі» сярэдняя тэмпература ліпеня, па звестках Смоліча, складала +18,5 °C. Сёлета, паводле паведамленняў сучасных беларускіх метэаролагаў з Белгідрамета, сярэдняя па краіне тэмпература паветра ў ліпені была +18,2 °C. Пры гэтым агульны сярэдні паказчык тэмпературы ў ліпені за апошнія 5 гадоў (2022-2026) складае +19,2 °C.

Z «Hieahrafii Bielarusi» Arkadzia Smoliča
З «Геаграфіі Беларусі» Аркадзя Смоліча

Цікавы кантраст

Атрымліваецца цікавы кантраст. Калі летам нашыя прадзеды адчувалі сябе прыкладна гэтаксама, як і мы сёння, то зімой яны жылі ў іншым клімаце — напрыклад, студзень 2025 года быў цяплейшы за «зімы Смоліча» ажно на 8 градусаў. Тое, што сёння становіцца даволі рэдкім эпізодам — маразы, гурбы снегу, тоўсты лёд на рэках — для іх было нормай, якая вызначала побыт і спосабы перасоўвання на добрую чвэрць года. Як пісаў сам Смоліч, для большай часткі Беларусі такія з’явы былі цалкам звычайнымі. Праўда, тэрыторыя, якую Аркадзь Смоліч апісваў як Беларусь у 1919 годзе, была шырэйшай за сучасную: ён уключаў часткі сённяшняй Смаленшчыны і памежныя раёны. Аднак нават з гэтым удакладненнем розніца застаецца відавочнай.

Трагічны лёс Аркадя Смоліча і вяртанне імя

На жаль, лёс самога даследчыка аказаўся трагічным, як і ў многіх прадстаўнікоў нацыянальнай эліты. 24 чэрвеня 1930 года стала вядома, што за свае кнігі Аркадзь Смоліч атрымаў Малы залаты медаль Дзяржаўнага рускага геаграфічнага таварыства. А ўжо праз два дні, 26 чэрвеня, яго арыштавалі па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі».

Пачаліся рэпрэсіі 1930-х. Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 года, навукоўца за «шкодніцтва і антысавецкую агітацыю» саслалі на 5 гадоў. Спачатку ў Асу Пермскай вобласці, потым — у Ішым Цюменскай вобласці. У жніўні 1935 года Смоліч быў вызвалены, але ненадоўга. У ноч з 17 на 18 чэрвеня 1937 года яго арыштавалі зноў. Рашэннем тройкі УНКУС па Омскай вобласці ён быў асуджаны да вышэйшай меры пакарання і расстраляны ў Омскай турме 17 чэрвеня 1938 года.

«Hieahrafija Bielarusi» Arkadzia Smoliča
«Геаграфія Беларусі» Аркадзя Смоліча

Сёння імя Аркадзя Смоліча паступова вяртаецца ў публічную прастору: у 2018 годзе вуліцу ў сталічным мікрараёне Лошыца назвалі ў яго гонар, а летась там з’явіўся аднайменны прыпыначны пункт. Але куды больш важным помнікам навукоўцу застаюцца сабраныя ім звесткі: калі мы назіраем за чарговай пераменай надвор’я, варта ўзгадаць таго, хто адным з першых у Беларусі пачаў сістэмна і з любоўю даследаваць геаграфію нашай краіны.

Мікалай Заяц, Budzma.org