«Гульня ў «народнага прэзідзента» завяршылася». Лявон Вольскі пра вынікі выбараў у Беларусі

Лявон Вольскі піша пра сімвалы прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, пачынаючы ад 1994-га да 2020-га, і пра сімвал сёлетніх выбараў — няцяжка здагадацца, які, а таксама разважае пра сітуацыю, якая канчаткова сфармавалася пасля гэтых выбараў і якую трапна акрэсліў у сваім вершы Альгерд Бахарэвіч — «вось яны, а вось мы».

У кожных беларускіх выбараў — свой сымбаль.

Liavon Voĺski
Лявон Вольскі

1994-2020. Сымбалі выбараў

Падчас першае кампаніі, у 1994-м, будучы прэзыдэнт у сваім звароце да народу сказаў: «Выпівайце свае 150 гарэлкі, закусвайце каўбасой і ідзіце галасаваць. За мяне». Вось гэтыя 150 у гранёнай шклянцы у камплекце з кавалкам каўбасы і засталіся дагэтуль для мяне сымбалем тых выбараў.

Выбары 2001-га ў мяне трывала асацыююцца з тэрактам у Нью-Ёрку. Вежы-блізьнюкі абрынуліся праз два дні пасьля завяршэньня беларускага галасаваньня, і на айчыннае расчараваньне наклаўся шок ад амэрыканскага жаху.

Выбары-2006 асацыююцца з намётавым мястэчкам на Плошчы.

Выбары-2010 — для мяне гэта вечар рэпрэсіяў у Менску. Калі ў якім Зялёным Лузе (вельмі далёка ад асноўнага мейсца пратэстаў) проста на вуліцы хапалі людзей (выконвалі плян?) і везьлі ў пастарунак, каб потым аформіць на суткі.

У 2015-м электаральная кампанія прайшла на тле вайны ва Ўкраіне, Данбасу, «мінскіх дамоваў», зьняцьця санкцыяў і беларускага лідэра-міратворца.

2020-ты асацыюецца ў мяне з трыма грацыямі і іхным пераможным шэсьцем па беларускіх гарадах.

2025. Белы шпіц і канец вялікай гульні

Maliunak Liavona Voĺskaha
Малюнак Лявона Вольскага

А цяперашнія, апошнія, найсьвяжэйшыя выбары — які іхны сымбаль? Я ведаю. Гэта хатні ўлюбёнец гаспадара дзяржавы — белы шпіц. Які забягае за сваім гаспадаром на ўчастак для галасаваньня #1, падымае заднюю лапку і адзначае сваю прысутнасьць у мейсцы народнага волевыяўленьня.

На гэтым шпіцавым учынку канчаткова завяршылася вялікая гульня.

Гульня ў «народнага прэзідзента». Які «плоць ад плоці і кроў ад крыві». Які «ад сахі». Якому так блізкія народныя праблемы.

Гульня скончылася. Бо як ты будзеш гуляцца ў «народнага прэзідзента», калі ў цябе «Майбах» у гаражы? Калі твой гадзіньнік каштуе не адзін дзясятак тысячаў эўра? Вунь быў уругвайскі сапраўдны народны лідэр, дык той усё жыцьцё праезьдзіў на адным аўто — немаладым «Фальксвагене Жуку». А тут жа ж так не атрымалася.

«Вось яны, а вось мы»

Пасьля гэтых выбараў канчаткова сфармавалася сытуацыя, якую дакладна і трапна апісаў у сваім вядомым вершы Альгерд Бахарэвіч — «вось яны, а вось мы».

Вось «яны» — намэнклятурная арыстакратыя — са сваімі выканкамамі, ваенкаматамі, кантрольнымі ворганамі, рэвізійнымі камісіямі, руусамі-амонамі, выбаркамам, паседжаньнямі і днямі народнага адзінства.

А вось — «мы». «Нас» можна звольніць з працы ў любы момант, і ніякі прафсаюз не абароніць, бо прафсаюз — гэта «яны» — дзяржаўная структура, там працуюць такія самыя намэнклятурныя арыстакраты, як і загадчык, які падпісвае паперу на звальненьне, таму ў «нас» няма шанцаў на справядлівасьць.

«Яны» паназацьвярджалі новыя законы, паводле якіх «нас» можна пасадзіць за лайк, за лінк, за неасьцярожнае слова. А паколькі «ім» часам «не да законаў», дык і зьняволіць «нас» пры жаданьні (ці праз выпадковы зьбег абставінаў) можна проста так, без дайпрычыны. За гэта «ім» ня толькі нічога ня будзе, а можна нават атрымаць падвышэньне па службе.

«Яны» пагардліва называць нас «зьбеглыя», «народзец», «працестуны», «змагары». «Нам» не дазволена ў адказ называць «іх» нэгатыўнымі словамі — за гэта можна атрымаць артыкул.

«Нам» нельга заходзіць у якую-кольвек дзяржаўную ўстанову з сабакам, а «іхні» хатні ўлюбёнец упэўнена падымае заднюю лапу на выбарчым участку.

І празь пяць гадоў, калі нічога ня зьменіцца, дык гаспадар хатняга ўлюбёнца можа паўтарыць ягоны подзьвіг на мейсцы ўсенароднага волевыяўленьня. Каб прадэманстраваць ступень пагарды «іх» — сапраўдных арыстакратаў да «нас» — сьмердаў, пэйзанаў, працестуноў, зьбеглых, змагароў, народца, біямасы...

Калі нічога ня зьменіцца.

Лявон Вольскі, Budzma.org