Стадыя прыняцця — невядомасць

27.01.2025
Існуе некалькі стадый эміграцыі: эйфарыя, або турыстычная фаза, арыентацыйная, дэпрэсіўная і адаптыўная. Усё так, калі чалавек добраахвотна пераехаў у іншую краіну.

А калі не? 

Калі давялося ў спешцы збіраць сумку, браць за руку дзіця і бегчы за мяжу ад «крымінальнага пераследу» ў сваёй краіне, то ўсё атрымліваецца крыху інакш...

Zlatkouskaia-01.jpg

Першая стадыя — шок. І пачуццё віны 

Утульны нумар у гатэлі ў цэнтры Вільні. Сын адразу заваліўся на ложак з тэлефонам. У калідоры — цішыня, нібыта мы тут адны. За акном шэрасць, у якую глядзіш, намагаючыся асэнсаваць, як так адбылося, што тваё жыццё змянілася цалкам за некалькі гадзін?

Некалькі год таму, седзячы ўвечары з келіхам віна на сваёй кухні, я скардзілася сябру, што нават ніколі не была ў Вільні, вось такі я лох (не ведаю фемінітыва). Будзьце асцярожныя са сваімі жаданнямі, Бог усё чуе: як просіш, так і ўвасабляе ў рэальнасці.

Усё плыве перад вачыма, я быццам ператварылася ў рыбку, якая ўпершыню трапіла ў мора і не ведае, куды ёй плысці. Я яшчэ ўдыхаю пахі сваёй кватэры, яшчэ чую гул транспарту за акном ды бой барабанаў сувораўцаў, але мяне там ужо няма... Я тут, у старым горадзе, які хаваецца ад кавіду і не ведае, што сёння ў ім новая жыхарка.

Шок. І пачуццё віны. Збегла, збегла, збегла. Пабаялася даведацца, наколькі ўсё страшна і дрэнна. А калі б пранесла? Вярніце мяне, калі ласка, дадому. Там мае людзі, якія яшчэ вераць, што атрымаецца дыхаць паветрам перамен. Калі ты не з імі, усё, баста, прабач і бывай, Вільні прывет.

Так нараджаецца адзінота, але ж сустракаеш такіх жа разгубленых людзей, і ўсе ў адзін голас: «Хачу дадому», і нават: «Лепш турма, чым жыццё ў чужым краі».

Ганна Златкоўская ў Вільні
Ганна Златкоўская

Мы п’ём віно і не шкадуем адно аднаго, таму што быццам бы баліць аднолькава, але кожны лічыць, што яго боль наймацнейшы.

Другая стадыя — шалёны турызм

«Пажывеш там пару тыдняў, ну, можа, месяц або два-тры, і вернешся. А пакуль — жыві!»

Тэлефонныя размовы з сябрамі і роднымі заўсёды канчаліся гэтым мілым маніфестам. Ну, жыць так жыць!

Самападман, які робіцца тваім выратавальным кругам. Але, калі Бог вырашыў здзейсніць мае жаданні такім іранічным чынам, трэба падтрымаць гэты боскі штурхель, прабачце за такую фамільярнасць.

Тыповасць маршрутаў зачароўвае. Блукаць ад Вострай Брамы праз вуліцу Pilies, ад Кафедральнай уздоўж ракі, не разумеючы яшчэ, дзе я і як адсюль вярнуцца ў здымную кватэру ў самым трывожным раёне горада. Усё падабаецца, і там-сям я бачу трошкі Мінска. Магчыма, гэта падман майго розуму, я бачу тое, чаго няма, мы з родным домам прывіды, якія валодаюць звышздольнасцямі — жыць у некалькіх вымярэннях.

Чаму тут так мала паліцыі?

Аднойчы я бачыла, як двое паліцэйскіх прасілі выйсці з тралейбуса нейкага бруднага дзядзьку, ветліва так прасілі... І я заплюшчыла вочы, таму што бачыла там, у маім вымярэнні, зусім іншае. Ад гэтых кадраў мне потым яшчэ бегчы ў снах, ратуючыся ад пераследу чорных крумкачоў з дручкамі на поясе.

Чаму ніхто не крадзе баскетбольны мячык у двары? І ёсць сеткі на колах баскетбольных шчытоў? Чаму мой любімы сыр камамбер каштуе так танна?

Чаму мне кожны месяц плацяць грошы на сына, а ў школе не збіраюць грошы на новыя шпалеры?

Я параўноўваю Беларусь і Літву дробязямі, але менавіта так і трэба, знаходзіць тут тое лепшае, чаго няма там, бо інакш застанецца толькі працяжны вой маўклівай рыбы, якая, як сапраўдны беларус, намагаецца прыстасавацца.

І як бы цяжка не было гэта прызнаваць — адчуваю сябе свабоднай.

Ганна Златкоўская на прагулцы вуліцамі Вільні

Трэцяя стадыя — застаёмся тут

Дом там, дзе ты. Заспакойлівая мантра, якую прамаўляеш кожны дзень, разумеючы, што шляху назад няма. Пераязджаеш у кватэру паболей у лепшым раёне, атрымліваеш від на жыхарства, рэгіструешся ў паліклініцы, сын вучыцца ў гімназіі, а муж знайшоў працу. Мы зноў збіраем дома (дома?) сяброў, толькі гэта новыя сябры, такія ж вымушаныя мігранты, якія яшчэ пазаўчора пілі каву на сваёй кухні і планавалі звычайнае жыццё ў сваёй краіне. А тут хоба — «лаба дзена», «віскас герэй».

Я ведаю ўжо некаторыя маршруты гарадскога транспарту, і мне падаецца, гэта і ёсць маркер таго, што горад трошкі стаў сваім. І быццам як у пацвярджэнне гэтай думкі адразу некалькі людзей за тыдзень запыталіся, як даехаць да чыгункі альбо да ўжупіскага анёла. Дзіўна.

Ганна Златкоўская ў ПаланзеГанна Златкоўская ў Паланзе

Мы вандруем па Еўропе, кожны раз радуючыся, як дзеці, што нам не патрэбна віза, што квіткі на самалёт такія танныя... Нібыта лёс зрабіў нам шыкоўны падарунак — даведацца, што жыццё бывае нармальнае, у якім людзі насалоджваюцца кожным днём без калючай рэфлексіі, што трэба нешта мяняць, каб больш не было фальшы і гвалту.

І толькі адно пытанне гучыць год за годам...

— Калі Беларусь стане свабоднай, ты вернешся?

Стадыя пятая — невядомасць

Есць такія асобы, у якіх на ўсё ёсць тлумачэнне. Іх пачуцці не градыентныя, а выразна акрэсленыя і маюць тоўстыя межы. Яны ведаюць, як правільна рабіць, і не заплываюць у сваіх думках у цёмныя воды сумневаў і нерашучасці.

Я ім зайздрошчу.

Бо іх план будучыні ўжо спланаваны. «Вернемся ў Беларусь абавязкова, калі краіна стане бяспечнай» або «Не, свет вялікі, толькі наперад: Мадэйра, Варшава, Парыж і Мадрыд. Радзіма, выбачай». Гэтыя людзі рэалізуюць свае мэты, ладзяць бізнес, крытычна ставяцца да наваколля, нават еўрапейскага, бо ім важна бачыць усе плюсы і мінусы, каб зрабіць так, як ім карысней. Сумленна, згодны?

У мяне ўсё інакш. 

Я па-ранейшаму адчуваю сябе няўпэўненай рыбкай, якая хай і даведалася, якое яно, вялікае, калісьці незнаёмае мора, але ж усё роўна не ведае свайго шляху. Ну плысці і плысці некуды, адчуваючы толькі хвілінку, потым яшчэ адну, і кожная з іх напоўнена яскравай палітрай эмоцый. Нават тады, калі мне сумна. А гэта здараецца часта.

Баліць і аб тым, што я страціла (мама, сяброўкі, нашы размовы, лецішча, мая любімая кватэра і шмат чаго яшчэ). Баліць і па людзях, якія пакутуюць. Чамусьці падаецца, што бегчы наперад — значыць забыцца назаўсёды пра іх, каб не параніцца кожны раз аб гэты боль і жах...

Ведаю, тупа гучыць.

Мая душэўная праграма, на жаль, з багам.

Дык што застаецца?

Банальнасці і каштоўнасці. Каштоўнасці і банальнасці. Нічога такога, каб гэтым ганарыцца або, не дай Божа, адчуваць сябе святошай. Звычайная, звычайная дурніца з беларускім вайбам.

Размаўляць інфінітывамі з літоўцамі. Гатаваць вячэру для маёй сям’і. Шукаць працу. Марыць паляцець на мора з бірузовым колерам, цёплае і прыгожае. Блукаць па цэнтры Вільні і ўспамінаць, як я хадзіла гэтымі вуліцамі чатыры гады таму, без арыенціру, і гэта было насамрэч самае цікавае.

Аказваецца, у гэтым і сэнс. Не ведаць, не планаваць, губляцца і знаходзіць неабходны шлях, але ўвогуле кожны крок, зроблены за мяжой, — гэта крок да сябе. Знешняя разгубленасць — падман. Самы вялікі інсайт зараз робіцца ўнутры.

І гэта стадыя не мае межаў, не мае кропкі...

Усё толькі пачынаецца

Ганна Златкоўская, Budzma. org
Фота з Фэйсбука Ганны Златкоўскай