Беларускі гурт Akute прэзентаваў свой пяты студыйны альбом, які называецца ‘V’. Музыканты працягнулі эксперыментаваць: на новай пластінцы фірмовы дыска-дэкаданс зайграў у электронным гучанні з адметнымі рысамі гурта.
У альбом, які магілёўскія рокеры рыхтавалі каля года, увайшлі 8 трэкаў. У іх стварэнні прынялі ўдзел не толькі Akute, але і іншыя выканаўцы: магіляўчанін Дзяніс Астапаў («Грязь») зачытаў хіп-хоп у песні «Кома», а акцёрка Мары Ле Гал агучыла французскі тэкст у кампазіцыі «Самая халодная».
Аб «разынцы» альбома
Па словах музыкантаў, альбом напісаны абсалютна па-іншаму, чым усе астатнія. Ад папярэдніх пласцінка адрозніваецца наяўнасцю новых інструментаў, якія раней не выкарыстоўваліся – гэта сінтэзатары, розныя мадэрновыя гукі і класічныя электронныя інструменты.
«У альбоме многа электронікі, якой раней у Akute не было, і гэта наш першы досвед працы з ёй. Альбом цалкам запісаны и зведзены намі на нашай студыі. Мы ўпершыню паспрабавалі сябе ў саунд-дызайне і змаглі аформіць песні менавіта так, як яны гучалі ў нас у галаве», – адзначае Станіслаў Мытнік, вакаліст Akute.
Аб калабарацыях і мове
Калабарацыя з «Грязью» – гэта першы сумесны трэк за 10 год, які ўключаны ў альбом. Akute адзначаюць, што трэк атрымаўся дастаткова арганічным, нягледзячы на тое, што гучыць на дзвюх мовах – беларускай і рускай.
«Калі я сустракаўся з Дзянісам і мы гаварылі пра сумесную песню, я сказаў яму, каб ён асабліва не намагаўся, калі ў яго не атрымаецца беларускі тэкст. Калісьці ён ужо рабіў нешта накшталт рэмікса на песню «Спі». Музыку тады засэмпліраваў Рома Англічанін, і гэта быў класны досвед. Мы прапанавалі Дзянісу паўтарыць гэты вопыт, і тое, што ў яго нарадзіўся тэкст на рускай мове – гэта яго», – паясняе Раман Жыгараў, бас-гітарыст Akute.
У падтрымку альбома пройдзе тур Akute па Беларусі, які стартуе ўжо 12 красавіка ў Віцебску. Далей пачуць новы сінтэзатарны альбом у жывым выкананні змогуць Гомель, Магілёў, Мінск, Брэст і іншыя гарады.
Сачыце за анонсамі на старонках гурта: ВК; FB.
Віцебск, 12 красавіка – «Бітлз-клуб»
Гомель, 13 красавіка – бар «Кватэрнік»
Магілёў, 14 красавіка – CUBA night club
Мінск, 20 красавіка – клуб RE:PUBLIC
Брэст, 18 мая – Coyote
Спампаваць і паслухаць альбом можна на лічбавых пляцоўках: Google Play, Apple, ITunes, Yandex.music, Deezer.