Халуі святой Таццяны

26.01.2025
У ХІХ ст., калі пасля 25 гадоў службы ў царскім войску ў родную вёску вяртаўся былы «некрут», ён быў не вінаваты, што яго забралі ў чужое войска, фарматавалі яму мазгі, прымушалі страляць невінаватых і гаварыць чужой мовай. Ён выжыў, прынёс свае пакоцаныя душу і цела дамоў, каб тут іх вылечыць, або легчы ў родную зямельку... Але мясцовыя сяляне, нават яго сваякі, называлі яго «халуй». Няхай ён быў іх крыві, ведаў шмат цікавых гісторый з шырокага свету, «цара бачыў», атрымаў ад яго «за службу» зямлю і стаў гаспадаром — ён быў для іх чужы.

1024px-Nevrev_b_001.jpegКарціна "Вяртанне салдата на радзіму", мастак М. Неврэў. Ілюстрацыя з Вікіпедыі

Як працуе інтэлектуальны каланіялізм

Кожны хто сутыкаўся з гарадскімі гопнікамі, мясцовымі на вясковых дыскатэках ці амонам, разумее, што комплексы інтэлектуальнай і сацыяльнай непаўнавартасці часцей усяго кампенсуюцца магчымасцю гвалту. У любым грамадстве ёсць падзел на «разумных» і «дурных», але калі «дурныя»= «свае» і іх большасць, дык быць «разумным» = «віна». Калісьці такі стан рэчаў беларускага савецкага грамадства засведчыў Пятрусь Броўка ў першым радку гімна Полацкага ўніверсітэта «ня розум Полацка віною». Рэктарат прыняў. Дагэтуль словы ў фае ПДУ вісяць. Думаць страшна, бо можна дадумацца. Быць разумным — больна.

Інтэлектуальны каланіялізм так і працуе. Метраполія выцягвае да сабе разумнікаў калоній, вучыць і напаўняе іх не толькі сваімі тэхналогіямі, але і сэнсамі, дае інфраструктуру, якую нарабавала ў тым ліку ў іх дома, а потым эксплуатуе іх, бо яны «чужыя» і тое, на чым яны працуюць, ім не належыць. «Правінцыялам», каб «прабіцца», трэба працаваць больш за «сваіх» і, як янычарам, быць «большымі туркамі за туркаў». Гэты стан рэчаў прыносіць «цэнтру» грошы і развіццё, бо самы высокі прыбытак у сучаснай постіндустрыяльнай эканоміцы даюць тэхналогі. Розум прыносіць.

Мігранты, якія, як бервяно на лесапілцы па канвееры-варштаце, праходзяць праз траўму каліброўкі пад чужую культуру, абсякаюць сацыяльныя кантакты, са сваімі каранямі, цураюцца тых галінак, якія з іх сарцавіны ўсё адно вылазяць на свет.

Дома застаюцца «калгаснікі», «рэднэкі» — спажыўцы інтэлектуальнага прадукту. Землякі потым купляюць тэхналогіі метраполіі, не важна прамысловыя ці сацыяльна-палітычныя, але яны заўсёды на ніжэйшай пазіцыі. Добра, што пакаленні змяняюцца, кепска, што нас вярнулі на лесапілку.

Чаму расіяне святкуюць Таццянін дзень

25 студзеня 1755 г. у дзень святой Таццяны, імператрыца Елізавета падпісала загад аб заснаванні Маскоўскага ўніверсітэта — другой адносна свецкай і адкрытай вышэйшай школы ў Расійскай імперыі.

Указ_об_основании_Московского_Университета.jpg
Загад аб заснаванні Маскоўскага ўніверсітэта. Фота з Вікіпедыі

Пакінем расіянам высвятляць, чаму яны святкуюць Таццянін дзень, а не 28 студзеня 1724 г., калі быў заснаваны Акадэмічны ўніверсітэт Пецярбургскай акадэміі навук. Так ці іначай касцяк педагогаў пятроўскага ўніверсітэта складалі запрошаныя і вельмі добра аплачаныя немцы, скандынавы, італьянцы ды навучаныя ў славяна-грэкалацінскай акадэміі расіяне.

Першай жа вышэйшай школай была Славяна-грэка-лацінская акадэмія, заснаваная гадаванцам Кіеўскай магілянскай акадэміі Сімяонам Полацкім.

Обучение_в_Славяно-Греко-Латинской_Академии.jpgНавучанне ў Славяна-грэка-лацінскай акадэміі. Ілюстрацыя з Вікіпедыі

Сітуацыя пры Аляксеі Міхайлавічы ў Маскве для замежнікаў палепшылася. Цары ўсвядомілі, атрымаўшы па кіршэні ў Смуту і пад Смаленскам, што, каб змагацца з Еўропай, трэба мець у дзяржаве разумных людзей. Але вельмі паказальнай для матывацыі замежных навукоўцаў пры Сімяоне перабрацца ў Маскоўскую акадэмію была фраза з яе статута: «...ученые свободных наук люди приезжати ради каких-нибудь вин...». Еўрапейскім угалоўнікам пачалі даваць шмат грошай і не палілі ім «бесаўскія кнігі», як калісьці Скарыну.

На нашых землях, як ведаем, моладзь магла ездзіць у свет па навуку з часоў Сярэднявечча, аж да 1823 г. калі расійскі імператар забараніў ім гэта.

Так нашу моладзь сілай загналі фармавацца на маскоўскі капыл у расейскіх універсітэтах і прывязалі да сабе.

Мешчанаін Ф. Скарына вучыўся ў Кракаўскім універсітэце, потым атрымаў доктара медыцыны ў Падуі, магнат Аляксандр Хадкевіч стаў доктарам права ў Інгальштадце...

Прызнанне і пацвярджэнне інтэлектуальнага статусу лепшых з лепшых за мяжой важна. Але яшчэ важней, каб, маючы веды і сувязі, спецыялісты вярталіся дамоў і цягнулі радзіму да лепшых узораў.

Скарына ў Полацк не вярнуўся, але Вільню і Полацк праславіў. Кажуць, хоць гэта і пакуль не даказана дакументальна, што Францыскам ён стаў і паехаў у каталіцкую Еўропу вучыцца, таму што меў добрых настаўнікаў — каталіцкіх манахаў. Яны навучылі малога мовам. Немагчыма седзячы ў лесе ад сасны даведацца як чытаць, пісаць і браць інтэгралы — трэба школа. Каб з дзецьмі кожнага новага года нараджэння не вынаходзіць ровар, трэба, каб некалькі пакаленняў настаўнікаў скарацілі шлях і паказвалі вучням, што да чаго ў свеце, як працаваць, дзе шукаць і як гэта робяць зараз.

Крок наперад — стварэнне Віленскага ўніверсітэта

Даўней самі людзі скідваліся на тое каб грамацей, які вучыў іх дзяцей, не памёр з голаду. Часцей усяго тым спецыялістам быў святар. Прыхажане пры царкве складалі брацтвы — таму школы называліся брацкія. Аднак калі еўрапейскія ўніверсітэты штурханулі італьянцаў і немцаў наперад і гэта ўбачылі нашыя купцы і рыцарства, проста ведаць літары лічбы стала недастаткова. Трэба было пераймаць іх інтэлектуальныя практыкі.

Крокам наперад стала заснаванне Езуіцкага калегіума ў Вільні і 1 красавіка 1579 г. Стэфанам Баторыем быў выдадзены прывілей, згодна з якім езуіцкі калегіум мусіў пераўтварыцца ў акадэмію (Almae Academia et Universitas Vilnensis Societatis Jesu Alma academia et universitas Vilensis Societatis Jesu), прывілей зацвердзіў Папа рымскі. Езуіты прынеслі ў акадэмію традыцыю інтэлектуальных дыспутаў, аналізу літаратуры, тэатр, аптэкі і іншыя еўрапейскія завядзёнкі. Калі езуітаў забараніў Папа рымскі, іх акадэмію пераняла дзяржава і ў 1781 г. стварыла на базе акадэміі свецкую Галоўную вышэйшую школу. Сама назва была на модны тады мадэрновы французкі капыл. З назвы выкінулі «супольнасць Ісуса» і пачалі часцей ўжываць назву ўніверсітэт.

Калі расейскі імператар 4 красавіка 1803 г. надаў Віленскай галоўнай школе назву ўніверсітэт, ён толькі ўзаконіў існаваўшую практыку. Для любой практыкі важнейшым элементам існавання з’яўляецца самааднаўленне і актуалізацыя традыцыі. Цар знішчыў мясцовую традыцыю ВКЛ у 1831 г., калі ўніверсітэт быў закрыты.

GreatCourtyard.jpg
Вялікі двор Віленскага ўніверсітэта і касцёл Св. Янаў (1840-1850-я). Ілюстрацыя з Вікіпедыі

Уплыў езуітаў і заснаванне Полацкага езуіцкага калегіума

Віленскія, нямецкія і польскія езуіты прывезлі свае методыкі навучання, найсучаснейшыя тады, барочныя культурныя каноны на беларускія землі, і адсюль яны пайшлі далей. 28 жніўня 1579г. Стэфан Баторы паабяцаў «тут паблізу Індыі і Японіі ў народзе рускім полацкім заснаваць калегіум езуіцкі, якому пазайздросцяць іспанцы і партугальцы» і назаўтра ўзяў Полацк. 30 студзеня 1582 г. кароль фундуе (каб можна было аплачваць жыццё і працу выкладчыкаў і студэнтаў) стварэнне езуіцкага калегіума ў Полацку. Асновай фундуша стала перадача дзяржаўнай маёмасці, якой сталі пляцы забітых маскалямі палачан і маёмасць полацкага архіепіскапа, які з імі супрацоўнічаў. Полацкія езуіты ўзялі еўрапейскія ўзоры і пашырылі сваю практыку праз сваіх выпускнікоў дома і на іншыя землі.

У 1772 г. Полацкія езуіты патрапілі ў мяжу першага разбора і расійская імператрыца згуляла за іх кошт у еўрапеізацыю сваёй адукацыйнай сістэмы. Немцы, італьянцы, французы і іншыя езуіты, якія не пажадалі падначаліцца забароне папы і ціха знікнуць, прыязджалі ў Расейскую імперыю і станавіліся падуладнымі полацкай правінцыі і калегіума. Цары за гэта плацілі.

Калі 12 студзеня 1812 г. калегіум ператварацца ў акадэмію, ордэн пашырае сваю дзейнасць не толькі на Магілёў, Віцебск і іншыя беларускія землі, але на Пецярбург, Маскву, Самару, Астрахань, Дзвінск, Рыгу і Раманаў на Валыні. Але як толькі расейская «сталбавая» арыстакратыя пачала пераходзіць у каталіцызм, у 1820 г. акадэмію закрылі, выкладчыкаў разаслалі, кнігі раскралі і развезлі ў імперскія сталіцы.

Полацкія езуіты былі пачаткова ўстановай, куды маглі афіцыйна прымаць нават сялян. Таму М. К. Радзівіл Сіротка ў Нясвіжы ў 1586г. адкрыў езуіцкі калегіум для шляхты ВКЛ. Пазней да фінансавання далучаліся Я. К. Хадкевіч і іншыя каталіцкія магнаты. 20 траўня 1617 г. у Слуцку за грошы былога маршалка рокашу Януша Радзівіла была заснавана пратэстанцкая школа, брацкія школы і семінарыі стварылі праваслаўныя, уніяты і тыя, хто уніі не прызнаваў. Потым былі іншыя магнаты-мецэнаты, гарадзенская медыцынская і батанічная школа Жалібера і Форстэра...

Праблемы ў беларускай адукацыі

Аднак, як бы мы ні ставіліся да Расейскай імперыі, факт у тым, што пасля 1831 г. на землях Беларусі і вакол яе не засталося вышэйшай гуманітарнай адукацыі ды і тэхнічная кульгала. Земляробчы інстытут і медыцынскія вучылішчы тут не далі мысляроў. К. Каліноўскі і браты Луцкевічы вучыліся ў Піцеры. Гэта запаволіла развіцце нашай нацыі. Толькі пасля таго, як дзеячы БНР абвясцілі аб неабходнасці стварэння беларускага ўніверсітэта ў Мінску, 30 кастрычніка 1921 г. ужо саветы адчынілі БДУ. Ці адкрыўся б ён без іх? Хіба так.

Галоўны_корпус_БДУ._Від_з_боку_Дома_ўрада,_1930-я.jpg
Галоўны корпус БДУ. 1930-я гг. Фота з Вікіпедыі

Праз стагоддзі вынішчэння і аддзялення шляхты і мяшчанства ад большасці нашага народу склалася сітуацыя, што тыя, хто захавалі тутэйшую ідэнтынасць, простыя «мужыкі» сяляне да 1930-х — не ўмелі пісаць і чытаць. Яны адкрывалі свет і прыносілі яго дамоў, як дзеці са сшыткаў са школы. Саветы далі магчымасць вучыцца, запаўняць гэты «чысты аркуш». Але Сталін знішчыў першае пакаленне тых, хто навучыўся і паверыў ва ўласную моц. Тых, хто надта свяціў па цёмных кутах яго тыраніі. Навука — гэта пра агульныя законы, тыранам жа трэба, каб яны былі адзіным законам.

Так ці іначай, асноўная маса навучылася «розуму» ад больш «разумных» расіян на расейскай мове ў іх інтэлектуальных цэнтрах. Цэнтрах, дзе мэтай адукацыі значылася не «ўсебакова развітая асоба», а ў адпаведнасці з інструкцыяй 1709 г. «падначаленны... павінен мець выгляд ліхі і прыдуркаваты, каб разуменнем сваім не засмучаць начальства». Вучыліся і пераймалі культурныя рамкі, бо сваіх не было. На пазіцыі мясцовых выкладчыкаў, як і партыйных кіраўнікоў у БССР прызначалі з «цэнтра».

Выкладчыкі і палітрукі выбіралі ідэйна правільныя тэмы і кадры — таму ў Беларусі да часоў незалежнасці не было гуманітарных навук, а тое, што з’явілася ў 1990-х, дагэтуль кволае.

Пасля вайны дзякуючы Мазураву і Машэраву ў БССР адбылася індустрыялізацыя, і сетка тэхнічных ВНУ ўзнікла па ўсёй рэспубліцы. Педагагічны склад яе напаўняўся былымі студэнтамі расейскіх ВНУ. Для гэтага пакалення натуральна прызнаваць аўтарытэт іх маскоўскіх настаўнікаў.

Вышэйшая адукацыя заўсёды і ва ўсім свеце была прэстыжнай. Народу СССР казалі, што чыкагскі пламбір 1930-х, які пачалі прадаваць ім у 1960-я за 20 кап. — «лепшы ў свеце», а ўменне чытаць чужыя чарцяжы — гэта «лепшая ў свеце адукацыя». Яны верылі. У сітуацыі, калі «вучэнне Маркса правільнае, бо яно вернае», не ведаючы моваў і не маючы магчымасці паехаць за граніцу, з чым і як яны маглі параўноўваць? Калі няма іншых крыніц інфармацыі — пытанне пра рэальную якасць адукацыі для народа ўвогуле не стаяла. А як той дыплом за пару мяхоў бульбы ды кабанчыка дае дзіцёнку «рай» у горадзе, дык хто ж не дасць? Як рыбы на тхло кінуліся нашыя дзяды і бацькі атрымліваць «значок, што не дурачок». І як тыя ёршыкі ды судакі апынуліся на лёдзе. Бо не проста так лунка ўзнікае.

Адукацыя, якая робіць з «мужыкоў» «халуёў»

Беларуская сістэма адукацыі вялася і дагэтуль вядзецца на іншай мове. Яна робіць з «мужыкоў» «халуёў». Пытанне, чыя ўлада ў акадэміі, становіцца ключавым. Замест таго, каб браць веды з першакрыніц, у Беларусі пасля 2020 павыганялі «разумных» і інтэграваных са светам выкладчыкаў, ізноў карыстаюцца з перакладаў на расейскую. Ізноў інтэгруюць навучальныя праграмы.

slajd2.jpgПрацэсы падпісання ў 2023 годзе серыі пагадненняў аб супрацоўніцтве расійскіх устаноў культуры і адукацыі з беларускімі. Калаж сайта penbelarus. org

Міжнародная навука інтэрнацыянальная, і не ў Расеі яе цэнтр, як і не ў Вільні з Варшавай. Пасрэднік заўсёды забірае сабе працэнт у часе, магчымасці развіць тэхналогіі, пакуль іншыя чухаюць патыліцу, і прэстыж. У такім стане рэчаў, як зараз, каб мець «культурны кшталт», моладзь ізноў паедзе ў «метраполію» на варштат. І ізноў можа пайсці на дошкі для чужога дома.

Фразы чалавека з дзвюма «адукацыямі» пра тое, што без рускай культуры і адукацыі беларусы «дурныя» — сведчанне каланіяльнай сітуацыі і «траўмы дурня», у якой ён вырас. Таго лёду, на які яго выкінулі, як і іншых беларусаў, якія пераехалі ў савецкі імперскі горад.

Дык што ўрэшце святкаваць?

Пакаленні пасля 1990-х ужо не мелі таго досведу, нам можна было не кідацца ў чужую лунку, каб падыхаць паветрам ведаў. На нашай tabula rasa, пісалі ўжо беларускія выкладчыкі, і пачыналася яна з іншай старонкі. Так. Адукацыя езуітаў на часы Падзелаў была састарэлай, і таму Віленская вышэйшая школа і гарадзенскія школы сталі свецкімі і ўніверсітэтамі. Самі далі рады.

Традыцыя еўрапейскай універсітэцкай свабоды думкі прымусова перарвалася. Але яе сімвалы засталіся. За пару пакаленняў выцірання і падмены памяці аб іх забыліся. Савецкія беларусы пра іх не ведалі.

Нацыі ў канцы ХХ ст. пайшлі рознымі дарогамі, стварылі свае «залатыя часы» і кропкі адліку «даўніны», якую яны «адраджаюць». Новыя сэнсы прывязваюцца да старых сімвалаў, і кожнае пакаленне піша сваю гісторыю, абы не знасілі нам старыя будынкі, як тыя саветы саборы.

Як па мне, святкаваць лепей ці заснаванне ўласнага ўніверсітэта, ці, як ўжо ў Беларусі стала традыцыяй у 90-я, міжнародны дзень студэнта 17 лістапада. Ніяк не дзень памяці колішняй інтэлектуальнай метраполіі, якая ёй больш не з’яўляецца. Трэба кідаць ужо спробы даказваць, што «может собственных Платонов/Российская земля рождать», калі вас аб гэтым не пыталі і вы не Расея, a вучыць Gaudeamus igitur... і думаць. Сваёй галавой. Думаць ёсць пра што.

Ī, Budzma.org