Гісторыя беларускага школьніцтва часоў нямецкай акупацыі 1941–1944 гг. дасюль застаецца нявывучанай старонкай адносна недалёкай мінуўшчыны. Але калі пра асобныя ўстановы кшталту Нясвіжскай і Наваградскай настаўніцкіх семінарый існуе хоць якая-ніякая літаратура, то пра цэлы шэраг іншых спецыялізаваных школ сустракаюцца ў найлепшым разе фрагментарныя згадкі. Да іх адносіцца і сярэдняя тэхнічная школа ў Клецку, якая дзейнічала з зімы 1941/42 да лета 1944 гг. Нягледзячы на кароткі перыяд існавання, яна адыграла важную ролю ў навучанні, выхаванні і… паратунку моладзі.
Каб зразумець умовы, у якіх пачалася арганізацыя школы, варта нагадаць падзеі 1941 г. Да канца лета ўся Беларусь была занята нямецкімі войскамі. Вермахт імкліва рухаўся на Маскву, а нямецкая прапаганда прадказвала хуткае заканчэнне вайны. А незадоўга перад тым савецкія прапагандысты сцвярджалі, што Чырвоная армія будзе ваяваць на чужой тэрыторыі і “малой крывёю”. Таму людзі не спяшаліся прымаць чый-небудзь бок. Многія проста вычэквалі і прыглядаліся. Здаецца, у тых умовах ніхто не ведаў ні колькі працягнецца вайна, ні чым яна скончыцца.
Аднак нягледзячы на няпэўны час, трэба было неяк жыць, працаваць, вучыцца. Асабліва гэта датычылася моладзі. Ясна, што гітлераўцы зусім не збіраліся марнаваць сілы на адукацыю беларусаў. Фюрэр досыць шчыра выказаў сваю пазіцыю ў гэтым пытанні: “Мясцовае насельніцтва трэба трымаць на як мага ніжэйшым узроўні культуры. Дапушчальныя толькі пачатковыя школы, пры гэтым не трэба ўводзіць абавязковае навучання. Уменне чытаць увогуле шкоднае, бо дае магчымасць больш светлым галовам спазнаваць гісторыю, а значыць, даходзіць і да палітычнага мыслення, якое можа быць скіраванае супраць Нямеччыны” (Туронак. Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй). Тым не менш ужо ў 1941/42 навучальным годзе намаганнямі беларускіх дзеячаў на тэрыторыі Генеральнай акругі “Беларусь” было адкрыта 3486 пачатковых і сярэдніх школ, а таксама шэраг прафесійных (сельскагаспадарчых, настаўніцкіх, медыцынскіх, гандлёва-адміністрацыйных) вучэльняў, у тым ліку тэхнічная школа ў Клецку (Калубовіч. А. Беларуская Рада даверу й Вацлаў Іваноўскі).
Арганізацыйныя справы – набор вучняў, падрыхтоўка памяшкання, пошук выкладчыкаў – трывалі да позняй восені 1941 г. На пачатку 1942 г. пачалася вучоба. Школа складалася з трох аддзяленняў: механічнага, электратэхнічнага і тэкстыльнага, на кожным з якіх займалася ад 30 да 50 чалавек. На першых двух вучыліся хлопцы, на апошнім – дзяўчаты. З часам колькасць вучняў крыху скарацілася, а тэкстыльнае аддзяленне ўвогуле перастала існаваць.
У ідэале школа мусіла стаць найвышэйшым звяном у сістэме прафесійна-тэхнічнай асветы. Але ў рэальнасці ні пра якую пераемнасць адукацыі не магло быць нават гаворкі. У школу прымалі без экзаменаў усіх ахвочых не зважаючы на ўзровень іх ведаў. Дастаткова было пісьмовай заявы і згоды бацькоў. Хутчэй маглі адмовіць з нейкіх суб’ектыўных прычынаў, як гэта сталася з Янкам Жучкам: “…у навучанні мне адмовілі. Казалі, што малы ростам і худы. Тады бацька спаткаўся з бурмістрам гораду, які гэту справу хутка залагодзіў: “Ён што, з малатком будзе змагацца? Хай вучыць тэорыю”. Супраць бурмістру ніхто не пайшоў – і я быў залічаны” (Адзінец. А. Паваенная эміграцыя: скрыжаваньні лёсаў). Іншая справа, што не кожны мог сабе дазволіць вучобу ў той складаны час. Трэба было плаціць за жыллё, харчаванне, ды і, урэшце, гаспадарка страчвала працоўныя рукі. Асноўную колькасць навучэнцаў складалі жыхары Клецка і навакольных вёсак. Некаторым з іх даводзілася штодня пешшу хадзіць 5-7 кіламетраў з дому ў школу і назад (кватэры наймалі толькі на зімовы час). Разам з беларусамі ў школе вучылася невялікая колькасць татар і палякаў. Не было і нейкіх узроставых абмежаванняў. У 1943 г. самаму маладому вучню Пятру Лабко было 14 гадоў, але за партамі сядзелі і дарослыя 20- і 22-гадовыя юнакі.
Былы вучань механічнага аддзялення Ян Сабалеўскі прыгадваў: “Першы год вучобы (1942) працягваўся да канца чэрвеня і быў вельмі інтэнсіўны. Неабходна было навярстаць страчаны час і выраўняць веды вучняў, паколькі не ўсе мелі закончаныя сем класаў дзесяцігадовай школы. У гэтым годзе пераважалі агульнаадукацыйныя прадметы з курса сярэдняй школы. З першых дзён выкладалі чарчэнне. На другім годзе мы вывучалі метады апрацоўкі металаў. На трэцім – атрымлівалі веды аб устройстве і рабоце рухавікоў, як электрычных, так і ўнутранага згарання. А таксама вывучалі магчымасці іх выкарыстання ў вытворчасці”. (Ліст да аўтара, лістапад 2007 г.) Навучальны год завяршаўся вытворчай практыкай. У 1942 г. яна доўжылася адзін месяц (ліпень), у 1943 г. – тры. Падчас заняткаў у слясарных майстэрнях “тэхнікі” (так называлі навучэнцаў школы ў Клецку) самастойна выраблялі разнастайныя механізмы і прылады працы. Напрыклад, у жніўні 1942 г. мікрометр, зроблены вучнямі тэхнічнай школы, экспанаваўся на выставе народнай творчасці ў Баранавічах. Таксама ў школе праводзіліся разнастайныя культурніцкія мерапрыемствы, дзейнічаў хор і тэатральны гурток, ладзіліся спаборніцтвы па валейболе, бегу, кіданні кап’я.
Праз эпідэмію сыпнога тыфу, якая ахапіла шэраг паветаў Баранавіцкай акругі, 1942/43 навучальны год распачаўся толькі ў лістападзе. Хаця па-ранейшаму бракавала падручнікаў, сшыткаў, наглядных дапаможнікаў, школа працягвала дзейнасць. Праўда, да гэтых праблем дадаліся новыя – у прыватнасці, прымусовы набор моладзі на работу ў Германію. Калі спачатку само знаходжанне ў школе ў нейкай ступені ратавала ад набору, то з часам акупанты дзейнічалі ўсё больш брутальна, арганізоўваючы аблавы і пагражаючы забіраць вучняў проста з заняткаў. На гэты выпадак выкладчыкі распрацавалі свае спосабы абароны. Маючы добрыя сувязі ў адміністрацыі і камендатуры, там працавала перакладчыцай Лідзія Гаўронская – дачка аднаго з настаўнікаў, яны загадзя ведалі пра аблавы і папярэджвалі навучэнцаў, што ім лепш не выходзіць на двор. Таксама былы вучань Пётр Лабко прыгадваў: “Мы рэгулярна выстаўлялі своеасаблівую варту. На гарышчы дома, дзе ішлі заняткі, былі два ваконцы, якія выходзілі ў розныя бакі. Каля кожнага дзяжурыла па аднаму вучню. Яны павінны былі папярэдзіць астатніх у выніку аблавы, альбо калі заўважалі нейкі падазроны рух” (Успаміны запісаныя ў кастрычніку 2007 г.). Недзе з вясны 1943 г. за невялікую плату вучні маглі набываць спецыяльную форму, якая нагадвала паліцэйскія мундзіры без знакаў адрознення: куртка, кепі, штаны. Яна служыла свайго роду шчытом падчас “хапуноў” у людных месцах. Нельга быць катэгарычным без апоры на дакументы, але са сведчанняў былых вучняў вынікае, што ніхто з “тэхнікаў” не быў вывезены ў Германію.
У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца спіс настаўнікаў і пагадзінны табель заняткаў школы на 1943/44 н. г. На той час заняткі ішлі на трох курсах. Трэцякурснікі пачалі займацца яшчэ ў 1942 г. і цяпер павінныя былі скончыць навуку. Першакурснікі прыйшлі ў школу восенню 1943 г. Агульная колькасць вучняў на той час складала звыш ста чалавек. Заняткі ішлі даволі інтэнсіўна, па 29-30 гадзін штотыднёва на кожным курсе. Галоўны ўпор рабіўся на вывучэнне алгебры і геаметрыі (па 6 штотыднёвых гадзін на кожным курсе), фізікі і хіміі (5-7 гадзін), беларускай мовы і літаратуры (4 гадзіны штотыдзень). Акрамя таго выкладалася нямецкая мова (3 гадзіны), гісторыя і геаграфія (ад 3 да 5 гадзін), спевы (па адной гадзіне на І і ІІ курсах), шэраг спецыяльных дысцыплін: трыганаметрыя, чарчэнне, супраціўленне матэрыялаў (НАРБ, ф. 370, воп. 1, спр. 2, арк. 22). У другой палове дня, акрамя суботы, па некалькі гадзін доўжыліся практычныя заняткі ў майстэрнях.
Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што папяровыя планы ва ўмовах ваеннага часу, не заўсёды супадалі з рэальнымі заняткамі. І тым не менш школа давала дастаткова добрыя веды. Былы вучань Пётр Цімавец прыгадваў: “Настаўнікі былі патрабавальныя. Вучылі добра. Людзей, якія не хацелі займацца проста адлічвалі ў навуку іншым. На маёй памяці такіх было два-тры чалавекі. У канцы кожнага года былі экзамены. У сорак другім і сорак трэцім годзе мы іх здавалі, а ў сорак чацвёртым ужо не паспелі” (Успаміны запісаныя ў ліпені 2007 г.). Гэтаму крыху супярэчыць сведчанне Пятра Лабко: “Нейкіх строгіх экзаменаў не было, хутчэй гэта можна назваць сумоўем. Не было ў нас ні дакладнага раскладу, ні якой-небудзь праграмы. Галоўным было не столькі нас навучыць, колькі ўратаваць, схаваць ад вывазу ў Германію. І з гэтага пункта гледжання тэхнічная школа адыграла вельмі важную ролю” (Успаміны запісаныя ў кастрычніку 2007 г.) Усе заняткі праходзілі на беларускай мове. З цікавых фактаў варта адзначыць, што ў школе актыўна ўжывалася беларуская лацінка. Яе выкарыстоўвалі настаўнікі, ёю пісалі канспекты вучні.
Настаўніцкі калектыў у 1943/44 н. г. складаўся з чатырох сталых выкладчыкаў: Аляксандра Каспера (дырэктара), Уладзіміра Гаўронскага, Пятра і Леаніда Караневічаў. Каспер і Гаўронскі былі мясцовымі жыхарамі. Першы чытаў лекцыі па гісторыі і геаграфіі, другі выкладаў нямецкую мову і матэматыку, хоць такое спалучэнне выглядае крыху дзіўным. Уладзімір Гаўронскі быў сапраўднай легендай тагачаснага Клецка. Адзін з найбольш адукаваных людзей, які пачаў сваю настаўніцкую дзейнасць яшчэ “пры панскай Польшчы”, ён быў вядомы глыбокай эрудыцыяй і дасканалым веданнем замежных моў. Казалі, што ведаў іх ледзь не дзясятак. Акрамя таго, вызначаўся сваімі педагагічнымі здольнасцямі і ўменнем знаходзіць агульную мову з вучнямі. У вольны час мог павесяліць іх анекдотамі, цікавымі гісторыямі або паказаць захапляльны фокус.
Леанід Караневіч, ураджэнец в. Цароўцы Слуцкага раёна, пераехаў у Клецк услед за бацькам Пятром летам 1942 г. Перад гэтым выкладаў фізіку ў дзіцячым доме № 11 у Мінску. Цікава звярнуць увагу на радкі з яго характарыстыкі, выдадзенай у гэтай установе: “Да працы за ўвесь час адносіўся старанна і добрасумленна; ніякіх адмоўных выпадкаў не было заўважана. Як пэдагог мэтадычна добра выкладаў даручаны яму прадмет і веды вучняў сталыя. Старанна праводзіў выхаваўчую работу сярод вучняў аб сучаснасці – новым парадку ў Эўропе” (НАРБ, ф. 371, воп. 1, спр. 51, арк. 43). У Клецку Леанід выкладаў хімію і чарчэнне, яго бацька – прадметы фізіка-матэматычнага цыкла.
Яшчэ два чалавека значыліся ў штаце, як часовыя работнікі. Мартын Мартычэнка выкладаў беларускую мову і літаратуру, адвакат Лявон Новік – спевы.
Немцы ў работу школы не ўмешваліся. Усе былыя навучэнцы аднагалосна сцвярджаюць, што не адчувалі якой-небудзь нацыянал-сацыялістычнай прапаганды. У школе не было партрэтаў Гітлера, сцягоў са свастыкай і г.д. У сваю чаргу і выкладчыкі, і вучні стараліся трымацца па-за палітыкай, не абмяркоўваць публічна бягучыя падзеі і не даваць ім сваёй ацэнкі. Кожны разумеў, што ідзе вайна, і трэба трымаць язык за зубамі. Затое, школу неаднаразова наведвалі прадстаўнікі беларускай адміністрацыі. У прыватнасці – бургамістр горада Кастусь Новік. У сваіх прамовах ён заклікаў моладзь вучыцца і рыхтавацца да вялікай працы на карысць Бацькаўшчыны: “Вайна калі-небудзь скончыцца. І менавіта вы, моладзь, будзеце адбудоўваць і адраджаць нашу Айчыну пасля вайны. Лёс Бацькаўшчыны будзе залежаць ад таго, якія веды і выхаванне вы атрымаеце” (Ліст Я. Сабалеўскага, красавік 2008 г.).
У плане нацыянальна-патрыятычнага ўзгадавання Клецкая тэхнічная школа не адыграла такой прыкметнай ролі, як Нясвіжская семінарыя або Маладзечанская гандлёва-адміністрацыйная школа, але работа вялася і ў гэтым напрамку. 28 ліпеня 1943 г. у Клецку адбыўся сход прысвечаны арганізацыі Саюза Беларускай Моладзі. Тады ж былі прынятыя першыя заявы ад ахвочых аб уступленні ў СБМ. А ўжо ў студзені 1944 г., паводле дадзеных Галоўнага штабу СБМ, у Клецкім павеце было 56 сяброў арганізацыі (36 дзяўчат і 21 хлопец). Пераважную большасць юнакоў-эсбээмаўцаў складалі вучні тэхнічнай школы, якія да таго ж былі сябрамі Беларускай Народнай Самапомачы. За кожным быў замацаваны ўчастак, на якім належала збіраць ахвяраванні для пацярпелых ад вайны. Янка Жучка прыгадваў: “Вялікае значэнне ў фармаванні мяне як асобы мела ўступленне ў шэрагі СБМ. Ні за польскім, ні за савецкім часам я не меў нагоды лічыць сябе беларусам. І толькі падчас нямецкай акупацыі я стаўся патрыётам сваёй нацыі: даведаўся, што ёсць такі народ, такая мова, вывучыў праўдзівую беларускую гісторыю. Трэба адзначыць, што ў Клецку жыло поўна патрыётаў. Здавалася, увесь горад!” (Адзінец. А. Паваенная эміграцыя: скрыжаваньні лёсаў). Адзін з вучняў школы, Юрый Дашко, скончыў курсы кіраўнікоў СБМ у Альбярціне. Атрыманыя там веды выкарыстоўваў ужо ў Клецку.
Дарэчы, цікава будзе зірнуць на гэтую арганізацыю вачыма яшчэ аднаго “тэхніка” – Яна Сабалеўскага, татарына па нацыянальнасці. У лісце да аўтара ён пісаў: “Не ведаю чаму СБМ быў бяльмом на воку для савецкай улады, гэта арганізацыя была цалкам апалітычнай. У праграме яе дзейнасці значылася ўсебаковая прапаганда беларускай культуры, спорту, краязнаўства, гісторыі Беларусі і г.д. СБМ меў цікавую праграму дзеянняў, і з-за таго моладзь гарнулася да яго, хоць і ня ўсе афіцыйна былі сябрамі саюзу. Між іншым, мы з маім старэйшым братам Раманам, вельмі сімпатызавалі СБМ. Але нас, татар, у гэты саюз не прымалі” (Ліст да аўтара, лістапад 2007 г.).
Няма ніякіх звестак пра сувязь вучняў тэхнічнай школы з савецкімі партызанамі. Але вядома, што такія кантакты мелі некаторыя настаўнікі. Так, яшчэ ў красавіку 1943 г. выкладчык чарчэння Ціхановіч, разам з сябрамі, захапіў зброю, якая захоўвалася ў пажарнай часці Клецка і сышоў у лес. А вясной 1944 г. за сувязь з падполлем быў арыштаваны Леанід Караневіч. Праўда, ён здолеў уцячы з-пад варты і вярнуцца дадому незадоўга да прыходу Чырвонай арміі.
Арышт Караневіча адбыўся падчас аднаго з апошніх мерапрыемстваў “тэхнікаў” – закладцы гарадскога сквера на месцы былых яўрэйскіх крамаў. Іх пачалі разбіраць яшчэ перад вайной, а падчас ліквідацыі гета, летам 1942 г., згарэлі і крамы, і большасць дамоў на плошчы. 21 траўня 1944 г. беларуская газета “Раніца”, якая выдавалася ў Берліне, змясціла зацемку “Клецак упрыгожваецца”: “Стараньнем Гарадзкой Управы ў Клецку, на месцы руінаў, якія былі на Рынкавым пляцы, распланаваны і засаджаны сад. Дрэвы і дэкарацыйныя расьліны былі пасаджаны вучнямі Клецкай Сярэдняй Тэхнічнай Школы. Таксама пасаджаны дрэвы і навокал усяго Рынкавага пляцу, на месцы старых, зьнішчаных пажарам”. Гэты сквер існуе і дасюль. Плошча яго крыху павялічылася, а ў 1975 г. менавіта тут быў адкрыты мемарыяльны комплекс у гонар вызвалення Клеччыны.
4 ліпеня 1944 г. Клецк быў вызвалены савецкімі войскамі. Нейкага пераследу на сабе былыя вучні тэхнічнай школы не адчулі. Малодшыя змаглі працягваць вучобу, старэйшыя неўзабаве былі мабілізаваныя ў армію. Пётр Цімавец з кастрычніка 1944 па май 1945 г. ваяваў у складзе артпалка 1 Беларускага фронту. Тэлефаніст Дарафей Чорны – кавалер Ордэна славы, быў кантужаны пад Кёнігсбергам. Далёка не ўсе вярнуліся з фронту. Ва Усходняй Прусіі загінуў чырвонаармеец-артылерыст Вікенцій Генюк, у Нямеччыне – камандзір гарматы Пётр Гасцееў. І зноў дадзім слова сведку: “Саветы павінны быць удзячны арганізатарам тэхнічнай школы. Дзякуючы ім яны атрымалі кваліфікаваную, падрыхтаваную моладзь з якой у арміі без цяжкасцяў зрабілі артылерыстаў, тапографаў і г.д., паколькі ў школе пераважнае значэнне мелі прадметы фізіка-матэматычнага цыкла”. Гэта сцвярджаў франтавік Ян Сабалеўскі (Ліст да аўтара, лістапад 2007 г.). Напэўна варта прыслухацца да чалавека, узнагароджанага Чырвонай Зоркай за мужнасць, праяўленую ў баях пад Кёнігсбергам.
Разам з тым частка актывістаў СБМ падалася на захад. Некаторыя з іх таксама ўзялі ўдзел у вайне, але па іншы бок фронту. Так, Янка Жучка служыў у аддзеле супрацьпаветранай абароны ў Нямеччыне. Як сам прыгадваў: “Не хаваю таго факту, што часам страляў і нават збіваў амерыканскія самалёты”. А вось Іпаліт Палівода застаўся дома. Відаць, не лічыў свой удзел у Саюзе Беларускай Моладзі нейкім злачынствам. Неўзабаве яго арыштавалі, забралі проста з войска, і асудзілі на 10 гадоў зняволення. Пасля вызвалення Палівода жыў у Клецку, працаваў электраслесарам. Цікава, што ў дакументах у графе “адукацыя” ў яго было пазначана: “У 1944 г. скончыў электратэхнічнае вучылішча ў Клецку”.
Пра далейшы лёс выкладчыкаў тэхнічнай школы інфармацыя вельмі скупая. Леанід Караневіч пераехаў у Мінск, Лявон Новік – у Вільню. Нейкі час у Клецку яшчэ працаваў Уладзімір Гаўронскі. Неўзабаве пасля вайны знік Аляксандр Каспер. Хадзілі чуткі, што яго пасадзілі “за супрацоўніцтва з акупантам”. Але знайсці якія-небудзь дакументальныя пацверджанні гэтага мне не ўдалося.
Лёс былых навучэнцаў склаўся па-рознаму. Бадай не адзіным, хто стаў кваліфікаваным інжынерам, быў Янка Жучка (1925–2010). Ён скончыў політэхнічны факультэт Лювэнскага ўніверсітэта (Бельгія), працаваў у галіне сталёвых канструкцый, чытаў лекцыі і праводзіў семінары для інжынераў і архітэктараў. Акрамя таго, доўгі час быў чальцом рэдакцыі аўтарытэтнага міжнароднага часопіса прысвечанага сталёвым канструкцыям Acier–Stahl–Steel. Працяглы тэрмін ён таксама ўзначальваў Саюз беларусаў Бельгіі. Пётр Лабко (1929–2011) скончыў Мінскі медуніверсітэт і працаваў там жа на кафедры анатоміі. Стаў прафесарам, а ў 1994 г. быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь. Дарафей Чорны (1924–1997) пасля службы ў войску вярнуўся ў Клецк. Выкладаў у школе геаграфію і разам з вучнямі абышоў усе ваколіцы, пракладаючы новыя і новыя турыстычныя маршруты. Сабраныя падчас тых вандровак экспанаты сталі асновай для Клецкага гісторыка-этнаграфічнага музея. Праўда, пра тэхнічную школу ў яго экспазіцыі не распавядалася, але выяву Пагоні Чорны асабіста маляваў на рознага кшталту турыстычных даведніках, “Летапісах…” і г.д., якія калісьці ствараліся ў кожнай савецкай школе.
Пра тэхнічную школу неяк непрыкметна забыліся. А дарэмна. Людзі, якія ў цяжкі час акупацыі вучылі моладзь і ратавалі яе ад вывазу з радзімы, заслугоўваюць павагі і памяці.
Андрэй Блінец